Бэнэдыкт XVI пра фільм «Марыя з Назарэта» |
Святы Айцец |
18.05.2012 11:42 |
Увечары 16 мая Святы Айцец Бэнэдыкт XVI паглядзеў фільм «Марыя з Назарэта» («Maria di Nazareth»), які дэманстраваўся ў Клеменцінскай зале Апостальскага Палаца. Святы Айцец падзякаваў стваральнікам стужкі за імкненне раскрыць вобраз Божай Маці, што з’яўляецца само па сабе вельмі складаным заданнем. Папа заўважыў, што ў фільме перасякаюцца лёсы трох жанчын: Марыі, «Ірадыяды, замкнёнай у сабе, у сваім свеце, якая не можа падняць вочы, каб прачытаць знакі Бога і не падпарадкавацца злу; Марыі Магдалены, у жыцці якой наступае момант навяртання, калі яна сустракаецца з Езусам, якому адкрывае сэрца і змяняецца». Але ж у цэнтры фільма — вобраз Марыі з Назарэта, якая адчувала лучнасць з Хрыстом як сваім сынам, хоць дакладна ведала, што Ён — Бог. «Яе вера і любоў настолькі вялікія, што яна прымае і выконвае сваю місію, паўтараючы Богу: „Вось я“ ад Звеставання да Крыжа», — прыводзіць словы Папы Ватыканскае радыё. Пантыфік падкрэсліў, што ў фільме сустракаюцца тры пачуцці, якія руйнуюць жыццё: эгаізм, замкнёнасць на сабе або матэрыяльных рэчах і накіраванасць на зло. Але Бога гэта не спыняе: Ён прыйшоў, каб застацца ў нашым асяроддзі, чакае нас, калі мы памыляемся, і ласкава просіць нас ісці за Ім. |