Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каранацыя абраза Маці Божай Браслаўскай будзе здзейснена на яхце (інтэрв’ю Catholic.by) |
Інтэрв'ю |
14.07.2009 14:47 |
![]() — Адной з важных сёлетніх падзеяў у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі з’яўляецца каранацыя папскімі каронамі абраза Маці Божай Браслаўскай. Ксёндз Лешэк, які працэс папярэднічаў гэтай падзеі? — Падрыхтоўка да каранацыі распачалася прыкладна паўтара гады таму. Кароны былі зроблены ў Кракаве паводле праекта мастака кс. Антонія Паланяка SDS. Фінансаваў кароны былы правінцыял айцоў сальватарыянаў кс. Ян Фольперт. У Апостальскую Сталіцу кароны прадставілі генеральны настаяцель Таварыства Боскага Збаўцы кс. Анджэй Урбанскі SDS (Рым) і дырэктар сальватарыянскіх місій за мяжой кс. Антоні Земба SDS (Польшча). 18 лютага 2009 г. на плошчы Святога Пятра іх асвяціў Папа Бэнэдыкт XVI. На сённяшні дзень кароны знаходзяцца ў Браславе. Каранацыі абраза, як вядома, павінны папярэднічаць цуды, якія здзейсніліся праз яго ўшанаванне. Калі мы распачалі іх пошук, то вельмі хутка стала вядома прыкладна пра 15 такіх незвычайных здарэнняў, а пазней даведаліся і пра іншыя. Яны былі запісаны і апублікаваны ў кнізе пра гісторыю абраза Маці Божай Браслаўскай. Гэтай падзеі, безумоўна, папярэднічала духоўная падрыхтоўка. Святары Віцебскай дыяцэзіі праводзілі рэкалекцыі ў паасобных парафіях. Арганізоўваюцца яны і цяпер, а галоўная іх накіраванасць — паглыбленне культу Маці Божай Браслаўскай. Гэтую ж накіраванасць будзе мець таксама сёлетняя сустрэча моладзі і рэкалекцыі для дзяцей, якія адбываюцца ў летні час. Акрамя духоўнай падрыхтоўкі плануецца таксама аднавіць абраз і алтар. — Хто будзе прысутнічаць на гэтай урачыстасці, і кім будуць ускладзены кароны на абраз? — Плануецца, што на ўрачыстасць прыбудуць тры кардыналы, а цырымонію каранацыі здзейсніць кардынал Ёахім Майснер, Мітрапаліт Кёльнскі. Думаю, што будзе каля 20 біскупаў. Акрамя беларускіх іерархаў прыбудуць таксама біскупы з Літвы, Латвіі, Украіны, Расіі, Германіі, Польшчы, магчыма, з Італіі і ЗША. — Такі шырокі дыяпазон краін... Адкуль яны ведаюць пра наш абраз? — Так, сапраўды. Наш біскуп Уладзіслаў, калі бывае ў іншых краінах, кантактуе з іерархамі, распавядае пра Каталіцкі Касцёл у Беларусі, пра Віцебскую дыяцэзію і запрашае наведаць нашу краіну. Таму візіт гэтых іерархаў будзе своеасаблівым адказам на запрашэнне, а таксама знакам пашаны да нашага біскупа. Тым больш, што каранацыя абраза звязана з падрыхтоўкай да святкавання 10-годдзя нашай дыяцэзіі. — Якія цікавыя мерапрыемствы запланаваны з нагоды гэтай урачыстасці? — Падчас летніх канікулаў будуць праводзіцца своеасаблівыя рэкалекцыі, падчас якіх дзеці і моладзь будуць вучыцца танцаваць. Вельмі важна, каб маладое пакаленне ўмела добра адпачываць. Такія рэкалекцыі праводзяцца ўжо ў другі раз. З 26 ліпеня па 2 жніўня таксама будуць адбывацца пленэр-рэкалекцыі для юных мастакоў і фатографаў. Сёлета пленэр будзе прысвечаны Маці Божай Браслаўскай. Творчыя працы ўдзельнікаў гэтых рэкалекцый будуць прадстаўлены на выстаўцы падчас цэнтральных урачыстасцяў у браслаўскім санктуарыі. У сувязі з тым, што Маці Божая Браслаўская з’яўляецца Валадаркай Азёраў, плануецца ў супрацоўніцтве з польскімі спецыялістамі і аматарамі воднага спорту арганізаваць так званыя ўрокі плавання на байдарках, яхтах, парусніках. Ужо вядома, што прыбудуць каля 10–15 спецыялістаў, якія і будуць даваць гэтыя ўрокі. Заняткі будуць праходзіць з 10 па 22 жніўня. Калі ўсё атрымаецца, то каранацыя абраза будзе здзейснена на яхце, размешчанай каля галоўнага алтара. Гэта будзе сімвалізаваць наш давер заступніцтву Валадаркі Азёраў. Фундатарамі яхты з’яўляюцца члены так званага Саюза браслаўчан з Польшчы. Яны таксама фінансуюць арганізацыю навучання воднаму спорту. — Ці ўшаноўваюць гэты абраз прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій, якія жывуць у Браславе? — Так, наш санктуарый наведваюць і праваслаўныя вернікі. Грэка-католікаў у Браславе вельмі мала, хоць, паводле гістарычных фактаў, гэты абраз знаходзіўся ў грэка-каталіцкім кляштары, які ў 1832 г. згарэў ад удару маланкі. Абраз цудоўным чынам ацалеў, і ўжо больш за сто гадоў ён знаходзіцца ў браслаўскім касцёле. — Можа, з часам санктуарый у Браславе стане яшчэ адным месцам у Беларусі, куды будуць ісці пілігрымы?.. — Варта адзначыць, што да нас ужо арганізоўваюцца пілігрымкі. У маі ўжо чацвёрты год запар прыходзіць так званая «пілігрымка цвярозасці» з Відзаў. Думаю, што і на ўрачыстасць прыйдзе некалькі пілігрымак. Так, з часам гэта магчыма. Ужо прайшло 10 гадоў з таго дня, калі біскуп Уладзіслаў Блін абвясціў наш касцёл санктуарыем. Аднак да гэтага браслаўская святыня была звычайным месцам малітвы, таму яна не мела вялікай папулярнасці. — Дзякую за размову. Размаўляла Валянціна Крутая |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.