Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI зацвердзіў змены ў парадку абрання Папы
Святы Айцец
25.02.2013 20:02

25 лютага быў апублікаваны Апостальскі ліст Бэнэдыкта XVI у форме «motu proprio» адносна некаторых зменаў у парадку выбараў Папы. У дакуменце Святы Айцец патлумачыў, што гэтыя змены неабходны для таго, каб «гарантаваць як мага лепшае здзяйсненне (...) абрання Рымскага Пантыфіка».

Па інфармацыі Ватыканскага радыё, цяпер для пачатку канклаву не абавязкова чакаць прашэсця 15 дзён пасля пачатку перыяду sede vacante, як было ўстаноўлена да гэтага часу. Паводле новага дакумента, Калегія кардыналаў можа вырашыць пачаць канклаў раней, калі ўсе яго ўдзельнікі прысутныя. Бэнэдыкт XVI пацвердзіў таксама, што для абрання новага Папы неабходна, каб за яго было аддадзена «прынамсі дзве трэці галасоў з тых выбаршчыкаў, якія прысутныя і прымалі ўдзел у галасаванні».

Калі кардыналы на працягу пэўнага часу не могуць выбраць Пантыфіка, яны могуць прысвяціць адзін дзень малітве, разважанню і дыялогу. Затым выбар будзе здзяйсняцца паміж двума кандыдатамі, якія набралі большасць галасоў у папярэдніх галасаваннях. Яны, у сваю чаргу, не маюць права голасу.

Бэнэдыкт XVI увёў і новыя нормы, якія датычацца сакрэтнасці канклаву. Папа адзначыў, што ўся тэрыторыя Ватыкана, а таксама расклад працы ўстаноў, якія на ёй знаходзяцца, павінны быць арганізаваны такім чынам, каб гарантаваць сакрэтнасць і свабоднае здзяйсненне працэдур, звязаных з абраннем Пантыфіка. Неабходна гарантаваць, каб кардыналы-выбаршчыкі не сустракаліся ні з кім на шляху з Дома св. Марты да Апостальскага палацу Ватыкана. Папа таксама пацвердзіў, што для захавання ў сакрэце таямніц, звязаных з канклавам, перш, чым ён пачнецца, кардыналы павінны прынесці адпаведную прысягу, у поўнай свядомасці, што яе парушэнне можа быць прычынай пакарання экскамунікай «latae sententiae», што знаходзіцца ў кампетэнцыі Апостальскай Сталіцы.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.