Святы Айцец да біскупаў Мальты: патрэбна яснае прадстаўленне паслання Евангелля |
Святы Айцец |
12.09.2012 11:13 |
Важнасць паглыблення веры падкрэсліў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у лісце, скіраваным да біскупаў Мальты. Яшчэ напрыканцы мая гг. іерархі прабывалі ў Ватыкане з візітам ad limina apostolorum, падчас якога размаўлялі з Папам аб праблемах Касцёла на Мальце. «Шматлікія выклікі, якія ставіць сучаснае грамадства, патрабуюць яснага прадстаўлення паслання Евангелля, пры якім пераканаўча будзе ўказаны шлях да сапраўднай свабоды і трывалага шчасця», — напісаў Пантыфік у лісце. Святы Айцец дадаў, што грамадства часта прапануе мадэль жыцця, якая на першы погляд дае вялікую свабоду, а на самой справе пагражае чалавечай годнасці і вядзе да зняволення. Па словах Папы, у гэтым кантэксце асабліва важна, каб хрысціяне баранілі сужэнства, устаноўленае Богам як непарыўны саюз мужчыны і жанчыны, адкрыты на жыццё, які адзіны з’яўляецца здольным даваць выхаванне дзецям. Святы Айцец падкрэсліў ролю касцёльных рухаў у падтрымку сям’і. |