Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Інтэрв’ю з праваслаўным епіскапам Гродзенскім і Ваўкавыскім Арцеміем
Інтэрв'ю
Не так даўно ў Праваслаўнай Царкве адбылася эпахальная падзея — абранне Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі. Новы Патрыярх — гэта новы вектар, новы шлях развіцця Царквы. У якім накірунку паверне Патрыярх Кірыл «карабель» Царквы? Ці варта чакаць рэформаў, пра якія так гучна кажуць СМІ? Як будуць развівацца адносіны Рускай Праваслаўнай Царквы з іншымі канфесіямі? Пра гэта апавядае епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій, які ў складзе дэлегацыі Беларускай Праваслаўнай Царквы таксама прымаў удзел у Саборы і ў абранні Патрыярха.

— Уладыка Арцемій, ці было для Вас складана зрабіць выбар? Наколькі мне вядома, Вы былі знаёмыя з цяперашнім Патрыярхам Кірылам з часоў навучання ў семінарыі?

— Так, у мяне да Мітрапаліта, а сённяшняга Патрыярха Кірыла, асаблівыя адносіны. Пасля ваеннай службы ў 1976 г. я паступіў у Ленінградскую духоўную семінарыю, дзе ў той час ён быў рэктарам. З першых жа дзён я адчуў яго падтрымку. Фактычна, знаходзячыся ў савецкай дзяржаве — атэістычнай, ваяўнічай, — наша духоўная школа ў тыя часы смела абараняла свае правы. За кожнага чалавека вялася барацьба: рэктар асабіста бараніў кожнага юнака, які прыходзіў вучыцца ў семінарыю. Мы ўсе вельмі любілі і глыбока паважалі рэктара за яго шчырае і гарачае слова, за яго прыклад (...) ваяўнічага хрысціянства (бо Царква павінна быць ваяўнічай, аднак, не ў нейкіх палітычных дзеяннях, але, як сам Хрыстус, не павінна мірыцца ні з якой няпраўдай, ні з якой хлуснёй). Уладыка Кірыл быў добрым прыкладам у гэтым. Пры ім наша школа адрознівалася добрым узроўнем падрыхтоўкі: як духоўнай, так і інтэлектуальнай. Кожны студэнт быў атулены клопатам...

— Які ўплыў рэктар Кірыл аказаў на Вас? Што ёсць агульнага паміж вамі?

— Разумееце, галоўнае, што адштурхоўвае ад праваслаўя маладых людзей, новых людзей — гэта штучнае духоўнае жыццё, тое, што Патрыярх Кірыл называе «музейным» хрысціянствам. Часам мы прыходзім у касцёл або ў праваслаўны храм і сустракаем «нашых бабуляў», (...) у якіх усё — «нельга», якія толькі «шыпяць» на ўсіх... Вось гэтае штучнае духоўнае жыццё, чыста рытуальнае, традыцыйнае, яно, можа, і неабходна, але не ў гэтым сутнасць хрысціянства. А ўладыка Кірыл заўсёды быў прыкладам шчырасці, не было ў ім нейкай штучнасці. Ён жыў у горадзе, часам мог прыйсці ў цывільным касцюме ў духоўную школу, бо дабіраўся на грамадскім транспарце. У адносінах з намі, студэнтамі, ён заўсёды паводзіў сябе вельмі непасрэдна.

Мне ўзгадваецца такі выпадак. У пакоі мы жылі ўтраіх: два еўрапейцы і адзін эфіоп. І вось аднойчы бяжым мы раніцай перад заняткамі па парку і раптам бачым — рэктар. Мы так перапужаліся: што скажа? А ён нечакана: «Малайцы! Чалавек павінен гарманічна развівацца ва ўсім і ўсюды (...). Як бы мне хацелася вось так з вамі трошкі пабегаць». Ён імкнуўся стварыць супольнасць нават у такім, здавалася б, свецкім накірунку.

Усё гэта застаецца ў памяці, як і тое, што ў праграме навучання ў нас было наведванне музеяў, краязнаўчых месцаў. Да нас прыязджалі лектары з розных куткоў Расіі, з-за мяжы. Усё гэта было вельмі цікава. У нас закладвалася ўсебаковае развіццё, шырокае разуменне хрысціянства — хрысціянства як радасці жыцця, як паўнаты жыцця. Прыкладам гэтага з’яўляўся ўладыка. След яго асобы, несумненна, застаўся і ўва мне, і ў нашых гродзенскіх святарах. У кожным, хто прайшоў Ленінградскую духоўную школу, ёсць такі асаблівы імпульс — патрыяршы.

— Уладыка, сёння імя Патрыярха Кірыла асацыіруецца з магчымымі рэформамі. СМІ падаграваюць гэтую тэму. Ці варта чакаць зменаў і, калі так, то якіх?

— Патрыярх Кірыл у сваім інтэрв’ю паведаміў, што знешніх рэформаў не чакаецца. Ніякая рэформа, ніякая ўстаноўка звыш не можа змяніць сутнасці нашага царкоўнага жыцця. Думаю, больш важна будзе акрэсліць задачы, якія сёння стаяць перад нашай Царквой. Чым з’яўляецца Царква? Як, у чым яна павінна праяўляць сябе свету? Мяне асабліва ўразілі ў прывітальным звароце Патрыярха (а ён сказаў яго ў прысутнасці кіраўнікоў рускай дзяржавы) словы пра тое, што Царква — гэта голас абяздоленых. Такім чынам ён заявіў, што Царква — не ідэалагічны прыдатак дзяржавы. Царква мае свой самастойны голас, як «соль зямлі», як «святло для свету».

Сёння перыяд знешняга адраджэння Царквы ўжо завяршаецца, і асноўная ўвага будзе нададзена ўнутранаму ладу царкоўнага жыцця. Таму ніякіх рэфарматарскіх дзеянняў пакуль што не плануецца. Хутчэй шляхам натуральнага духоўнага развіцця зменіцца дух нашага ўнутранага ладу. Калі мы будзем шчырымі хрысціянамі — гэта ж не рэформа, а проста адшуканне сутнасці.

— Гэта значыць, чагосьці падобнага на ІІ Ватыканскі Сабор не адбудзецца?

— Не трэба паўтараць тое, што ўжо было ў гісторыі. Стараабрадцаў у нас хапае, і не трэба рабіць «стараабрадцаў-2». (...) Дай Бог нам зразумець тое, што маем. Што рэфармаваць, калі мы яшчэ не асэнсавалі таго, што ў нас перад вачыма? Калі ўзяць людзей веруючых (тых, якія называюць сябе веруючымі) — многія з іх абсалютна не разумеюць евангельскай сутнасці. Яны разумеюць толькі знешне, традыцыйна, фармальна. А павінна быць больш глыбокае разуменне нашай веры. Важна зразумець, чым з’яўляецца вера. Які сэнс я ўкладаю ў гэтае слова? Якія абавязкі ўскладае на мяне вера? Як я, веруючы, павінен рэагаваць на тое, што адбываецца ў духоўным і знешнім жыцці. Якая адказнасць хрысціяніна за ўсё, што адбываецца сёння?

Мне заўсёды падабалася адно з апавяданняў свяціцеля Арсенія. Масква, 1930-я гады... Епіскап на пенсіі, жыве ў кватэры, бо Царква перажывае ганенні, храмы зачыняюцца. Пад яго апекаю ўсяго толькі некалькі манахінь. У іх была цікавая паслухмянасць. Яны вязалі шалікі, рукавічкі, капялюшыкі, а затым насілі на вакзал і аддавалі зняволеным. Уяўляеце?! Вакзал, стаяць вартаўнікі, да вагонаў падысці нельга, бо будуць страляць. І вось, гэта маленькая дзяўчынка, манахіня, бяжыць і «ўручае» падарункі зняволеным, якія глядзяць з разбітага акна ў халодны зімовы дзень. Манахіням асабліва запомніліся ўзбекі, якія ехалі ў таварным неатапляльным вагоне ў халатах і цюбецейках, усе наскрозь прамерзлыя. І вось падбягае хрысціянка і дае ім гэты пакецік, рызыкуючы ўласным жыццём. Здавалася б, ты — хрысціянка, яны — мусульмане: што табе да іх? І наогул, гэта ўнутраныя праблемы савецкай улады, цябе яны не датычаць. Ты маліся, захоўвай пост, апрані чорную хустачку і хадзі сабе, гледзячы пад ногі. Але ж не ў гэтым заключаецца хрысціянства! Важна зразумець сутнасць хрысціянства і сваю адказнасць за тое, што адбываецца навакол.

— З якімі прапановамі Вы хацелі б звярнуцца да Патрыярха Кірыла?

— Я думаю, што ўсе пытанні мы павінны вырашаць знутры, так сказаць — знізу. Не думаю, што мы будзем цяпер чакаць нейкага загаду, каб жыць і працаваць. Усё і так зразумела. Усё ж залежыць ад нас з вамі, і не столькі, можа, ад епіскапа або Патрыярха, колькі ад простых людзей. Можна закрануць пытанні пра нацыянальную мову ў нашым богаслужэнні, аб пропаведзі на нацыянальнай мове і іншыя пытанні, аднак жа, гэта павінна таксама вырашацца і на ўзроўні вернікаў. Усё павінна саспець у нашых з вамі сэрцах. Калі мы з вамі прапануем заўтра штосьці глыбокае і абдуманае, то я не думаю, што зверху нам будуць пярэчыць. Галоўнае, каб мы былі гатовымі да гэтага, каб нам гэта было неабходна. Аднак сёння трэба павялічваць не столькі колькасць фармальных прыхажанаў або колькасць храмаў, колькі «якасць» вернікаў, якія прыходзяць у храм.

— У адносінах з католікамі можна чакаць зменаў?

— На маю думку, уладыка Кірыл — гэта разумны, лаяльны чалавек, без прадузятасцяў, які глыбока разумее сэнс праваслаўя, яго прызначэнне, яго накірунак і сутнасць. Таму дыялог паміж канфесіямі, адносіны, агульныя хрысціянскія пазіцыі — так, будуць умацоўвацца.

Ведаеце, сёння на часта выдуманых разладах паміж праваслаўнымі і католікамі шмат спекулююць. Гэта адбываецца ў тым выпадку, калі ў Царкву ўмешваецца палітыка. Але гэта толькі перашкаджае. Бо Царква ўсё ж такі перадусім мае на мэце аздараўленне чалавека.

— Аднак Патрыярха Кірыла многія якраз і лічаць палітыкам?

— Той, хто сам палітык, той і бачыць у ім палітыка. Веруючы чалавек бачыць у ім у першую чаргу пастыра. А хіба можа сапраўды веруючы пастыр варожа адносіцца да людзей? Мы толькі што гаварылі з вамі пра ўзбекаў.

Ну чаму мы павінны католікаў ненавідзець? Або чаму мы павінны забываць сутнасць сваёй традыцыі візантыйскай, глыбіню свайго багаслоўя? Цяпер, наадварот, відавочная цікавасць да ўсходняга багаслоўя. Асабіста я лічу, што трэба многаму павучыцца ў заходніх хрысціянаў: арганізацыйным парадкам, знешняму ладу, дысцыпліне, грамадскай актыўнасці. А заходнім хрысціянам можна бясконца чэпаць з усходніх глыбіняў багаслоўя. І праз узаемнае дапаўненне, абагачэнне мы павінны падтрымліваць адносіны, і нам і ім гэта толькі на карысць.

Калі я прыходжу да студэнтаў ва ўніверсітэт і пытаюся: «Хто самыя страшныя людзі для нас?», яны адказваюць: «Католікі». Нехта ўжо ўклаў у іх гэтую пазіцыю. Я ім кажу: «А сатаністы?.. Сатаністы — сябры?». Вось такое неразуменне.

На маю думку, калі ёсць штосьці агульнае, калі можа быць нейкі дыялог, неабходна ўзаемна абагачаць адно аднаго, дапамагаць зразумець сутнасць нашай веры. Хіба нам няма пра што пагаварыць з мусульманамі, юдэямі?.. Няма чаго абмеркаваць? А пратэстанты? Як яны вераць у Хрыста, як чытаюць Евангелле!... Хіба не годныя яны любові, пашаны, разумення? І чаму пратэстанты наогул узніклі? Ці не таму, што мы сталі «знешнімі», «дзяржаўнымі»?

Нішто ў Царкве на адбываецца выпадкова. Усе нашы расколы, падзелы — гэта рэакцыі царкоўнага арганізма на тыя хваробы, якія адбываюцца ў царкоўным жыцці. Узгадаем савецкі перыяд нашай гісторыі. Тут нам, праваслаўным, у католікаў трэба было б павучыцца, бо яны засталіся прынцыповымі ў пэўных пытаннях. Хіба гэта не годна пашаны? А колькі паміж намі агульнага, у рэшце рэшт, колькі агульных праблемаў! Дык, можа, мы будзем разам гэтыя праблемы вырашаць?!

Возьмем любое вучэнне святых айцоў... Калі ты гаворыш, што ты цудоўны, значыць у духоўным плане ты ўжо мёртвы. Калі ты кажаш, што ў цябе ёсць праблемы, але вінаваты ў іх твае суседзі, ты ўвогуле апантаны. У духоўным жыцці так: калі веруючы чалавек кажа, што ён ідэальны, а вакол яго адны чэрці, адразу становіцца зразумела, што гэта духоўна хворы чалавек. Такім чынам, чаму мы павінны паказваць сябе духоўна хворымі?

— На Вашу думку, уладыка, ці надышоў ужо час, калі Царкве неабходна выразна акрэсліць сваю пазіцыю?

— Вы ўдумайцеся. Чаму ў 1917 годзе Царква стала перад такой складанай праблемай? Чаму наогул узнікла сітуацыя рэвалюцыі ў праваслаўнай дзяржаве? Як мы да гэтага прыйшлі?

Мне вельмі запомнілася сустрэча з немцамі, якая адбылася гадоў 10 таму. Памятаю, як яны ўжо неяк назойліва (...) прасілі ў нас прабачэння за Другую сусветную вайну. І казалі, што пасля вайны немцы доўга абмяркоўвалі, як такое магло здарыцца з іх народам (хрысціянскім!) у якога такая моцная Царква, магутная хрысціянская традыцыя? Як такое магло здарыцца? Чаму ўсе разам страцілі розум? Сёння ў Германіі дзейнічае так званая духоўная акадэмія, у якую ўваходзяць прадстаўнікі грамадскасці, пратэстанты, католікі — і яны аказваюць уплыў на рашэнні ўрада. Напрыклад, Бундэстаг (парламент Германіі — рэд.) прыняў рашэнне ўвесці войскі ў Іран, на што духоўная акадэмія выказалася: «Не, мы не згодныя». І да гэтага голасу абавязаны прыслухацца.

Нам таксама ўжо час задумацца: ці ёсць у нас наогул голас царкоўны? Ці мы можам быць толькі паслугачамі ў добрых справах? Нам нельга больш зачыняцца ў сваіх храмах і радавацца. Надыходзіць перыяд, калі хрысціяне павінны стаць закваскай, павінны вызначаць грамадскія настроі. Масавых заганаў не існавала б, калі б хрысціяне сапраўды былі соллю зямлі.

Размаўляла Марыя Давідовіч
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.