Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік наведаў разбураны землятрусам горад у Італіі
Святы Айцец
04.10.2016 12:44

Раніцай 4 кастрычніка Папа Францішак прыбыў у Аматрычэ — італьянскі горад у рэгіёне Лацыа, амаль цалкам разбураны ў выніку нядаўняга землятрусу. Пантыфіка суправаджаў біскуп Рыеці Даменіка Пампілі.

Візіт Святога Айца распачаўся са школы, дзе ён прывітаў каля 100 дзяцей. Затым Пантыфік накіраваўся ў зону, зачыненую па меркаваннях бяспекі. Папа патлумачыў, што не прыбыў сюды раней, каб не перашкаджаць працы спецыялістаў. Святы Айцец некаторы час заставаўся ў малітоўным маўчанні перад руінамі, а затым паразмаўляў пра сітуацыю з пажарнымі і прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Папа Францішак не хаваў свайго болю, бачачы велізарныя маштабы разбурэнняў.

Візіт Пантыфіка меў прыватны характар. Пра гэта ён паведаміў 2 кастрычніка падчас прэс-канферэнцыі на борце самалёта на шляху з Баку ў Рым: «Я здзейсню гэты візіт у прыватным парадку, асабіста, як святар, як біскуп, як Папа. (...) Я хачу быць бліжэй да людзей».

24 жніўня, у дзень моцнага землятрусу, Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане замест традыцыйнай катэхезы правёў ружанцовую малітву ў інтэнцыі ахвяр.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.