Біскуп Кірыл Клімовіч заўсёды моліцца за жывы Касцёл у Беларусі |
Інтэрв'ю |
24.08.2010 17:10 |
Падчас сёлетніх урачыстасцяў у Браславе (Віцебская дыяцэзія), якія адбываліся 21–22 жніўня, ардынарый дыяцэзіі Святога Юзафа ў Іркуцку біскуп Кірыл Клімовіч распавёў пра сваё служэнне ў размове з Catholic.by. Восем год таму іерарх пакінуў Беларусь, але заўсёды памятае ў малітве святароў, законнікаў, законніц і люд верны, якія з’яўляюцца жывым Касцёлам нашай краіны. — Ваша Эксцэленцыя, дыяцэзія ў Іркуцку здзіўляе сваімі абшарамі і нацыяльнальным каларытам. Як выглядае праца на гэтых землях? — Дыяцэзія Святога Юзафа ў Іркуцку — самая вялікая па тэрыторыі ў свеце. Яна ахоплівае 10 мільёнаў квадратных кіламетраў. Рэлігійныя аб’яднанні Іркуцкай вобласці адносяцца да 21 канфесіі і дэнамінацыі. Праца ёсць заўсёды, ды і католікі ёсць усюды. Сярод іх не толькі ўраджэнцы Беларусі, Польшчы, Украіны, Латвіі, Літвы, але таксама ўжо і мясцовыя жыхары: бураты, якуты. Яны самі добраахвотна хочуць вызнаваць гэтую веру. — Хто працуе разам з Вамі? Ці дастаткова душпастыраў? — Святароў няшмат. На сённяшні дзень працуюць 45 святароў, 68 сясцёр законных. Дзякуючы Богу, ёсць пакліканні, і пры гэтым найбольш да законнага жыцця. З іншага боку гэта вельмі добра, бо калі хтосьці мяняе месца служэння, супольнасць забяспечвае замену. — Вы адзначылі, што пакліканні да святарства ёсць. Ці шмат іх? — Пакліканняў няшмат. Аднак калі параўноўваць з іншымі краінамі і браць пад увагу колькасць католікаў, то сітуацыя нядрэнная. На сённяшні дзень у нас няма ніводнага дыяцэзіяльнага семінарыста, бо ўсе належаць да пэўнай законнай супольнасці. Навучаюцца будучыя святары ў Санкт-Пецярбургу, а таксама ў Польшчы, Італіі. — Ці ёсць у даручанай Вам дыяцэзіі духоўныя ўстановы, перш за ўсё, семінарыі? — Расія падзелена на чатыры дыяцэзіі з цэнтрамі ў Маскве, Навасібірску, Саратаве, Іркуцку. Для ўсіх чатырох дыяцэзій ёсць адна семінарыя ў Санкт-Пецярбургу. — Вы кажаце, што парафіі знаходзяцца вельмі далёка адна ад адной. Колькі часу можа займаць візітацыя? — Візітацыя працягваецца прыкладна тыдзень. Супольнасці невялікія, але еду да ўсіх. Парафіі раздзяляюць вялікія адлегласці, таму дабіраюся да іх самалётам. У Іркуцку я працую восьмы год і ўжо па некалькі разоў быў у кожным дэканаце. Усяго ж налічваецца пяць дэканатаў: Іркуцкі, Якуцкі, Краснаярскі, Уладзівастоцкі, Магаданскі. У мінулым годзе, калі адзначаў 10-годдзе біскупскай сакры, атрыманай у мінскай архікатэдры, мне ўдалося сабраць у Іркуцку ўсіх сваіх святароў і законніц на канферэцыю, прымеркаваную таксама і да юбілею сакры. Канферэнцыя працягвалася амаль тыдзень, і ўсе цешыліся, што маглі быць разам. — Хто дапамагае праводзіць катэхізацыю? Ці ёсць свецкія асобы, зацікаўленыя ў гэтай справе? — Безумоўна, катэхізацыю праводзяць святары і сёстры законныя. Аднак катэхізуюць і свецкія людзі. У маёй дыяцэзіі каля ста чалавек прайшлі спецыяльную 5-гадовую падрыхтоўку. Ва Уладзівастоку, Іркуцку і Хабараўску ёсць адпаведныя ўстановы. Выкладаць прыязджаюць святары таксама з-за мяжы. Таму катэхізатары атрымліваюць належную падрыхтоўку і ўсе неабходныя веды. — Калі супаставіць колькасць парафій і святароў?.. — Адзін святар можа абслугоўваць чатыры, пяць і нават шэсць парафій. Парафіі, як я ўжо казаў, на вялікай адлегласці, але святары стараюцца быць усюды. У Краснаярскім дэканаце, напрыклад, працуюць два маладыя святары, якія адзін-два разы на месяц даязджаюць у 18 пунктаў. Парафіі невялікія. Не ўсе моляцца ў касцёлах, шмат капліц, святыя Імшы адпраўляюцца і па дамах. Аднак тэндэнцыя да павелічэння парафіяльных супольнасцяў ёсць. Шмат вернікаў дарослага ўзросту прыступаюць да сакрамэнту хросту і Першай святой Камуніі. Ужо і дзеткі ёсць, якія, можна сказаць, выраслі ў Касцёле. — Ваша Эксцэленцыя, вернікі Беларусі помняць Вас найперш як руплівага святара, які заўсёды з разуменнем падыходзіў да людскіх праблем і цяжкасцяў. У часы Вашага служэння ў мінскай архікатэдры да Вас многія прыязджалі на споведзь, бо ведалі, што амаль кожны вечар Вы былі ў канфесіянале. Некалькі словаў для душпастыраў, а таксама людзей, якім Вы служылі доўгія гады тут, у Беларусі... — Жадаю ўсяго найлепшага душпастырам, якія нясуць служэнне ў Беларусі, і мясцовым вернікам. Да сустрэчы! Не толькі ў Беларусі, але і ў Іркуцку! — Дзякую за размову. Размаўляла Валянціна Крутая |