Наколькі папулярна ў Беларусі рабіць ахвяраванні на дабрачыннасць? У чым небяспека спажывецкага мыслення? І чаго будзе дастаткова, каб дапамагчы бліжняму? Пра гэта і не толькі Catholic.by распавёў лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне» дырэктар віцебскага «Карытас» Віталій Кульпекша.
— Найперш дазвольце павіншаваць Вас з узнагародай. Як чуецеся?
— Дзякую. Калі па праўдзе, то прыемна атрымліваць такую ўзнагароду, прыемна, калі тваю працу заўважаюць. Але гэта ўсё ж такі не галоўнае. Мы павінны служыць людзям заўсёды, бо Карытас – гэта бескарысная любоў. Так, сёння мы ўзялі вышыню, але заўтра можам і ўпасці. Гэтага адбыцца не павінна, таму будзем старацца працаваць у тым жа духу.
— Што сабою ўяўляе таварыства «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі? Распавядзіце ў двух словах пра арганізацыю, якой Вы кіруеце.
— Найперш, канешне, «Карытас» – ніякае не прадпрыемства, як хтосьці можа падумаць. Гэта дабрачыннае таварыства, якое не фінансуецца з бюджэта дзяржавы, таму штат яго супрацоўнікаў невялікі. Адміністрацыя дыяцэзіяльнага «Карытас» – гэта чатыры супрацоўнікі: бухгалтар, сакратар, каардынатар праектаў, сацыяльны работнік… Я не называю ўсе пасады, таму што некаторыя супрацоўнікі маюць іх па некалькі.
Праца «Карытас» накіравана на падтрымку ўсяго соцыуму. І мясцовыя ўлады зацікаўленыя ў тым, каб наша арганізацыя развівалася, бо яе дзейнасць з’яўляецца ў нейкім сэнсе таксама і сацыяльнай падтрымкай дзяржавы.
— Як праходзіць падрыхтоўка да новага года ў «Карытас»? Ці ёсць нейкае адмысловае планаванне? — Спецыфіка нашай працы ў тым, што мы ніколі не ведаем, што прынясе нам будучы год. Тым не менш заўсёды ў планах дапамога людзям. Мы не дзелім справы на «больш значныя» і «менш значныя». Камусьці важна атрымаць прадукты, а медыцынскі цэнтр куды больш патрабуе проста рамонту памяшкання. Па магчымасці мы стараемся аказваць дапамогу не адкладваючы. У нас ёсць праект пад назвай «Мы — побач», які прадугледжвае аказанне дапамогі ў першыя дні, як толькі чалавек звярнуўся да нас. Бо што гэта будзе за «Карытас», калі мы скажам: «Пачакайце некалькі месяцаў»? «Карытас» заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, і я вельмі цешуся, што ў нашай дыяцэзіі працуюць парафіяльныя аддзяленні «Карытас». Дзякуючы ім мы можам хутка, аператыўна і дастаткова якасна аказаць дапамогу тым, хто па яе звярнуўся.
— Як бы Вы акрэслілі сітуацыю ў Беларусі з ахвярадаўцамі, наколькі гэта распаўсюджаная з’ява?
— На жаль, у Беларусі ўсё гэта толькі пачынаецца. Многія нашыя замежныя партнёры збіраюць сродкі для нашай краіны сярод сваіх суайчыннікаў. У нашай краіне, на жаль, гэта традыцыя была перарваная. Таму адна з актуальных задач «Карытас» – выхоўваць людзей маральна і матываваць іх дапамагаць адно аднаму. Наспеў час змяніць прыярытэты: не браць, а дапамагаць. Тады ўсё будзе лягчэй. Часам кажуць, што людзі сёння становяцца больш злымі. Калі змяніць іх светапогляд з «браць» на «даваць», то жыццё будзе дабрэйшым і лепшым.
Чаму толькі святары павінны займацца беднымі? А як жа браты-сёстры ў Хрысце, якія побач? Вера без учынкаў мёртвая. Часам нам па сілах дапамагчы чалавеку адразу, не афішуючы. Якуюсьці праблему можна абмеркаваць з парафіянамі і дапамагчы чалавеку. Гэта ўсё цалкам рэальна рабіць. На жаль, такія ініцыятывы ў нас слаба развітыя. Вядома, усё ідзе ад выхавання людзей, іх адкрытасці на чалавечае гора, узаемадапамогу. Чамусьці мы заўсёды чакаем, што хтосьці дапаможа, але толькі не мы. Але даваць нашмат больш прыемней, чым прымаць.
— Як даўно Bы ўзначальваеце віцебскі «Карытас»?
— З 2007 года. Увогуле ў Віцебскую дыяцэзію я прыехаў ў 2003-м па запрашэнні біскупа Уладзіслава Бліна. Так атрымалася, што прыехаў спачатку на тыдзень, пасля на два, а затым і застаўся. Сёння ўжо амаль віцеблянін (усміхаецца — Аўт.), маю сям’ю — майму сыну нядаўна споўнілася сем месяцаў.
Родам я з Навагрудка. У Касцёл прыйшоў яшчэ хлопчыкам дзякуючы бабулі. Пробашчам у нас тады быў кс. Антоні Дзям’янка.
Я быў міністрантам. Увогуле, настроі ў грамадстве былі не самыя спрыяльныя, але хоць для веры былі не самыя лепшыя часы, дзякуй Богу, я застаўся ў Касцёле.
Гутарыў Ілья Лапато OCDS
|