Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ксёндз Стэцкевіч: я да апошняй хвіліны не ведаў, што мой брат таксама збіраецца ў семінарыю… |
Інтэрв'ю |
04.12.2012 18:39 |
Яны — браты-блізняты. Прытым абодва — ксяндзы-прэлаты. Ксёндз Андрэй і Юрый Стэцкевічы. Як жывецца братам у святарстве? Ці сапраўды паміж імі існуе нябачная інтуітыўная сувязь, пра якую так любяць казаць вучоныя?
Кс. Андрэй Стэцкевіч лічыць, што такая сувязь, можа, і існуе, але не ў іх выпадку. У інтэрв’ю для Catholic.by святар узгадвае сваё з братам маленства і разважае пра тое, з чым сутыкаешся, калі маеш брата-блізнюка. — Ці часта вас блытаюць? — Здараецца. Прыйдзе часам хто, павітаецца, скажа: «Ну, як там у Калініградзе?» А я адкажу: «Трэба выехаць у Калінінград і даведацца». Перапытваюць: «Як так? Вы ж толькі адтуль». Я і кажу: «Не я з Калініграда, а мой брат». І такіх сітуацый было дастаткова. Часам адразу і не прызнаваўся, што гаворка не пра мяне (смяецца — Аўт.). У такіх выпадках я кажу: «Калі вы пра адданне пазыкі, то гэта дакладна быў не я, а мой брат» (усміхаецца — Аўт.). Але наша падабенства цалкам іншае, калі мы знаходзімся поруч. — А святары вас не блыталі? — Не. А вось парафіяне блыталі. Сустрэне мяне хто ў Мінску і пачынаецца: «Ксёндз Юрый, а што вы тут робіце, у Мінску?» У такіх выпадках я адказваю: «Я не кс. Юрый, я ксёндз Андрэй і жыву ў Мінску ўжо пяты год» (усміхаецца — Аўт.). — Дзе праходзіла ваша з братам дзяцінства? — Мы з братам нарадзіліся ў Гродне, у францішканскім кляштары. Там калісьці жыў святы Максімільян Кольбэ. Але саветы ператварылі кляштар у шпіталь, дзе была радзільня. Мама расказвала, што як ляжала ў палаце (гэта было ў кастрычніку), то чула марыйныя спевы, што даляталі і да палаты. Мама вельмі радавалася. Першыя гады пасля нараджэння мы жылі ў Гродне, дзе ў нас быў свой дом над Нёманам. Але неўзабаве наш тата быў асуджаны на 10 гадоў вязніцы і высланы на будову ГЭС у Самару. Дом над Нёманам у нас забралі і мы былі вымушаны перабрацца ў в. Абрамшчына (сёння Заневічы). Там сталі суседзямі благаслаўлёнай Цэліны Бажэнцкай. Яна, вядома, нашмат раней за нас жыла (усміхаецца — Аўт.), але малыя мы хадзілі тымі ж сцежкамі… Праз два гады аб’явілі амністыю і тата вярнуўся. Ён адразу пачаў клапаціцца пра дакументы ў Польшчу, каб мы ўсе разам маглі выехаць. У 1956 годзе нам гэта ўдалося. — Якімі былі вашы школьныя гады? — Калі мы хадзілі ў школу, спакойнымі вучнямі мы не былі (усміхаецца — Аўт.). Хлопцы ж. Як гэта часта бывае, уседзець на месцы было няпроста. Часам кажуць, што блізняты адзін за аднаго могуць пабіцца, у нас такога неяк не было (усміхаецца — Аўт.). Цікаўнасцю мы былі падобныя, але з тым жа малодшым братам у нас магло быць часам больш агульнага, чым з братам-блізнюком. Юры любіў дакладныя прадметы, мне ж больш даспадобы былі гуманітарныя навукі. Але розніца была неістотнай: усё адно пасля школы атрымалі аднолькавую кваліфікацыю па аўтамабільнай спецыяльнасці. Наш малодшы брат у выніку скончыў Акадэмію фізічнага выхавання і стаў настаўнікам. — Можа, вы з братам мелі падобныя прывычкі: на гітары іграць ці спяваць прыгожа, кракавяк які танцаваць? — Калі казаць пра мяне і брата, то акурат тыя рэчы, якія датычаць музыкі, у нас не надта каб ішлі. Што датычыць слыху, у сям’і мы з братам найгоршыя. Верагодна, нейкі слон стаў нам на вушы ў дзяцінстве (усміхаецца — Аўт.). Адносна звычак, то можна ўзгадаць хіба што падобныя мары пра ўласны аўтамабіль, неабходны для душпастырскіх патрэбаў. На фота: кс.-прэлат Андрэй Стэцкевіч і кс.-прэлат Юрый Стэцкевіч падчас аўдыенцыі ў Папы Яна Паўла ІІ з нагоды асвячэння абраза Маці Божай Калінінградскай. Ватыкан, 22 ліпеня 2004 года. — Як так атрымалася, што браты-блізняты вырашылі абраць аднолькавы жыццёвы шлях? — Я да апошняй хвіліны не ведаў, што мой брат збіраецца пайсці ў семінарыю. Мы з ім пра гэта ніколі не размаўлялі. Ды і я пра сваё рашэнне нікому не казаў… Кагосьці мой учынак мог здзівіць, бо я не належаў да «правільных» хлопцаў — у сваёй маладосці я быў трохі неспакойным (усміхаецца — Аўт.). Пакліканне да святарства выспявала ў мяне асабліва ў апошні год перад семінарыяй. Гэта не было нейкае жаданне, гэта была ўпэўненасць у тым, што гэта маё месца, той этап, праз які трэба прайсці, каб стаць святаром. Мне пашанцавала, што святары, якіх я сустракаў у юнацтве, былі сапраўдным узорам для мяне. Памятаю нашы т.зв. «зборкі» міністрантаў і летнікі з намётамі. Гэтае прабыванне разам з ксяндзом, які навучае малых хлопцаў не толькі дзесьці там, з амбоны, але і сваім прыкладам, а таксама вучыць як зрабіць добрае вогнішча, акопвае намёты, каб вада не заліла — гэта мела вялікае значэнне для майго паклікання. Размовы пра семінарыю ў той час былі крыху іншымі. Тады не казалі як сёння: «Я маю пакліканне» ці «я адчуваю ўнутраны голас Бога». Была такая рэалістычная форма — казалі так: «я падаю дакументы ў семінарыю». Уласна кажучы, гэта і азначала, што ты вырашыў стаць ксяндзом. А «пакліканне» і іншыя тэрміны — ўсё гэта было яшчэ ў працэсе. — Як вашы бацькі паставіліся да таго, што абодва іх сыны паступілі ў семінарыю? — Бацькі былі вельмі задаволеныя. Шчаслівыя. Увесь час пасля перажывалі, як мы там. Зрэшты як і ўся сям’я. Я паходжу са шматдзетнай сям’і, нас было васьмёра: тры хлопцы і пяць дзяўчат. Дарэчы, наша малодшая сястра — законніца, місіянерка любові ў Супольнасці сясцёр Маці Тэрэзы з Калькуты. Сёння яна працуе ў Бэтлееме. Сямейныя сувязі ў нас вельмі моцныя — нават сёння сустракаемся ўсёй сям’ёй мінімум два-тры разы на год. Бацькі заўсёды былі для нас вялікім аўтарытэтам. Мама сёння ўжо не жыве, але, я памятаю, як яна штодзённа хадзіла на Імшу зранку. Пасля Імшы прыходзіла, гатавала сняданне, будзіла дзяцей. Але ў нас вобраз мамы быў той, у якім яна распачынала свой дзень з Богам, а ўжо пазней была мамай для сваіх дзяцей. Ёй і тату я ўдзячны за яшчэ адну каштоўнасць, якую я вынес з сям’і: я ніколі не бачыў тату ў нецвярозым стане. Сям’я жыла ў атмасферы даверу і любові. — Прэзбітарскае пасвячэнне вы з братам прымалі разам? — Не, не разам. Гэта я жартую (усміхаецца — Аўт.). Вядома, пасвячэнне мы прынялі ў адзін час, хоць і асобна адзін ад аднаго. Пасвячэнне біскуп удзяляў адразу дзесяцярым дыяканам. Мы і стаялі ў алфавітным парадку. Біскуп па чарзе ўскладаў на нас рукі. Спачатку на мяне, а ўжо пазней на майго брата. — Як складваўся ваш з братам святарскі шлях: магчыма, вам даводзілася працаваць у суседніх парафіях? — Яшчэ семінарыстамі, як ехалі на практыку, то не выпадала, каб мы працавалі на адной парафіі ці поруч. Пасля пасвячэння два гады я працаваў вікарыем у катэдры Каменя-Паморскага. Мой брат у той час працаваў у мястэчку Дэмбна Любуску. Гэта было адносна далёка ад мяне — каля 150 кіламетраў. Праз некаторы час біскуп прызначыў майго брата дырэктарам новазаснаванага выдавецтва і галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Касцёл над Одрай і Балтыкай». Я на той час быў адказным за будову новай духоўнай семінарыі ў Шчэціне. Чатыры гады займаўся гэтай справай. Пасля мяне прызначылі прэфектам і выкладчыкам у той семінарыі (выкладаў пастаральную тэалогію). У 1994 годзе па запрашэнні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча я прыбыў у Маскву, дзе, будучы прэфектам, выкладаў пастаральную тэалогію ў духоўнай семінарыі. Праз год семінарыя была перанесена ў Пецярбург. Там я выкладаў этыку і тэалогію сужэнства і сям’і. — Часта кажуць, што паміж блізнятамі існуе нябачная інтуітыўная сувязь. Ці здараліся ў вас сітуацыі, калі вы адчувалі адзін аднаго на адлегласці? — Не, чагосьці такога не заўважаў. Хоць і ведаю, што найбольш моцныя сувязі бываюць паміж родзічамі, блізкімі па ўзросце. Што датычыць двайнятаў, то яны яшчэ да нараджэння знаходзяцца разам, — яшчэ ва ўлонні маці. Таму, генетычная залежнасць безумоўна ёсць. Дадатковы адбітак накладвае і асяроддзе, у якім растуць дзеці. Я чытаў пра тое, што існуюць блізняты, якія падобна думаюць, падобныя ў сваіх памкненнях. Але паміж мной і братам я такога не заўважаў. Відаць, наша падабенства ў нечым іншым… Гутарыў Ілья Лапато OCDS |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.