Папа Францішак скіраваў зварот да новапрызначанага старшыні Папскай акадэміі «Pro Vita» і Вялікага канцлера Папскага інстытута Яна Паўла ІІ у Папскім латэранскім універсітэце ў Рыме арцыбіскупа Вінчэнца Пальі.
«Дарагі брат, па прычыне рэформы Рымскай курыі мне ўяўляецца мэтазгодным, каб таксама і ўстановы, пастаўленыя на службу Апостальскай Сталіцы, праз даследванні і падрыхтоўку спецыялістаў у пытаннях, звязаных з сужэнствам, сям’ёй і жыццём, працягвалі абнаўленне і далейшае развіццё, каб усё больш выразна ўпісаць сваю дзейнасць у гарызонт міласэрнасці», — адзначыў Пантыфік у спецыяльным хірографе, апублікаваным 17 жніўня з нагоды прызначэння іерарха.
Папа заўважыў, што з часоў Другога Ватыканскага Сабору да сённяшняга дня вучэнне Касцёла па гэтых пытаннях шырока і глыбока развілася. У дадзеным кантэксце Святы Айцец нагадаў пра нядаўні Сінод Біскупаў на тэму сям’і і выдадзеную пасля яго Апостальскую адгартацыю «Amoris Laetitia».
Пантыфік пажадаў, каб Папская акадэмія «Pro Vita» і Папскі інстытут Яна Паўла ІІ спрыялі пашырэнню каталіцкага навучання, адказваючы на выклікі сучаснай культуры і памятаючы, што ў тэалагічных даследваннях не павінны ігнаравацца «душпастырская перспектыва і ўвага да ран чалавецтва».
Па словах Святога Айца, новыя актуальныя выклікі тычацца абароны годнасці чалавека ва ўсе перыяды яго існавання, узаемнай павагі паміж пакаленнямі, спрыяння паляпшэнню якасці чалавечага жыцця з улікам яго матэрыяльнай і духоўнай каштоўнасці і ў перспектыве сапраўднай «чалавечай экалогіі», якая дапаможа знайсці першапачатковую раўнавагу паміж Стварыцелем, чалавекам і усім сусветам.
Для дасягнення гэтай мэты Пантыфік заахвоціў да дыялогу з іншымі навуковымі інстытутамі і акадэмічнымі цэнтрамі, не толькі хрысціянскай накіраванасці, але і іншых рэлігій і культур.
«Пахіляцца над чалавечымі ранамі, каб разумець іх, лячыць і аздараўляць — гэта задача Касцёла, які давярае святлу і сіле Уваскрослага Хрыста, здольнага ўвайсці ў месцы напружанасці і канфліктаў як “палявы шпіталь”, які жыве, абвяшчае і спаўняе сваю місію збаўлення і аздараўлення менавіта там, дзе жыццю індывідуўмаў найбольш пагражаюць новыя культуры канкурэнцыі і выкідання на ўзбочыну», — напісаў Папа.
Напрыканцы свайго дакумента Святы Айцец пажадаў, каб Папская акадэмія «Pro Vita» і Папскі інстытут Яна Паўла ІІ дзейнічалі ў супрацоўніцтве з заснаванай 15 жніўня Дыкастэрыяй па справах свецкіх, сям’і і жыцця.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|