Бэнэдыкт XVI пра належную падрыхтоўку дзяцей да Першай камуніі |
Святы Айцец |
23.04.2012 10:22 |
22 красавіка 2012 г. падчас агульнай аўдыенцыі Святы Айцец Бэнэдыкт XVI нагадаў, што пасля свайго ўваскрасення Езус Хрыстус рэальна прысутнічае ў сакрамэнтах, асабліва Эўхарыстыі. Таму Папа заклікаў святароў і катэхетаў сур’ёзна падыходзіць да падрыхтоўкі дзяцей да Першай камуніі, каб даць ім шанс сустрэць сапраўднага Хрыста. «Сёння, у трэцюю Велікодную нядзелю, мы сустракаем у Евангеллі паводле Лукі ўваскрослага Езуса, які з’яўляецца сярод вучняў, поўных недаверу і страхаў: яны думаюць, што ўбачылі духа, — звярнуўся да прысутных Папа. — Рамана Гуардзіні пісаў: „Пан змяніўся. Ён не жыве так, як раней. Яго існаванне (...) не можа быць зразумета. Але яно з’яўляецца існаваннем цялесным (...), ахоплівае ўсё Яго жыццё, усё прадвызначэнне, Яго муку і смерць. Усё гэта рэальнасць. Хоць і перамененая, але заўсёды адчувальная”. А паколькі ўваскрасенне не выдаляе слядоў укрыжавання, Езус паказвае вучням рукі і ногі. І, каб іх пераканаць, нават просіць у іх паесці». На думку Святога Айца, дзякуючы гэтым вельмі рэалістычным знакам, вучні пераадольваюць першапачатковыя сумневы і адкрываюцца на дар веры. «Збаўца запэўнівае ў сваёй рэальнай прысутнасці сярод нас праз слова і Эўхарыстыю. Такім чынам, як вучні з Эмауса пазналі Езуса падчас ламання хлеба (пар. Лк 24, 35), так і мы сустракаем Пана ў Эўхарыстыі. У сувязі з гэтым св. Тамаш Аквінскі тлумачыць, што „неабходна прызнаць, у адпаведнасці з каталіцкай верай, што ўвесь Хрыстус прысутнічае ў гэтым сакрамэнце (...), бо ніколі боскасць не пакідала цела, якое прыняла”», — адзначыў Папа. «Дарагія сябры, у велікодны перыяд Касцёл, як правіла, удзяляе дзецям Першую святую Камунію. Таму я заклікаю душпастыраў, катэхетаў і бацькоў добра падрыхтаваць гэтае свята веры, з вялікім запалам, але і з прастатой», — прыводзіць словы Бэнэдыкта XVI Ватыканскае радыё. Пасля малітвы «Regina Caeli» Папа ўзгадаў пра беатыфікацыю ў Мексіцы мясцовай законніцы Марыі Інэс Тэрэзы ад Найсвяцейшага Сакрамэнту і Дзень каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца, які 22 красавіка праходзіць у Італіі пад дэвізам «Будучыня краіны ў сэрцах моладзі». |