Бэнэдыкт XVI: свецкія вернікі — «суадказныя» за Касцёл |
Святы Айцец |
23.08.2012 13:47 |
23 жніўня Бэнэдыкт XVI скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Міжнароднага форуму Каталіцкай акцыі, які праходзіць 22–26 жніўня ў румынскім Яшы, на тэму «Свецкія вернікі і Каталіцкая акцыя: супольная касцёльная і сацыяльная адказнасць». Святы Айцец падкрэсліў, што свецкія вернікі з’яўляюцца не столькі «паплечнікамі» святароў, колькі «суадказнымі» за стан і дзейнасць Касцёла. «Таму важна, каб былі кансалідаваны сталыя і дзейсныя свецкія, здольныя зрабіць свой асаблівы ўнёсак у касцёльную місію, з павагай да служэння і абавязкаў, якія кожны мае ў жыцці Касцёла і заўсёды ў сардэчнай еднасці з біскупамі», — адзначыў Папа, чые словы цытуе Ватыканскае радыё. Пантыфік заклікаў удзельнікаў форуму жыць у духу першых хрысціянскіх супольнасцяў, якія, паводле Дзеяў Апосталаў, «мелі адно сэрца і адну душу», а таксама дзейнічаць на карысць місіі Касцёла праз «малітву, вучобу, актыўны ўдзел у касцёльным жыцці, уважліва і пазітыўна гледзячы на свет у пастаянным пошуку знакаў часу». «Не стамляйцеся заўсёды ўдасканальваць, дзякуючы штодзённай і сур’ёзнай адукацыі, аспекты вашага асаблівага паклікання як свецкіх вернікаў, гэта значыць быцця мужнымі і пераканаўчымі сведкамі ва ўсіх сферах грамадства, каб Евангелле стала святлом, якое нясе надзею ў праблематычных сітуацыях, цяжкасцях, цемры, якую сучасныя людзі сустракаюць у сваім жыцці», — заклікаў Бэнэдыкт XVI. |