Хто мой «бліжні» ў віртуальным свеце? Папскае пасланне на Сусветны дзень камунікацый |
Святы Айцец |
06.06.2011 15:48 |
Да 45-га Сусветнага дня сацыяльных камунікацый, які адзначаўся 5 чэрвеня 2011 г., Святы Айцец Бэнэдыкт XVI скіраваў пасланне пад назвай «Ісціна, абвяшчэнне і сапраўнасць жыцця ў лічбавую эпоху». У пасланні Пантыфік падзяліўся разважаннямі, выкліканымі «экспансіяй сродкаў камунікацыі ў сетцы Інтэрнэт». «Усё больш расце перакананасць у тым, што так, як і прамысловая рэвалюцыя прывяла да глыбокіх зменаў у грамадстве дзякуючы новаўвядзенням у вытворчасці і іх увасабленню ў жыццё, так сёння глыбокія змены ў сферы камунікацый цягнуць за сабою цэлую плынь вялікіх культурных і сацыяльных змен», — адзначае на пачатку паслання Святы Айцец. «Новыя тэхналогіі змяняюць не толькі спосаб зносінаў, але і самі зносіны. Такім чынам можна сцвярджаць, што мы становімся сведкамі шырокай трансфармацыі культуры. Разам з новай сістэмай распаўсюджвання інфармацыі і ведаў нараджаецца новы спосаб вучыцца і думаць, адкрываюцца новыя, дагэтуль невядомыя магчымасці наладжвання сувязяў і будавання зносінаў», — працягваў Папа. Кажучы пра пашырэнне папулярнасці сацыяльных сетак, Бэнэдыкт XVI адзначае, што змяншаецца розніца паміж вытворцам і спажыўцом інфармацыі, а зносіны імкнуцца да таго, каб стаць не столькі абменам інфармацыі, колькі дзяленнем ёю. Звяртаючы ўвагу на пытанні станоўчага і адмоўнага ў прабыванні ў віртуальным свеце, Пантыфік адзначыў пашырэнне прасторавых і культурных межаў у пошуку віртуальных знаёмых. «Гэта вялікая магчымасць, але яна патрабуе значнай увагі і ўсведамлення магчымай рызыкі. Хто мой „бліжні“ ў гэтым новым свеце? Ці не нясе небяспеку меншае прабыванне з тымі, хто побач з намі ў штодзённым жыцці? Важна ўвесь час нагадваць сабе, што віртуальны кантакт не можа і не павінен замяніць прамога чалавечана кантакту з людзьмі на ўсіх узроўнях нашага жыцця». Поўны тэкст паслання на рускай мове >>> |