Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Я хацеў бы вярнуцца ізноў»: пілігрым з Чэхіі пра шлях у Будслаў
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.07.2016 16:10

Пілігрымка Мінск-Будслаў у гэтым годзе была не толькі самай «маладой», але і інтэрнацыянальнай. Са сталіцы да Маці Божай крочылі пілігрымы з Расіі, Украіны, Чэхіі і Злучаных Штатаў Амерыкі. Пра свае ўражанні ад беларускай пілігрымкі, а таксама пра жыццё каталіцкай моладзі ў Чэхіі распавёў Ян Дойч.

Хлопец жыве ў Празе і вучыцца на факультэце філасофіі. Веру яму перадалі бацькі-католікі. Сам жа Ян, па яго словах, актыўна ўдзельнічае ў розных моладзевых каталіцкіх мерапрыемствах.

— Цікава, наколькі актыўнае каталіцкае жыццё моладзі ў Чэхіі?

— Каталіцкае жыццё ў Чэхіі вельмі актыўнае. Але гэта найперш залежыць ад рэгіёна. Асаблівая актыўнасць у Маравіі. Гэта частка Чэхіі, дзе вельмі шмат католікаў. Вельмі папулярнымі з’яўляюцца сустрэчы Тэзэ.

А перад Вялікаднем і Божым Нараджэннем арганізоўваюцца спецыяльныя суполкі для дзяўчат і для хлопцаў. Праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы. Для гэтага ёсць спецыяльныя лагеры і кампусы.

Таксама ёсць летнікі, дзе моладзь збіраецца разам. Акрамя гэтага, у Чэхіі вялікай папулярнасцю карыстаецца скаўцкі рух. Асабіста я рыхтую малітоўныя сустрэчы Тэзэ. Таксама наведваю летнія лагеры і спартыўныя мерапрыемствы.

— Ян, а чаму ты вырашыў прыехаць у Беларусь і пайсці ў пілігрымку ў Будслаў?

— Калі я быў на Тэзэ, я сустрэў некалькі людзей з Беларусі. Яны распавялі мне пра пілігрымку і запрасілі ў Мінск.

— А ў Чэхіі падобныя пілігрымкі праводзяцца?

— Праводзяцца, але яны не такія доўгія. Звычайна адзін або два дні. У Чэхіі не так шмат хрысціян. Даволі многа атэістаў. Таму і пілігрымкі не доўгія. Але я ні разу не хадзіў у такія пілігрымкі.

— Якія ў цябе ўражанні ад гэтай пілігрымкі ў Будслаў?

— У мяне ніколі не было такога вопыту пілігрымкі. Першае і самае прыемнае ўражанне — гэта людзі, якія сустракаліся на нашым шляху, што дзяліліся з намі ежай, маліліся за нас — давалі нам сілы, каб мы ішлі далей.

Таксама прыемна ўразіла тое, што мы ішлі ўсе разам і падтрымлівалі адзін аднаго, а не кожны паасобку.

Я таксама заўважыў, што тут людзі ўсе адкрытыя. Мяне, напрыклад, адразу прынялі як свайго.

— Якія моманты пілігрымкі найбольш запомніліся?

— Вельмі моцным момантам быў час, калі мы былі на Гары прабачэння, а таксама, калі падыходзілі да Будслава, убачылі касцёл здалёк і сталі на калені. Гэта мяне вельмі ўзрушыла.

І той момант, калі мы зайшлі ў касцёл, а потым на каленях падыходзілі да алтара — усё гэта выклікае мегаэмоцыі. Да ўсяго, мне вельмі спадабалася сама архітэктура санктуарыя.

Я хацеў бы вярнуцца, магчыма, у наступным годзе, калі атрымаецца. Хачу знайсці пілігрымку ў Беларусі, якая працягваецца больш дзён. Таксама планую даведацца больш пра падобныя пілігрымкі ў сваёй краіне.

Размаўляла Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.