Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кардынал Дзівіш пра кардынала Свёнтка: ён адышоў і адначасова застаўся
Інтэрв'ю
26.07.2011 13:42

«Кардынал нават пасля смерці з’яўляецца вялікім дарам Бога для мясцовага Касцёла», — падкрэсліў у інтэрв’ю для Сatholic.by кардынал Станіслаў Дзівіш, Мітрапаліт Кракаўскі і былы асабісты сакратар благаслаўлёнага Яна Паўла ІІ. Кардынал Дзівіш 25 ліпеня 2011 г. узначаліў жалобнае набажэнства і пахаванне кардынала Казіміра Свёнтка ў крыпце пінскай катэдры.

— Ваша Эмінэнцыя, калі Вы пазнаёміліся з кардыналам Казімірам Свёнткам? Якім было Вашае першае ўражанне пра гэтага чалавека?

— Я пазнаёміўся з ім у Польскім інстытуце ў Рыме. Не ведаю, ці гэта быў яго першы прыезд у Рым, але ўражанне ён зрабіў на ўсіх студэнтаў у інстытуце і святароў, якія былі туды запрошаны, бо ўсе ўжо ведалі яго гісторыю. Гісторыю з жыцця, якая была выключнай. Мы глядзелі на яго, як на жывога мучаніка. Асабліва нас уразіла гісторыя, звязаная з яго працэсам, з прысудам на смерць, зняволеннем. Потым ён быў асуджаны другі раз, але не на смерць, а ў лагеры, якія маглі скончыцца смерцю. Распавядаў жа ён пра гэта так проста! Быў поўны веры. Не было ў ім нянавісці. Распавядаў пра тыя свае страшныя перажыванні, але так, нібы гэта датычыла кагосьці іншага. Такою была першая сустрэча, потым было яшчэ шмат іншых сустрэч.

Дапускаю, што Святы Айцец (Ян Павел ІІ — Рэд.) не сустракаў яго раней, а сустрэў яго менавіта ў Рыме. Ён вельмі добра запомніў яго імя і яго твар, і звязваў з ім вялікія надзеі. Тыя ўсе намінацыі — гэта выраз надзеі Святога Айца ў адносінах да Касцёла ў Беларусі.

— Вы былі сябрам кардынала Казіміра Свёнтка. Які гэта быў сябар?

— Так, магу сказаць шчыра, што ён быў маім сябрам. Ён прыходзіў да мяне з рознымі справамі. Нават калі прыходзіў толькі да мяне, я заўсёды стараўся зрабіць магчымым кантакт са Святым Айцом на аўдыенцыях, а перш за ўсё на прыватных сустрэчах: ці за абедам, ці за вячэрай — пры кожнай нагодзе Святы Айцец хацеў яго бачыць, хацеў з ім размаўляць, хацеў яго пачуць. Ён зблізку сачыў за ўсімі справамі, якія адбываліся ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі і ўвогуле ў Беларусі. Кардынал з вялікім даверам прыходзіў абмеркаваць нават вельмі далікатныя справы, пра якія не буду казаць, бо звязаны службовай таямніцай. Гэтыя размовы заўсёды праяўлялі вялікую сталасць, сталасць чалавека, які праз цяжкае жыццё навучыўся слухаць і разумець іншага чалавека.

— Вы працавалі разам з Вялікім Папам, сёння ўжо благаслаўлёным Янам Паўлам ІІ, кардынал Свёнтэк працаваў у Беларусі. Як удавалася падтрымліваць сяброўскія сувязі?

— Гэта было сяброўства ў справах. Кардынал прыходзіў па ўсіх пытаннях. Калі ўладзіў справу з катэдрай у Мінску, прыйшоў з радасцю, каб паказаць здымкі, паказаць, што там ёсць, колькі трэба грошай на аднаўленне святыні. Таксама было і з аднаўленнем катэдры ў Пінску. А з якім клопатам ён казаў пра патрэбы семінарыю ў Пінску! З усім гэтым прыходзіў да Святога Айца праз мяне. Гэта было ў яго сэрцы. Таксама і справа беатыфікацыі біскупа Лазінскага. Для яго ён быў айцом, айцом, якога ён любіў. Я яму казаў, што няма цудаў, каб распачаць беатыфікацыю. А ён мне кажа: а тое, што сталася ў Беларусі?! Тое, што тут ёсць біскупы, хіба гэта не маральны цуд?!

Сёння арцыбіскуп Кандрусевіч сказаў мне, што возьме на сябе ўсе ягоныя клопаты, якія засталіся не здзейсненымі: прыезд Святога Айца ў Беларусь і беатыфікацыя біскупа Лазінскага. Святы Айцец Ян Павел ІІ таксама меў велізарнае набажэнства да Слугі Божага біскупа Зыгмунта Лазінскага. Ён даведаўся пра яго, калі быў семінарыстам. І падчас рэкалекцый, а потым падчас падрыхтоўкі да святарства біскуп Пінскі быў натхненнем для семінарыстаў у Кракаве. Калі я пайшоў у семінарыю, то таксама атрымаў тэкст з біяграфіяй біскупа Лазінскага, яго абразік да гэтага дня маю ў малітоўніку. Культ ушанавання біскупа Лазінскага быў не толькі ў Пінску, але і ў паўднёвай Польшчы, не ведаю, як ва ўсёй Польшчы, а ў паўднёвай Польшчы дакладна — у Кельцах, у Кракаве.

— Можа, Вам прыходзіць на памяць які-небудзь цікавы выпадак з усіх гэтых сустрэч кардынала з Вамі і са Святым Айцом? Якімі былі гэтыя сустрэчы?

— Кардынал са спакоем расказваў пра розныя справы, пра свае перажыванні і клопаты, звязаныя з сустрэчамі з уладамі, пра барацьбу за Каталіцкі Касцёл у Беларусі. (…) Са Святым Айцом кардынал любіў пасмяяцца, паспяваць, пажартаваць, але ніколі не з кагосьці. Сустрэчы са Святым Айцом заўсёды праходзілі ў спакойнай атмасферы, былі поўнымі павагі і клопату.

— Якімі былі адносіны кардынала Свёнтка з Янам Паўлам ІІ? Што Папа казаў пра яго?

— Святы Айцец меў да кардынала давер і жадаў аднаўлення Касцёла ў Беларусі пасля вялікіх страт. І фундаментам гэтага Касцёла стаўся мучанік — кардынал Свёнтэк. Так, як у першыя вякі.

— Вы як арцыпастыр кракаўскай катэдры, як найбліжэйшы супрацоўнік Яна Паўла ІІ, які заклік хацелі б скіраваць да вернікаў Беларусі ў сувязі з адыходам у вечнасць кардынала?

— Ён адышоў і адначасова застаўся. Я моцна веру, што яго новая прысутнасць можа быць яшчэ больш плённай. Бо … людзям патрэбны такія светачы. А ён быў тым светачам, які асвятляў дарогу. Задачай духавенства з’яўляецца тое, каб гэтая постаць не была забыта. Гаворка ідзе пра тое, каб заставалася памятаць не толькі пра яго фізічнае быццё, але і пра пасланне, якое з ім звязана: адвага, поўнае адданне сябе справе, непадзельнасць у святарскім служэнні. Кардынал быў пастырам да канца. Не толькі для Касцёла ў сваёй дыяцэзіі, але і для Касцёла ва ўсёй Беларусі. Смела можна сказаць, што ён — айцец адноўленага Касцёла ў Беларусі. Думаю, кардынал нават пасля смерці з’яўляецца вялікім дарам Бога для мясцовага Касцёла. Ён заўсёды будзе заставацца адпраўным пунктам.

— Дзякуем за словы надзеі і падтрымкі.

Размаўляў кс. Юрый Жэгарын

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.