Ганконг: адпуст для тых, хто моліцца за Кітай |
Святы Айцец |
15.05.2008 16:49 |
«Да палымянай малітвы за ўсіх, хто страціў жыццё» і за ўсіх ахвяраў землятрусу ў Кітаі заклікаў Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 13 мая 2008 г. «Я духоўна яднаюся з тымі, хто зведаў гэты знішчальны катаклізм. Просім Бога, каб прынёс палёгку ў іх цярпенні, а таксама быў апораю ўсім тым, хто прымае ўдзел у арганізацыі неадкладнай дапамогі ахвярам катаклізму», — сказаў Святы Айцец. Бэнэдыкт XVI удзяліў поўны адпуст (з захаваннем неабходных для гэтага ўмоваў) католікам дыяцэзіі ў Ганконгу, якія ўключыліся ў малітву за Касцёл у Кітаі. Адпуст могуць таксама атрымаць вернікі, якія прымуць удзел ва ўрачыстасцях Божага Цела і Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. На заклік Святога Айца аб малітве ў інтэнцыі Кітая ў 17-ці парафіях Ганконга, якія носяць тытул Маці Божай, праводзіцца навэнна. 15 мая ў катэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Ганконгу быў распачаты першы дзень навэнны. Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і малітвы Ружанец біскупы Ганконга прынялі ўдзел у канферэнцыі, прысвечанай Пасланню Бэнэдыкта XVI да католікаў Кітая. Паводле Радыё Ватыкана |