Колькасць удзельнікаў сямейнай пілігрымкі ў Будслаў сёлета павялічылася ў паўтара разы |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
06.07.2016 16:25 |
У першай сямейнай пілігрымцы да Маці Божай Будслаўскай, якая была арганізавана ў 2015 годзе сямейным рухам «Equipes Notre-Dame», прынялі ўдзел 140 чалавек, у гэтым жа годзе колькасць павялічылася ў паўтара разы і склала 207 чалавек.
Гэта звязана не толькі з «папаўненнем» у тых сем’ях, якія ішлі ў мінулым годзе, але і з далучэннем новых сем’яў.
Дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, вітаючы пілігрымку падчас адпачынку, звярнуўся да сем’яў, жадаючы ім, каб пілігрымка мела працяг у будучыні: «Хоць ваша пілігрымка толькі другая па ліку, але я маю надзею, што яна будзе працягваць сваё існаванне. Няхай і вашыя дзеці таксама захочуць быць працягам гэтай прыгожай традыцыі». Падчас адпачынку, які адбываўся на палове шляху з вёскі Пузыры, адкуль вырушылі пілігрымы, святкавалася 10-годдзе сужэнскага жыцця адной з пар пілігрымаў. Віншуючы, удзельнікі праспявалі беларускі народны спеў «Гуляць дык гуляць». У гэтым годзе самаму малодшаму пілігрыму — Еве — усяго 35 дзён.
Магчыма, у наступныя гады пілігрымка сем’яў будзе лідарам па колькасці ўдзельнікаў, апярэдзіўшы нават самую шматлікую капуцынскую пілігрымку Маладзечна-Будслаў, якая сёлета налічыла 349 удзельнікаў.
«У нашых сем’ях Бог жыве!» — вось пра што найперш хацелі сведчыць арганізатары, якія запрашаюць да ўдзелу ў іншых ініцыятывах свайго руху. Падрабязней пра іх можна больш даведацца на афіцыйнай старонцы «Equipes Notre-Dame». Аксана Ючкавіч Фота Людмілы Пясецкай |
Фотарэпартаж |