Святы Айцец: мы патрабуем жывой вады Евангелля |
Святы Айцец |
30.05.2011 15:46 |
Падчас агульнай аўдыенцыі ў нядзелю 29 мая 2011 г. Святы Айцец звярнуўся да ўрыўку з Дзеяў Апосталаў, у якім распавядаецца аб тым, як Філіп абвяшчаў Добрую Навіну ў Самарыі. «„І была вялікая радасць у гэтым горадзе“. Чытаючы гэты фрагмент, адразу пачынаеш задумвацца аб аздараўляльнай сіле Евангелля, якое на працягу стагоддзяў паіла, як жыватворная рака, шматлікія народы», — адзначыў Пантыфік. Папа ўзгадаў постаці св. Караля Барамэя і бл. Маці Тэрэзы, якія таксама былі місіянерамі, бо сведчылі аб Хрысце сваім жыццём. «У той час, як моцныя гэтага свету дзеля палітычных і эканамічных выгадаў спрабавалі заваяваць новыя тэрыторыі, пасланнікі Хрыста ішлі па свеце з мэтай прынесці людзям Хрыста і людзей прывесці да Хрыста, ведаючы, што толькі Ён можа даць сапраўдную свабоду і вечнае жыццё, — цытуе словы Святога Айца Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. — Сёння таксама галоўным пакліканнем Касцёла з’яўляецца евангелізацыя: гэта праўда, што яшчэ існуюць народы, не акропленыя жывой вадой Евангелля; таксама праўда, што і тыя, хто мае старажытныя хрысціянскія карані, патрабуюць гэтай вады, каб даць новы плён і нанава адкрыць прыгажосць і радасць веры». Вялікім місіянерам, па словах Папы, быў Ян Павел ІІ, які «ажыццявіў сапраўдную місію сярод народаў і, у той жа момант, паспрыяў новай евангелізацыі». «Маці Хрыста, дапамагай нам заўсёды абвяшчаць Евангелле, каб памножыліся і пашырыліся ў свеце месцы ў якіх людзі змогуць знаходзіць радасць жыцця, як Божыя дзеці», — заклікаў напрыканцы катэхезы Бэнэдыкт XVI. |