Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа маліўся за мігрантаў і бежанцаў
Святы Айцец
17.01.2011 16:13

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў памятаць аб хрысціянах, вымушаных пакідаць свае землі. Пантыфік нагадаў, што ў гэтую нядзелю (16 студзеня) адзначаецца Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, што заахвочвае да разважання над цярпеннямі многіх людзей і сем’яў, якія шукаюць лепшых умоў жыцця.


«Дарагія браты і сёстры! У гэтую нядзелю адзначаецца Сусветны дзень мігрантаў і бежанцаў, які кожны год заклікае нас да разважання аб цярпенні многіх людзей і сем’яў, што пакідаюць сваю краіну ў пошуках лепшых умоў жыцця, — цытуе словы Папы беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Гэта міграцыя часам добраахвотная, часам, на жаль, змушаная войнамі і пераследамі і часта адбываецца, як вядома, у драматычных абставінах. Такім чынам, больш за 60 гадоў таму была ўтворана пасада Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Ва ўрачыстасць Святой Сям’і мы ўзгадвалі, што бацькі Езуса таксама былі вымушаны ўцякаць са сваёй зямлі ў Егіпет, каб выратаваць жыццё свайго дзіцяці: Месія, Сын Божы, стаў бежанцам. Касцёл заўсёды перажывае ў сваім улонні вопыт міграцыі. Часам, на жаль, хрысціяне вымушаны ў пакутах адмовіцца ад сваіх земляў, тым самым робячы больш беднымі свае краіны, дзе жылі іх продкі. З іншага боку, добраахвотнае перамяшчэнне хрысціян па розных прычынах з аднаго горада ў другі, з аднаго кантынента на другі, з’яўляюцца магчымасцю ўмацавання місіянерскага дынамізму Божага слова. А гэта значыць, што сведчанне веры ў большай ступені развіваецца ў Містычным Целе Хрыста, перасякаючы народы і культуры, здабываючы новыя межы і новыя асяроддзі».

«„Толькі адна чалавечая сям’я“ — гэта тэма паслання, напісанага мной на гэты дзень. Яна дэманструе мэту вялікага падарожжа чалавецтва на працягу стагоддзяў: стварэнне адной сям’і, вядома, з усімі адрозненнямі, якія ўзбагачаюць яе, але без якіх-небудзь перашкод, прызнаючы ў сабе братоў. Так кажа Другі Ватыканскі Сабор: „Усе народы ўтвараюць адну супольнасць, маюць адно паходжанне, таму што Бог рассяліў увесь чалавечы род па ўсім зямным абшары“», — адзначыў Папа.

У малітве «Анёл Панскі» апецы Найсвяцейшай Панны былі даручаны мігранты і тыя, хто апякуецца імі. «Няхай Марыя, Маці Касцёла, садзейнічае нашаму шляху да поўнага адзінства ўсіх вучняў Хрыста», — адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве ў інтэнцыі насельніцтва Аўстраліі, Бразіліі, Філіпін і Шры-Ланкі, якія ў апошні час пацярпелі ад разбуральных паводак. «Няхай Пан прыме душы памерлых, няхай дасць сілы бежанцам і дапамагае тым, якія спяшаюцца палегчыць цярпенні і няшчасці», — пажадаў Бэнэдыкт XVI.

 


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.