Бэнэдыкт XVI: трэба адмовіцца ад дзёрзкасці і гвалту |
Святы Айцец |
04.07.2011 12:02 |
Агульная аўдыенцыя Святога Айца Бэнэдыкта XVI для вернікаў, прысутных на плошчы Св. Пятра ў Рыме, адбылася 3 ліпеня 2011 г. У прамове Папа адзначыў, што і сёння Езус дапамагае кожнаму «знайсці сэнс жыцця і мэту існавання». «„Прыйдзіце да Мяне ўсе, спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для душаў вашых. Бо ярмо Маё любае і цяжар Мой лёгкі“ (Мц 11, 28–30). Калі Езус падарожнічаў па дарогах Галілеі, прапаведуючы Божае Валадарства і аздараўляючы шматлікіх хворых, спачуваў натоўпам, таму што яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра (пар. Мц 9, 35–36)», — цытуе словы Папы Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. «Гэты погляд Езуса, здаецца, дасягае нашых часоў, нашага свету. І сёння Ён спыняецца на шматлікіх людзях, прыгнечаных цяжкімі ўмовамі жыцця і пазбаўленых важных арыенціраў, дапамагае знайсці сэнс жыцця і мэту існавання», — працягваў Бэнэдыкт XVI. «Сапраўдным лекам для ран чалавецтва, як матэрыяльных, такіх як голад і несправядлівасць, так і псіхалагічных і маральных, выкліканых ілжывым дабрабытам, з’яўляецца правіла жыцця, заснаванае на братэрскай любові, крыніца якой — любоў Божая, — падкрэсліў Святы Айцец. — Таму трэба адмовіцца ад жыцця ў дзёрзкасці і гвалце, якія выкарыстоўваюцца для атрымання ўсё большай і большай улады, каб забяспечыць сабе поспех любой цаной». |