У Ватыкане знайшлі запіс Імшы Паўла VI на італьянскім заводзе |
Святы Айцец |
27.06.2012 12:45 |
У Ватыканскай фільматэцы знойдзена ўнікальная стужка з кадрамі святой Імшы, якую ў вігілію Божага Нараджэння, 24 снежня 1968 г., узначаліў папа Павел VI. Літургія цэлебравалася на заводзе ў італьянскім горадзе Таранта. 60-я гады мінулага стагоддзя ў Італіі былі вельмі неспакойнымі. Яны адзначаліся пратэстамі студэнтаў, рабочыя жадалі павышэння заработнай платы, змяншэння колькасці працоўных гадзін, новых форм кантрактаў і прызнання асноўных правоў. Рабочыя зразумелі, што жывуць у краіне, дзе кожны сектар эканомікі жадае павагі да чалавечай годнасці і сваіх правоў. На гэтым гістарычыным фоне візіт Паўла VI ў Таранта меў асаблівае значэнне. Як паведамляе Ватыканскае радыё са спасылкай на «L’Osservatore Romano», Папа прыбыў да рабочых, каб прадэманстраваць сваю ўдзячнасць за іх працу. Падчас гаміліі Пантыфік заклікаў кожнага прыняць сваю місію і актыўна жыць сваім пакліканнем, працуючы для найвышэйшага дабра. Візіт Паўла VI у Таранта паказаў, што Святы Пасад жадаў наблізіцца да рабочых, асабліва ў ноч Божага Нараджэння. «Мы прыйшлі да вас, каб наша прысутнасць дала вам суцяшэнне і збаўленне Хрыста сярод цудоўнага, але пазбаўленага веры і ласкі свету», — прамовіў у той дзень да завадчан Павел VI. |