Папа да пасла Германіі пра абарону чалавечых каштоўнасцяў |
Святы Айцец |
09.11.2011 15:37 |
Абарона чалавечых каштоўнасцяў — галоўная тэма паслання Святога Айца Бэнэдыкта XVI новаму паслу Германіі ў Апостальскай Сталіцы Рэйнхарду Швэппе. У пасланні Папа ўказаў і на служэнне Касцёла ў свеце. «Касцёл удасканальвае веру грамадства, — адзначыў Святы Айцец. — Гэтая дзейнасць, натуральна, не вычэрпвае ролі Каталіцкага Касцёла. Ён усведамляе, што праз веру абвяшчае праўду аб чалавеку і тым самым абавязаны падтрымліваць каштоўнасці, якія па сваёй сутнасці важныя для чалавека незалежна ад паасобных культур». «Таму Касцёл адрознівае спецыфічныя праўды веры і праўды разумовыя, якія даступныя ўсім людзям і на якія ён адкрыты, — падкрэсліў Пантыфік. — Гэтыя агульначалавечыя каштоўнасці сталі падставай існавання з 1949 г. нямецкай Канстытуцыі і стварэння Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна пасля ІІ Сусветнай вайны». |