Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікі пост 2009 г. |
НЕ ХЛЕБАМ АДЗІНЫМ Шаноўныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры! 1. Словы Езуса Хрыста: «Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мц 4, 4), разам з Ягоным заклікам: «наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1, 15) павінны стаць праграмаю Вялікага посту, які мы распачалі, кіраўніцтвам да дзеяння на гэты час ласкі і збаўлення. Гэта вельмі актуальна сёлета, калі мы адзначаем Год святога апостала Паўла, які без рэшты прысвяціў сябе выключна абвяшчэнню Божага слова сярод розных народаў. 2. Перад тым, як распачаць сваю дзейнасць, мэтай якой было абвяшчэнне Божага Валадарства і збаўленне чалавека, Езус пайшоў у пустыню, каб у малітве падрыхтавацца да тае місіі, якую даручыў Яму Ягоны нябесны Айцец. Як памятаем, Ён прабыў у пустыні сорак дзён і начэй. Калі нехта быў у пустыні і пражыў у ёй нейкі час, то добра ведае, што знаходжанне там — гэта сапраўды час выпрабавання, якое вытрымліваюць моцныя не толькі целам, але перадусім моцныя духам. Куды ні зірнеш — паўсюль бясконцыя пяскі, што сягаюць за далягляд, і толькі вецер пустыні вее над імі. Дзе-нідзе кволая травічка ды карлікавыя дрэўцы. Удзень — невыносная спякота, а ўначы — сцюдзёны холад, што прабірае да касцей. У такіх умовах вельмі хутка пачынае адчувацца недахоп прадуктаў харчавання і асабліва вады. Вядома, што ў пустынях бываюць і аазісы, дзе ёсць вада і буйная расліннасць, аднак іх вельмі мала. А піць хочацца, прычым вельмі моцна. І тут над распаленымі пяскамі паўстаюць так званыя міражы — здаецца, вось-вось зусім недалёка вада. Але на самай справе яе няма... І вось у такім месцы Езус знаходзіцца сорак дзён і начэй. Натуральна, пасля гэтага ва ўсім Ягоным целе адчуваецца вялізная стома, і гэта спрабуе выкарыстаць сатана, які Яго спакушае. Ён прапануе Яму хлеб; намаўляе кінуцца ўніз са святыні, каб Анёлы Яго ўратавалі; прапануе ўсе валадарствы свету, каб Езус толькі пакланіўся яму. Змучаны фізічна Езус Хрыстус тым не менш рашуча адкінуў гэтыя прапановы, кажучы, што аднаму Богу трэба служыць і што для жыцця чалавека патрэбны не толькі хлеб, але і слова Божае (пар. Мц 4, 1–11). 3. Мы добра ведаем гэтую евангельскую гісторыю пра пост і спакушэнне Езуса, якую Касцёл нагадвае на пачатку Вялікага посту, і, напэўна, ужо прызвычаіліся да яе. Некаторыя, можа, нават думаюць, што некалі былі іншыя часы, калі практыкаваліся доўгія пасты і цяжкае пакаянне, сёння непрыдатныя. Сапраўды, у наш час ужо няма такіх суровых практыкаў. Аднак, як падкрэслівае Папа Бэнэдыкт XVI у сваім Пасланні на Вялікі пост 2009 года, хоць пост і служыць здароўю чалавека, але для верніка «ён з’яўляецца ў першую чаргу „тэрапіяй“, якая дапамагае вылечыць усё тое, што перашкаджае выкананню Божай волі» . Змяняецца практыка посту, змяняюцца таксама і пустыні. Так, напрыклад, у пустыні Невада ў ЗША паўстаў суперсучасны горад-казіно Лас-Вегас з вельмі развітой інфраструктурай, дзе на вуліцах растуць прыгожыя дрэвы і экзатычныя расліны. Таму многія думаюць, што калі настолькі змяняюцца ўмовы жыцця, нават у безжыццёвай раней пустыні, то могуць змяняцца і маральныя прынцыпы. У наш час чалавек таксама імкнецца пазбягаць любога негатыву, таму ў сваёй гаворцы нават пра вельмі цяжкія справы стараецца распавядаць, ужываючы выключна пазітыўныя выразы. У гэтым, канечне, няма нічога дрэннага, аднак тут існуе небяспека наўпрост не казаць таго, што павінна быць сказана. Напрыклад, мы сцвярджаем, што трэба абараняць жыццё, і ў той самы час асцерагаемся сказаць, што з хрысціянскага пункту гледжання аборт — гэта забойства, і таму ён не дапушчальны. Сярод усеагульнага неспакою і трывогі, якія выклікаў сусветны фінансавы крызіс, чуваць нямала галасоў, што ён дасць пачатак новаму развіццю эканомікі — і мы ўсе спадзяемся, што так і будзе. Аднак у той жа час трэба памятаць і пра тое, колькі няшчасцяў крызіс ужо прынёс, колькі людзей страціла працу і нават надзею, асабліва тых, хто яе ўскладаў на матэрыяльныя дабрабыт. Адзін нямецкі міліярдэр быў так узрушаны крахам свайго бізнесу, што скончыў жыццё самагубствам. Разам з тым, мы добра ведаем, што калі бацькі вучаць дзіця, як трэба пераходзіць вуліцу, то не толькі гавораць яму, што дазволена пераходзіць на зялёнае святло святлафора, але пры гэтым асабліва настойліва падкрэсліваюць, што пераходзіць на чырвонае святло забаронена. На жаль, мы з’яўляемся сведкамі таго, што прынцып «чым горш — тым лепш» часам пераносіцца і на духоўнае жыццё. Пануючы ў секулярным свеце духоўны крызіс, на думку некаторых, — гэта час ачышчэння, бо моцныя верай застануцца, а слабыя адыдуць. Не да гэтага, аднак, заклікае Езус. Ён, як Добры Пастыр, аддае сваё жыццё за авечак і шукае згубленую (пар. Лк 15, 4–6; Ян 10, 11). Пры існуючай тэндэнцыі прадстаўляць праблемы сучаснага свету ў пазітыўным рэчышчы трэба, аднак, памятаць пра тое, што Бог не заўсёды гаворыць такім чынам. Возьмем, напрыклад, Дэкалог — Дзесяць Божых запаведзяў, якія былі дадзеныя чалавеку Богам менавіта ў форме забаронаў. Кожная Божая запаведзь распачынаецца словам «не». Гэта не азначае, што Бог усё толькі забараняе. Ён як добры знаўца душы чалавека і добры настаўнік, ведаючы чалавечую слабасць, хоча, каб чалавек як мага лепш усвядоміў, да чаго можа прывесці парушэнне Ягонага закону. Найлепшым прыкладам можа быць гісторыя нашых прабацькоў Адама і Евы ў раі. Замест таго, каб быць паслухмянымі Богу, які забараніў ім есці з дрэва пазнання дабра і зла (пар. Быц 2, 17), яны паслухаліся злога духа, які сказаў Еве, што, калі яны пакаштуюць плод з гэтага дрэва, то адкрыюцца іхнія вочы, і яны будуць, як Бог, які ведае дабро і зло (пар. Быц 3, 5). Спроба пераступіць Божы наказ прывяла да катастрофы, якая закранула не толькі нашых прабацькоў, але таксама і ўсё чалавецтва. Адам і Ева не толькі павінныя былі пакінуць рай, але ад іх на ўсё чалавецтва перайшоў першародны грэх. 4. Відавочна, што ў сучасным свеце гісторыя паўтараецца. Чалавек, пачынаючы сумнявацца ў бясспрэчнай вартасці маральных каштоўнасцяў, замест таго, каб сказаць Богу «так», кажа яму «не»; замест таго, каб у сваім жыцці ўвасобіць словы малітвы Панскай: «няхай будзе воля Твая», усё часцей кажа: «няхай будзе мая воля». Гэтым самым ён парушае ўстаноўлены Творцам парадак у духоўным і грамадскім жыцці, у экалогіі і ў іншых сферах. Мы б’ем трывогу, выказваючы занепакоенасць маральным станам сучаснага чалавека, асабліва моладзі. У сучасным свеце чалавек паводзіць сябе ўсё больш амаральна: гэта і неабмежаваная пачуццёвасць, і культ спажывання, і адсутнасць пачуцця меры ва ўсім. СНІД і наркаманія, якія ахапілі ўжо многія краіны свету, хутка распаўсюджваюцца таксама ў нас. Трэба прызнаць, што вельмі шмат намаганняў робіцца як у свеце, так і у нашай краіне, каб перамагчы гэтую пандэмію сучаснасці. Аднак, з іншага боку, надзейны лек ад гэтага вядомы, і ён існуе столькі, колькі існуе чалавецтва. Гэты лек — жыць паводле закону Божага. Сапраўды, чалавек павінен жыць не толькі штодзённым хлебам, пошукам прыемнасцяў і імкненнем да багацця і ўлады, але таксама і перадусім Божым словам. 5. Нам, людзям XXI стагоддзя з яго нябачаным дагэтуль развіццём навукі і тэхнікі, якое нараджае надзею, што навукова-тэхнічны прагрэс дапаможа вырашыць усе праблемы, а таксама імкненнем да абсалютнай свабоды, нялёгка сабе ўявіць, што ў нашым жыцці таксама можа з’явіцца злы дух, каб нас спакушаць. Гэта не пустыя словы, бо калі злы дух наважыўся спакушаць Хрыста, то чаму не можа спакушаць нас? І ён спакушае. Трэба толькі ўмець бачыць гэта, а для гэтага неабходна адкрыць вочы на сучаснае жыццё і паводзіны сучаснага чалавека. Як Бог не памёр і не пайшоў на пенсію ці ў адпачынак, так і злы дух ніколі не дрэмле. Ён, як рыклівы леў, ходзіць, шукаючы, каго праглынуць (пар. 1 П 5, 8). Аб існаванні злога духа, якога нельга ігнараваць, і яго дзейснасці ў сучасным свеце часта гаварыў Слуга Божы Ян Павел II і працягвае гаварыць Папа Бэнэдыкт XVI. Адна легенда апавядае, як Люцыфер вырашыў праверыць, ці ягоныя д’яблы добра працуюць, гэта значыць, ці добра спакушаюць людзей. Праверка выкрыла, што яны нічога не робяць. Незадаволены Люцыфер спытаўся, чаму яны сядзяць, склаўшы рукі. Д’яблы адказалі: «Няма сэнсу абцяжарваць сябе, бо сёння людзі вельмі добра спакушаюць адзін аднаго». І гэта праўда. Каб упэўніцца ў гэтым, дастаткова паглядзець на жыццё сучаснага чалавека, асабліва моладзі, каб пераканацца, што сёння сумленне і пачуццё сораму — у вялікім дэфіцыце. Як жа мы павінны рэагаваць на гэта? Адказ нам дае сам Збаўца: «Не хлебам адзіным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых» (Мц 4, 4). Таму Вялікі пост і пакаянныя практыкі «ўмацоўваюць унутраную гатоўнасць слухаць Хрыста і карміцца Яго збаўчым словам» . 6. Дарагія браты і сёстры! На пачатку Вялікага посту, часу пакаяння і навяртання, у Год святога апостала Паўла, скажам сваё «так» Богу, каб мы не імкнуліся да канфармізму ў нашым жыцці, але радыкальна жылі паводле Евангелля, заўсёды застаючыся вернымі слугамі Пана, які за нашу вернасць адорыць нас вечны шчасцем у небе. Давяраючы ўсіх вас Марыі, з «так» якой распачалася эра збаўлення, і святому апосталу Паўлу, які прысвяціў сваё жыццё абвяшчэнню Евангелля сярод язычнікаў дзеля іх навяртання, малю Езуса Хрыста, каб вы ўсе засталіся вернымі Божаму слову, а вашыя сэрцы сталі «жывым табэрнакулюмам Бога» , і на шлях велікапоснага навяртання ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца + і Сына, + і Духа + Святога. Амэн. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мінск, 14 лютага 2009 г.Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Свята св. Кірыла і Мятода |
Адноўлена 22.07.2009 13:48 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.