Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вернікі з усёй Беларусі запрашаюцца ў ХХІІІ пешую пілігрымку Баранавічы-Будслаў (+відэа, малітва пілігрыма) абноўлена
Анонсы
16.06.2016 12:18

23 чэрвеня вырушыць 9-дзённая пешая пілігрымка Баранавічы-Будслаў. Пілігрымка, прымеркаваная да Юбілейнага Года Божай Міласэрнасці, будзе ўключаць шмат прыемных сюрпрызаў для ўдзельнікаў.

Фота: Данііл Ліцкевіч

Распачнецца пілігрымка святой Імшой у 7.00 у касцёле Маці Божай Фацімскай у Баранавічах, якую ўзначаліць біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Для тых, хто па нейкіх прычынах не зможа прыняць удзел у пілігрымцы, ёсць магчымасць духоўнай пілігрымкі. Для гэтага патрэбна на працягу 9 дзён пілігрымкі выконваць абавязкі духоўнага пілігрыма.

Абавязкі духоўнага пілігрыма:

  • штодзённая малітва: Вяночак да Божай Міласэрнасці; літанія да Маці Божай, малітва пілігрыма (змешчана ніжэй)
  • пост у пятніцу
  • удзел у Св. Імшы
  • добрыя ўчынкі для душы або цела бліжняга

МАЛІТВА ПІЛІГРЫМА ДА МАЦІ БОЖАЙ БУДСЛАЎСКАЙ

Маці Божая Будслаўская! Панна праслаўлёная! Да падножжа Твайго алтара, да месца, якое абрала Ты, каб з’явіцца людзям Беларускай зямлі, наш пралягае шлях. Увесь цяжар пілігрымкі мы ахвяруем Твайму Сыну на знак вялікай удзячнасці за збаўленне роду людскога з моцы смерці.

Кожны крок наш у гэтыя дні — на хвалу Яго, падзяка Яму, адданасць Яму. Кожны стук сэрцаў — падзяка Табе за тое, што нам дала Сына Збавіцеля. Кожны ўздых грудзей — падзяка за шчасце жыць на гэтай зямлі. Усе нягоды нашай збалелай Бацькаўшчыны, увесь Яе боль і векавечны смутак мы нясём сёння да Твайго алтара і аднаго просім у Твайго Сына — літасці. Няхай замест цемры над Ёй запануе святло, замест злосці прыйдзе ў край наш дабро, замест паняверкі — праўдзівая вера асвеціць душы людзей.

Маці Міласэрная! Прытулак грэшных! Ратуй нас з цемры бязвер’я, дапамажы адшукаць на заблытаных сцежках адзіны верны шлях да Твайго Сына. Навучы нас ніколі больш не здраджваць Яму ў жыцці часовым, каб заслужыць жыццё і радасць вечную. Амэн.

Падчас гэтага духоўнага падарожжа да Маці Божай Будслаўскай пілігрымаў чакаюць прыемныя сюрпрызы. Першым з такіх сюрпрызаў з'яўляецца відэазапрашэнне, якое зняла баранавіцкая моладзь. Рэжысёр роліка — Раман Рыбак. 

Усе жадаючыя могуць адпраўляць свае інтэнцыі праз суполку пілігрымкі ў сацсетцы Укантакце.У гэтых інтэнцыях пілігрымы будуць маліцца падчас 9-дзённага шляху да Маці Божай Будслаўскай.

Для ўдзельнікаў пілігрымкі прадугледжаны гарачае харчаванне і неабходная медыцынская дапамога.

Запіс у пілігрымку абавязковы і трывае да 10 чэрвеня.

Па ўсіх пытаннях звяртацца па тэлефонах:

+375 29 523 51 53 кс. Павел Ярашэвіч

+375 29 709 00 93 кс. Павел Рудзьман

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.