Апублікаваны дакумент, прысвечаны барацьбе з сексуальнымі злачынствамі ў Касцёле |
Святы Айцец |
16.05.2011 16:26 |
16 мая 2011 г. у Ватыкане быў апублікаваны ліст Кангрэгацыі Веравучэння да епіскапатаў аб дзейнасці ў выпадках выкрыцця злачынстваў, звязаных з сeксуальным выкарыстаннем непаўналетніх духоўнымі асобамі. Разам з гэтым дакуметам епіскапатам былі разасланы суправаджальныя лісты. Іх мэта заключаецца ў тым, каб заахвоціць мясцовыя епіскапаты і настаяцеляў ордэнаў да распрацоўкі дырэктыў для дзейнасці ў падобных выпадках з улікам асаблівасцяў сітуацый у розных рэгіёнах. Папраўкі, як паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, павінны быць распрацаваны і накіраваны ў Апостальскую Сталіцу да канца мая 2012 г. Дакумент складаецца з трох раздзелаў: «Агульныя аспекты», «Кароткае апісанне абавязковага кананічнага заканадаўства, якое датычыць злачынстваў сeксуальнага выкарыстання непаўналетніх духоўнымі асобамі», і «Указанні для ардынарыяў адносна дзеянняў». Па словах Прэс-сакратара Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі SI, дакумент абавязвае біскупаў забяспечыць належны клопат аб ахвярах насілля, захоўваць іх гонар і рэпутацыю, дзейнічаць згодна з грамадзянскімі законамі (г.зн. своечасова паінфармаваць прадстаўнікоў улады аб злачынстве). Павінен таксама гарантаваць падазронаму магчымасць атрымліваць усю інфармацыю, якая датычыць яго справы, а таксама не дапускаць вінаватых духоўных асоб да публічнага служэння, каб не падвергнуць небяспецы дзяцей і грамадства. |