Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Інтэрв’ю з біскупам Антоніем Дзям’янкам: удзячнасць — хрысціянская рыса
Інтэрв'ю
7 снежня 2008 г. ва ўсёй Польшчы адзначаўся ІХ Дзень малітвы і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе. У адказ на гэтую ініцыятыву Касцёл у Беларусі ў гэты дзень маліўся за Касцёл суседняй Польшчы. Пра гэта чытайце ў інтэрв’ю з Дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупам Антоніем Дзям’янкам.

— 7 снежня, у ІІ Нядзелю Адвэнту, ужо дзевяты год запар у Польшчы адзначаецца Дзень малітвы і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе, у тым ліку і Касцёлу ў Беларусі. Ваша Эксцэленцыя, раскажыце, калі ласка, чыя гэта была ініцыятыва.


— Гэтая ініцыятыва паходзіць з боку Польшчы, але таксама і ад нас. Перш за ўсё, калі адбудоўваліся касцёлы, аднаўляліся касцёльныя структуры, і вернікі, і душпастыры, і біскупы звярталіся па дапамогу ў розныя месцы. Адказам на гэтыя просьбы і была салідарная дапамога з розных лакальных Касцёлаў, таксама і ад вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Польшчы.

— Скажыце, калі ласка, якія праекты ўдалося здзейсніць у Беларусі дзякуючы дапамозе Каталіцкага Касцёла ў Польшчы?

— Многія праекты ўдалося рэалізаваць, і пра гэта варта было б запытацца ў душпастыраў шматлікіх парафій. Вось мы, напрыклад, знаходзімся ў Душпастырскім цэнтры, у Сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, які таксама быў пабудаваны дзякуючы менавіта фінансавым сродкам, ахвяраваным Касцёлам Польшчы. Гаворачы пра дапамогу, нельга не адзначыць яе прысутнасці ў катэхізацыі, у працы з сем’ямі, у арганізацыі рэкалекцый, а таксама ў выдавецкай дзейнасці. Мы вельмі ўдзячны католікам з Польшчы за дапамогу ў выданні перыядычнага каталіцкага друку.

— Касцёл у Беларусі ў сваю чаргу ў ІІ Нядзелю Адвэнту ўзносіць малітвы за Касцёл у Польшчы...

— Удзячнасць — гэта рыса хрысціянская. Напэўна, прыйдзе такі час, калі Касцёл на Беларусі таксама будзе дапамагаць тым, хто знаходзіцца ў яшчэ большай патрэбе. І такія выпадкі ўжо былі. Але на сённяшні дзень востраю з’яўляецца неабходнасць пабудовы святыняў у месцах пражывання католікаў па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Мы звяртаемся ў розныя месцы па дапамогу. І, безумоўна, тыя душпастыры і геаграфічныя цэнтры, якія атрымліваюць гэтую дапамогу, вельмі ўдзячныя за яе. Варта адзначыць, што ў некаторых парафіях працуюць польскія святары, так званыя святары fidei donum (дару веры). Гэта таксама з’яўляецца велізарнай дапамогай Каталіцкага Касцёла з суседняй Польшчы, бо ў многіх парафіі няма святара. Ведаем таксама, колькі каштуе падрыхтаваць юнака, клерыка да святарскага служэння. Таму праца ў нашай краіне святароў з Польшчы павінна выклікаць вялікую ўдзячнасць католікам з Польшчы, бо менавіта яны ўкладвалі сродкі, дапамагалі, каб юнак, клерык атрымаў адпаведную фармацыю, бо менавіта яны велікадушна пасылаюць яго сюды на запрашэнне католікаў з Беларусі, каб ён тут рэалізоўваў сваё святарскае пакліканне, служыў Богу і людзям.

— Ваша Эксцэленцыя, Вы, як душпастыр, добра ведаеце, якою была сітуацыя Каталіцкага Касцёла на Беларусі на працягу гэтых дзевяці гадоў, і, напэўна, можаце падсумаваць, наколькі патрэбнаю і своечасоваю была і духоўная, і матэрыяльная дапамога з боку нашых суседзяў.

— Гаворачы пра своечасовасць дапамогі, скажу, што многія сакральныя будынкі, якія маюць гістарычную і культурную каштоўнасць, былі выратаваны дзякуючы, між іншым, гэтай салідарнай дапамозе. Я ўзгадваю Навагрудчыну, дзе працаваў дзесяць гадоў таму. У адзін год вернікі адбудоўвалі дзесяць разбураных касцёлаў, вельмі старых касцёлаў. Напрыклад, касцёл ва Уселюбі (1433 г.). Больш за трыццаць гадоў на месцы святыні былі толькі руіны. Дамініканскі касцёл у Навагрудку (1643 г.) таксама быў узняты з руінаў. Варта адзначыць, што на працягу аднаго-двух гадоў немагчыма было адбудаваць гэтую святыню выключна на сродкі мясцовых вернікаў. Святыні адбудаваны — адна і другая. Цяпер вернікі гэтых парафій могуць дапамагаць іншым, але ў свой час дапамога была патрэбна ім. Я таксама ўзгадваю касцёл у Варончы (Карэліцкі раён, ХVII ст.). Святыня была ўзарвана, толькі дзве сцяны засталіся ад трохнававага касцёла з дзвюма вежамі, дзвюма закрыстыямі, капліцай. Нічога не засталося. Значныя сродкі на адбудову гэтай святыні былі сабраны вернікамі з Польшчы.

— Шаноўны біскуп Антоні, Вы асабіста і ад імя ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Беларусі ва ўсёй гэтай справе каму б хацелі выказаць падзяку?

— Ад свайго імя, а таксама ад імя вернікаў, якія просяць мяне падзякаваць дабрачынцам за фінансавую і іншага роду дапамогу, накіраваную на аднаўленне парафіяльных структур, адбудову памяшканняў для патрэбаў душпастырства, я хачу падзякаваць тым, хто гэтыя ахвяраванні складае, тым, хто не шкадуе грашовых сродкаў, а таксама ахвяруе іншыя рэчы — арнаты, келіхі, літургічныя кнігі, акустычную апаратуру, музычныя інструменты, якія ахвярадаўцы дораць капліцам, касцёлам, душпастырскім цэнтрам. Хачу таксама падзякаваць паасобным парафіям, дэканатам, паасобным святарам, дыяцэзіяльным курыям, дыяцэзіяльным біскупам, таму што многае залежыць ад кіраўніка Касцёла. Хачу выказаць падзяку розным дабрачынным арганізацыям у Польшчы, якія таксама дапамагаюць нам у гэтым накірунку.

— Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.