Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Інтэрв'ю з выкладчыкам Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семiнарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску кс. Андрэем Зайчыкам
Інтэрв'ю
12.07.2009 15:52
«Вось выйшаў сейбіт сеяць. І калі ён сеяў, адны зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і паклявалі іх. Другія ўпалі на камяністае месца, дзе не было шмат глебы, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокай. Калі ж узышло сонца, яны завялі і з-за таго, што не мелі каранёў, засохлі. Іншыя зярняты ўпалі ў церні, і выраслі церні і заглушылі іх. А яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзесят, а іншае ў трыццаць» (пар. Мц 13, 3–8).

Пра штодзённае жыццё ў пінскай семінарыі, пра пакліканні, а таксама пра асаблівасці святарскага служэння на Палессі — размова з выкладчыкам Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семiнарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску кс. Андрэем Зайчыкам.

— Ксёндз Андрэй, раскажыце, калі ласка, чым сёння жыве пінская семінарыя? І, дарэчы, Вы самі вучыліся ў Гродне, а выкладаеце ў Пінску — цікава было б параўнаць сітуацыю на Гродзеншчыне і на Палессі.

— Так, Палессе — гэта зусім іншы рэгіён. Тут зусім па-іншаму складваюцца адносіны паміж людзьмі, у тым ліку і ў Касцёле. На Піншчыне не такія шматлюдныя парафіі, як на Гродзеншчыне. У святой Імшы часам прымаюць удзел усяго некалькі чалавек. Для параўнання, у Століне ў нядзелю на святую Імшу прыходзяць ад 4 да 10 чалавек. Безумоўна, ёсць і такія парафіі, у якіх каля 1000 сем’яў. Цэнтрам рэлігійнага жыцця Пінскай дыяцэзіі з’яўляюцца Баранавічы.

Асаблівасць нашага рэгіёну — гэта адлегласці. Парафіі знаходзяцца вельмі далёка адна ад адной, і гэта стварае пэўныя праблемы. Я, напрыклад, езджу ў парафію, якая ад Пінска знаходзіцца на адлегласці 75-ці кіламетраў, а ўсё нядзельнае душпастырскае падарожжа займае 210 кіламетраў. Адчуваецца вострая патрэба ў святарах. Напрыклад, у Гомельскай і Брэсцкай абласцях працуе ўсяго толькі каля 40 святароў. Таму, зразумела, і ў пінскай семінарыі не так шмат навучэнцаў, як хацелася б: з усіх курсаў — 38 семінарыстаў. У мінулым годзе паступіла толькі 8 чалавек. Дарэчы, у нашай семінарыі навучаюцца таксама кармэліты, іх 6 чалавек, але разам усё роўна атрымліваецца мала. Выкладчыкі, у асноўным, маладыя, пяць з іх пастаянна жывуць у семінарыі, астатнія даязджаюць з парафій. Запрашаем свецкіх выкладчыкаў псіхалогіі і замежных моваў. З гродзенскай семінарыі нам дапамагаюць ксяндзы-выкладчыкі філасофіі і пастаральнай тэалогіі. Аднак, на маю думку, у нас вялікія перспектывы. Вельмі важна, і ў гэтым адметнасць нашай семінарыі, што выкладанне вядзецца на беларускай і часам на рускай мовах. Большасць літаратуры ў бібліятэцы таксама на зразумелых для студэнтаў мовах. Семінарысты таксама вывучаюць польскую, англійскую і старажытныя мовы.  

— Пінская семінарыя распачала сваю дзейнасць з 2001 года. Ці маеце ўжо сваіх выпускнікоў?

— Мы рыхтуем святароў для ўсёй Беларусі, акрамя Гродзеншчыны. У мінулым годзе першыя выпускнікі атрымалі святарскія пасвячэнні і былі накіраваны ў Пінскую дыяцэзію і Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію. У Віцебскай дыяцэзіі іншыя правілы: навучэнцы, якія прыехалі ў нашу семінарыю з Віцебшчыны, пасля заканчэння вучобы ў Пінску дыяканскія і, пазней, святарскія пасвячэнні прымаюць у сябе на радзіме. Сёлета заканчваюць навучанне на 6 курсе тры дыяканы.

Гэта няшмат. Аднак у еўрапейскіх краінах цяпер наогул існуе праблема з пакліканнямі...

— Праца з пакліканнямі — гэта пастаянная праца. Немагчыма аднаразовымі акцыямі рабіць вялікія рэчы. На маю думку, пакліканні заўсёды нараджаюцца пры ксяндзах, у парафіі. Таму, перш за ўсё, адказнасць кладзецца на парафіяльных святароў, якія павінны быць узорам для хлопцаў, каб тыя бачылі, што значыць па-сапраўднаму служыць Богу. Праца з моладдзю павінна быць арганізавана на ўзроўні дэканатаў і дыяцэзій. І тут недастаткова рэкалекцый раз у год.

З іншага боку, многае залежыць ад свядомасці самога чалавека. Сёння мы востра адчуваем недахоп рэлігійнасці ў сем’ях. Як малады чалавек ці дзяўчына могуць пачуць пакліканне да служэння Богу, калі ў сям’і, можа, увогуле пра Бога не думаюць і не гавораць? Раней лічылася за вялікі гонар, калі хтосьці з дзяцей прысвячаў сябе Богу, а сёння сям’я не спрыяе нараджэнню пакліканняў. На жаль, сённяшняя цывілізацыя не развівае імкнення служыць, падпарадкоўвацца, ахвяраваць сябе дзеля ідэі, а толькі нараджае прагу мець, набываць, прапануе розныя спакусы: спажывальніцтва, культ грошаў, бізнес, гіперсэксуальнасць — усё гэта не спрыяе жаданню служыць іншаму чалавеку.

— Гэта Божая справа — даваць свету святароў. Калі Ён захоча, іх, напэўна, будзе больш.


— Зразумела! З іншага боку, мы, жывучы на зямлі, павінны рабіць усё, каб Божае Валадарства на зямлі пашыралася. Так, Бог выбірае, кліча людзей. Аднак гэтую справу Бог даверыў таксама нам. Я б сказаў так: Бог дае ўсе магчымасці, дае пакліканне, але гэтую ласку будуе на прыродзе. Калі чалавек можа прыняць дар паклікання, Бог дасць яго. Нашае заданне — падрыхтаваць фундамент для прыняцця і развіцця паклікання. Тут, як у біблейскай прыпавесці пра сейбіта: Божае насенне падае ў розную зямлю, можа ўпасці на скалістую альбо на іншую, можа засохнуць, а можа прынесці плён. Бог дае пакліканні, Ён хоча, каб святароў было больш, аднак многае залежыць ад той глебы, на якую ўпадзе «насенне». Калі на голую, непадрыхтаваную, то яно не прарасце. Калі трапіць у церні, яны проста заб’юць яго.

— Часам сёння можна пачуць, што святарства — гэта прафесія, а не пакліканне.


— На жаль, можна. Губляецца сама ідэя служэння, але гэта не значыць, што святарства згубіла сваю сутнасць. Так, сёння ў нашым прагматычным грамадстве выходзяць на першы план іншыя вартасці. Прычынаў шмат, і мы пра іх ужо гаварылі. Гэта звычайныя чалавечыя спакусы, якія былі і будуць заўсёды. Сёння сярод моладзі і нават сярод нашых студэнтаў, якія, здавалася б, павінны «гарэць» ідэямі, найчасцёй сустракаецца мінімалізм і апатыя. Гэта сведчыць пра тое, што нават жаданне аддана служыць людзям трэба выхоўваць. З чым такі святар можа пайсці да людзей?

— У такіх умовах семінарыі цяжка…

— Так, я лічу, што семінарыя найперш павінна ўзяць на сябе ўзмоцненую місію захавання і прапагандавання ідэі служэння, бо без гэтай ідэі дарэмнай будзе нашая праца. Калі семінарыст не разумее, што ён пакліканы служыць іншым людзям, то стаўшы святаром, ён проста не зможа даць сабе рады. Калі мае жаданне быць каралём, то не ў тое месца трапіў. А ўмовы працы могуць быць самыя розныя, часам зусім не ідэальныя.

— Чаго Вы чакаеце ад семінарыі ў будучым?


— Пінская семінарыя — яшчэ зусім маладая навучальная ўстанова. Таму, на маю думку, у яе наперадзе — развіццё традыцый, узмацненне матэрыяльнай і навучальнай базы. У нас ужо цяпер ёсць свой музычны гурт «Адраджэнне», уласная футбольная каманда. Ёсць спартыўная зала, футбольнае поле і валейбольнае. У нас ужо дастаткова вялікая бібліятэка, і мы ўвесь час набываем новую літаратуру. На жаль, духоўнай літаратуры на беларускай мове пакуль што няшмат. Але перад намі — і студэнтамі, і выкладчыкамі — стаіць заданне пашыраць свае веды, паглыбляць духоўны вопыт, удасканальваць методыкі выхавання і навучання, пашыраць сацыяльную дзейнасць.

Ксёндз Андрэй Зайчык нарадзіўся ў 1976 г. у Брэсце, у 1999 г. скончыў Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. У 2001 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Пазней атрымаў дыплом магістра тэалогіі і ліцэнцыят Люблінскага каталіцкага універсітэта па спецыяльнасці біблейская тэалогія. Завочна вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасці беларуская філалогія, выкладае біблейскую тэалогію і старажытна-грэцкую мову Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску. Адначасова з’яўляецца дырэктарам семінарыйнай бібліятэкі і апекуном парафій Столінскага раёна.
 

Размаўляла Таццяна Вішнеўская
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.