«Толькі Бог сапраўды можа супакоіць сэрца чалавека», — падкрэсліў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у пасланні на ХХХІ Мітынг любові народаў, які распачаўся 22 жніўня 2010 г. у Рыміні (Італія). Папа заклікаў удзельнікаў гэтага мерапрыемства сведчыць у сучасным свеце аб тым, што вялікія рэчы, якіх прагне сэрца чалавека, можна знайсці толькі ў Богу.
«Кожны чалавек адчувае, што толькі рэалізуючы найглыбейшыя прагненні сэрца, ён можа сапраўды рэалізаваць, выканаць і адкрыць тое, кім ён з’яўляецца. Аднак існуе небяспека засяроджання на малых рэчах, якія даюць толькі хвіліннае задавальненне і каштуюць няшмат», — піша ў пасланні Пантыфік, падкрэсліваючы, што матэрыяльныя рэчы не ў стане заспакоіць сапраўдныя запатрабаванні чалавека.
«Гэта небяспечная хлусня, нібыта для шчасця чалавеку хапае толькі хлеба», — падкрэсліў Папа, прыводзячы словы Езуса Хрыста: «Не хлебам адзіным жывы чалавек».
Мітынг арганізаваны рухам «Comunione e Liberazione» і аб’ядноўвае прадстаўнікоў рэлігійнай, грамадскай і палітычнай сфераў не толькі з Італіі, але і з іншых краін. Дэвізам сустрэчы сталі словы: «Тым, што штурхае нас да прагнення вялікіх рэчаў, з’яўляецца сэрца».
Сустрэча з’яўляецца вялікай падзеяй для Італіі. У межах мерапрыемства запланаваны фільмы, выстаўкі, канцэрты і спектаклі. Сёлета сярод знакамітых замежных гасцей мітынгу прысутнічае Прэзідэнт Ірландыі Мэры Макаліс.
|