Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«L’Osservatore Romano» аб фільме «Пяць год папы Бэнэдыкта XVI»
Святы Айцец
10.09.2010 13:17
У чарговым нумары штотыднёвіка Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano» аналізуецца фільм Міхеля Мандліка «Пяць год папы Бэнэдыкта XVI. Уражанні з Рыма і падарожжаў», выпушчаны тэлебачаннем Баварыі і нядаўна прадстаўлены Святому Айцу. На думку аўтараў ватыканскага выдання, кінастужка не ўяўляе сабою нічога новага: як адзначаецца, «мы часта бачым Папу па тэлебачанні і, здаецца, усе бачылі яго адразу пасля абрання, падчас падарожжаў, цэлебрацый і канцэртаў».
 
Разам з тым, па словах журналістаў, сцэны фільма досыць старанна падабраны, дзякуючы чаму стужка «дазваляе нам зразумець штосьці большае аб нашым Папу і яго глыбокім перажыванні ролі кіраўніка Касцёла». Гэтае перажыванне, як дадаецца, з’яўляецца «выключным і асабістым» і выяўляецца «ў жэстах, у твары Бэнэдыкта XVI, з самага пачатку, калі мы бачым нясмеласць і высілак стаяння пад рэфлектарамі, а таксама глыбокую стрыманасць мысліцеля, вымушанага стаць публічнай іконай».

Аўтары выдання заўважаюць, што «гэтая стрыманасць не схаваная, а відавочная і менавіта таму незвычайна сімпатычная, як усе слабасці, уласцівыя людзям». Разам з тым «Бэнэдыкт XVI перамагае яе дзякуючы вялікай любові да Касцёла» і такім чынам становіцца здольным «з такой любоўю аддаць сябе натоўпам». 

Пасля прагляду фільма, працягваюць аўтары, становіцца зразумелым, што не дастаткова толькі ўважліва слухаць Святога Айца — важна таксама «ўглядацца ў яго твар і яго рукі», а найперш — «прыняць хрысціянскую любоў і радасць, якія сыходзяць з гэтага нямецкага прафесара, які так хутка і добра навучыўся быць Папам».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.