Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа даў парады маладым кансэкраваным асобам
Святы Айцец
17.09.2015 17:33

17 верасня Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі каля чатырох тысяч удзельнікаў сустрэчы для маладых кансэкраваных асобаў, якая праходзіць у Ватыкане на тэму «Абудзіце свет! Евангелле, прароцтва, надзея».

Форум, які працягнецца да 19 верасня, праводзіцца па ініцыятыве Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця. Сустрэча сабрала законнікаў і законніц з усяго свету, якія перажываюць перыяд разважання перад складаннем вечных манаскіх абяцанняў або склалі іх не больш за дзесяць гадоў таму.

Святы Айцец падчас аўдыенцыі адклаў падрыхтаваны тэкст прамовы, каб свабодна адказаць на пытанні сваіх гасцей. Пантыфік заклікаў маладых законнікаў не праводзіць сваё кансэкраванае жыццё ў камфорце і строгім выкананні прадпісанняў і правілаў. «Кансэкраванае жыццё можа стаць бясплённым, калі не з’яўляецца прароцкім», — сказаў Папа і дадаў, што строгае выкананне правіл можа быць натхнёна эгаізмам, імкненнем адчуваць сябе лепшым за іншых.

Святы Айцец папярэдзіў законнікаў аб разбуральных наступствах пляткарства. Плёткі могуць стаць сапраўднай «бомбай», што забівае людзей, а чалавек, які прысвяціў сваё жыццё Богу — «тэрарыстам», адзначыў Папа.

Пантыфік указаў таксама на небяспеку «культуры часовага», якая пранікае ў Касцёл і манаскія супольнасці. «Бог паслаў свайго Сына назаўсёды! Не на час, не для аднаго пакалення ці адной краіны, але для ўсіх! Для ўсіх і назаўсёды! Гэта павінна быць крытэрыем духоўнай праніклівасці», — сказаў Святы Айцец.

Евангелізацыя, па словах Папы, павінна адбывацца праз сведчанне, а не празелітызм. Пантыфік дадаў, што законнік можа быць вельмі начытаным, але здольнасць распальваць сэрцы паходзіць не з кніг, але з сэрца. Святы Айцец заклікаў кансэкраваных асобаў пазбягаць самалюбавання і быць людзьмі адарацыі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.