У Вялікую пятніцу, 22 красавіка 2011 г., папа Бэнэдыкт XVI адказаў на пытанні вернікаў у тэлепраграме «На свой вобраз» на італьянскім канале «Rai Uno». Многія з пытанняў датычылі разумення праўды ўваскрасення Хрыста, іншыя ж — трагедый, звязаных з прыроднымі катаклізмамі і ваеннымі канфліктамі.
Прапануем вашай увазе некаторыя з іх.
Адно з першых пытанняў задала сямігадовая японка Элена. Яна казала пра свой страх, выкліканы землятрусам і смерцю многіх яе аднагодкаў. «Чаму я павінна перажываць гэты страх? Чаму дзеці павінны так шмат цярпець?» — запытала дзяўчынка Святога Айца.
«Дарагая Элена, вітаю цябе ад усяго сярца, — звярнуўся да дзяўчынкі Пантыфік. — У мяне таксама ўзнікаюць тыя ж самыя пытанні: чаму так ёсць? Чаму вы павінны так шмат цярпець у той час, калі многія жывуць у камфорце? І пакуль няма адказаў, але мы ведаем, што Езус як і вы, цярпеў бязвінна, і што сапраўдны Бог, якім з’ўляецца Хрыстус, стаіць на вашым баку. Мне здаецца, нават калі мы не маем адказаў, калі туга застаецца, вельмі важна памятаць, што Бог побач, і будзьце ўпэўнены — вам гэта дапаможа. Аднойчы мы зможам зразумець, што гэта было менавіта так. У такія моманты, думаю, важна ведаць, што „Бог мяне любіць“, нават калі здаецца, што не ведае мяне (…). І вы павінны быць упэўнены, што ў свеце ёсць шмат людзей, салідарных з вамі, якія думаюць пра вас і робяць усё, што ў іх сілах. І аднойчы вы зразумееце, што гэтыя цярпенні не былі дарэмнымі, а за імі стаіць добры провід (…). Ведай, што мы з табой і з усімі японскімі дзецьмі, якія пакутуюць. Мы хочам дапамагчы малітвай, нашымі ўчынкамі. Верце, што Бог дапаможа вам. У гэтай інтэнцыі мы молімся разам, каб для вас яшчэ ярчэй заззяла святло».
Да Пантыфіка з пытаннем звярнулася маці, сын якой з 2009 г. знаходзіцца ў вегетатыўным стане. Італьянка Марыя Тэрэза запытала Святога Айца, ці душа яе сына ўжо пакінула цела, ці і надалей знаходзіцца ў ім. На гэта Пантыфік адказаў, што «душа, як і раней, прабывае ў целе». Святы Айцец параўнаў гэтую сітуацыю з ненастроенай гітарай. «Той інструмент — кволае ўразлівае цела, душа якога не можа граць, але прабывае ў ім як і раней, — адзначыў Папа. — Я таксама ўпэўнены, што нябачная душа адчувае ў глыбіні вашую любоў, нават калі не разумее дэталяў, слоў і ўсяго астатняга, але адчувае прысутнасць любові», — адказаў Папа. Таму, па словах Пантыфіка, так важна, каб бацькі і надалей адорвалі сваё дзіця цяплом і любоўю. «Я заклікаю вас працягваць рабіць гэта, ведаючы, што чыніце вялікую справу чалавецтву сваім сведчаннем веры, увасабленнем павагі да жыцця, з любоўю да кволага цела і пакутуючай душы».
Папа адказаў таксама на пытанне мусульманкі з Кот-д’ІВуара, дзе на працягу многіх гадоў працягваецца вайна. Жанчына распавяла пра тое, што раней у яе краіне хрысціяне і мусульмане жылі ў гармоніі. Члены многіх сем’яў паходзяць з розных этнічных груп, але з-за гэтага ніколі не ўзнікалі канфлікты. Па словах Бінту, «цяпер усё змянілася: гэты крызіс, у якім мы жывём і якія выкліканы палітычнай сітуацыяй, сее падзелы». «Як пасланік Хрыста, што вы раіце нашай краіне?» — запытала Святога Айца мусульманка. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што бачыць сум і глыбіню пакутаў гэтай краіны і перажывае, што так мала можа зрабіць для яе жыхароў. «Але мы можам зрабіць адну справу: заўсёды быць з вамі ў малітве, і на колькі магчыма дапамагаць у справах міласэрнасці, у палітычных і міжасобасных зносінах».
Папа нагадаў, што накіраваў у Кот-д’ІВуар кардынала Тарксана, каб быў там пасрэднікам, размаўляў з рознымі групамі людзей, каб заахвочваў іх распачаць новае жыццё. «Насілле ніколі не было ад Бога і ніколі не дапаможа здабыць дабро. Гэта разбуральны спосаб, які ніколі не дапаможа пераадолець праблемы. Папа заклікаў усіх жыхароў гэтай краіны адмовіцца ад гвалту і шукаць мірныя шляхі вырашэння пытанняў, каб распачаць дыялог і паспрабаваць дасягнуць міру з новым поглядам адно на аднаго. «Мы моліся за вас, каб усе члены вашага грамадства слухалі голас Хрыста. І так вернецца мір і узаемаразуменне», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.