Святы Айцец: крыж Хрыста — кульмінацыя Яго місіі |
Святы Айцец |
20.03.2012 11:05 |
18 сакавіка 2012 г. перад традыцыйнай нядзельнай малітвай «Анёл Панскі» Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў рэгулярна прыступаць да сакрамэнту споведзі, каб «атрымаць прабачэнне і зрабіць шлях да навяртання больш інтэнсіўным». «На нашым шляху да Вялікадня мы дасягнулі чацвёртую нядзелю Вялікага посту, які з’яўляецца шляхам з Езусам праз „пустыню”, г.зн. часам на больш уважлівае слуханне голаса Бога і распазнанне спакусаў, якія прамаўляюць унутры нас, — адзначыў Папа. — На даляглядзе гэтай пустыні бачны крыж. Езус ведаў, што крыж з’яўляецца кульмінацыяй Яго місіі. Сапраўды, крыж Хрыста — гэта вяршыня любові, якая дае збаўленне». Пантыфік патлумачыў, што Езус быў узвышаны на крыжы, каб кожны, хто стане перад абліччам смерці з прычыны граху, мог звярнуцца да Хрыста і быць збаўленым. «Калі бясконцая міласэрнасць Бога, які аддаў свайго адзінага Сына дзеля нашага адкуплення, вялікай з’яўляецца і наша адказнасць: кожны павінен прызнаць сябе хворым, каб аздаравіцца; кожны павінен паспавядацца са сваіх грахоў, каб Божае прабачэнне, падараванае праз крыж, магло мець эфект у жыцці і сэрцы», — прыводзіць словы Бэнэдыкта XVI Ватыканскае радыё. «Чалавек любіць цемру больш, чым святло, бо яго „атакуюць“ яго грахі. Але толькі праз адкрыццё на святло і толькі праз шчырую споведзь у грахах перад Богам можна знайсці сапраўдны спакой і сапраўдную радасць. Важна рэгулярна прыступаць да сакрамэнту споведзі, асабліва падчас Вялікага посту, каб атрымаць прабачэнне Пана і зрабіць наш шлях да навяртання больш інтэнсіўным», — дадаў Святы Айцец. |