Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кіраўнік Прэс-cлужбы Святога Пасаду аб закліку Папы прыняць бежанцаў
Святы Айцец
07.09.2015 12:21

Заклік Папы аб прыняцці па адной сям’і мігрантаў тычыцца каталіцкіх парафій, кляштараў і санктуарыяў ва ўсёй Еўропе, а не толькі ў яе некаторых частках, падкрэсліў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі.
 
«Папа хоча, каб ва ўсёй Еўропе – менавіта ва “ўсёй” Еўропе, а не толькі ў яе пэўных асобных частках – хрысціянскія супольнасці сталі натхняльніцамі гасціннасці ў сітуацыі, калі цяжар праблем бежанцаў і мігрантаў праяўляецца як найбольш актуальная і тэрміновая мяжа канкрэтнай салідарнасці на кантынентальным гарызонце», – сказаў прадстаўнік Святога Пасаду.

Заклік да салідарнасці і адкрытасці да бежанцаў – гэта крэатыўны і шчыры адказ, які нарадзіўся ў сэрцы Папы ў кантэксце падрыхтоўкі да Юбілею Міласэрнасці, які павінен рэалізавацца асабліва праз справы і не тычыцца вызначанага раней арганізацыйнага і дзейснага плану, заўважыў а. Ламбардзі.

Калі Папа кажа аб парафіях, то мае на ўвазе менавіта парафіяльныя супольнасці, як супольнасці, уключаныя ў тэрыторыю, а не толькі пробашчаў з «кананічнымі» дамамі; парафіяльныя супольнасці могуць знайсці ў розных формах адпаведныя шляхі для прыняцця мігрантаў, патлумачыў кіраўнік Прэс-службы.

Акцэнтуючы ўвагу на звароце Папы да манаскіх супольнасцяў, а. Ламбардзі ўзгадаў словы Святога Айца, прамоўленыя 10 верасня 2013 г. падчас яго візіту ў цэнтр дапамогі бежанцам «Astalli» ў Рыме: «Пан кліча з большай адвагай і шчодрасцю жыць гасціннасцю ў супольнасцях, дамах, пустых кляштарах. Дарагія законнікі і законніцы, пустыя кляштары не патрэбны Касцёлу для таго, каб перарабляць іх у гатэлі і зарабляць грошы. Пустыя кляштары не нашы, яны для цела Хрыста, якім з’яўляюцца бежанцы. Канешне, гэта не проста, патрэбны крытэрыі, адказнасць, але патрэбна таксама і адвага. Мы робім шмат, магчыма, пакліканы рабіць яшчэ больш, з рашучасцю прымаючы і дзелячыся тым, што Провід нам даў, каб служыць».

Айцец Ламбардзі ўдакладніў, што, кажучы пра дзве ватыканскія парафіі, якія прымуць бежанцаў, Пантыфік меў на ўвазе парафію Св. Ганны і базыліку св. Пятра, якія з’яўляюцца дзвюма рознымі структурамі і знойдуць належны спосаб, каб адказаць на заклік Папы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.