Багацце і вера: гісторыя навяртання Хельмута Дзікена |
Інтэрв'ю |
18.06.2013 13:37 |
Насупраць сядзіць сівы чалавек з прыемнай усмешкай. У яго незвычайны лёс: ён жыў у розных краінах свету, яму вядома жыццё ў раскошы і балючыя чалавечыя страты. Хто ён? Гэта Хельмут Дзікен — заснавальнік апостальскай супольнасці паяднаных сэрцаў Езуса і Марыі. Асноўная мэта супольнасці, зацверджанай касцёльнымі ўладамі на дыяцэзіяльным узроўні ў Германіі, — абвяшчэнне Евангелля сярод свецкіх асобаў.
З Хельмутам Дзікенам, які 23 чэрвеня правядзе ў Віцебску сустрэчу з беларускімі вернікамі, чытачоў знаёміць інтэрв'ю Grodnensis.by. – Спадар Хельмут, раскажыце, калі ласка, хто Вы і чым займаецеся? — Цяпер, пасля майго навяртання, маё імя — брат Хельмут. У свой час я разам з жонкай працаваў архітэктарам і дызайнерам інтэр’ераў у шматлікіх гарадах Еўропы і ЗША. У нас было шмат паспяховых праектаў у Сан-Францыска, Чыкага, Лос-Анджэлесе, Нью-Ёрку. Вялікі поспех мы мелі ў Германіі: пасля 10-ці гадоў жыцця ў Мюнхене мы былі такія багатыя, што маглі дазволіць сабе перасяліцца на Лазурны бераг — у самае багатае месца Еўропы. Вельмі багата мы жылі ў Монтэ-Карла, Ніцы, Канах — у вышэйшым свеце сярод багацейшых людзей… Гэта адна частка жыцця… У той час, калі мы былі ў ЗША, у нас не было спачатку такога поспеху, як раней. Паступова мы страцілі ўсе нашы грошы і фактычна скаціліся да нуля. Аднойчы падчас нашага падарожжа на машыне з Нью-Ёрка ў Лос-Анджэлес мы зразумелі, што зусім бедныя: астатнія грошы скончыліся, жонка і я плакалі ў тэхаскай пустыні ў Нью-Мехіка… У той момант за рулём аўтамабіля я спрабаваў размаўляць з Богам як маленькі хлопчык. Я казаў: «Тата, калі Ты існуеш у небе, не дазволь, каб мы страцілі ўсё цалкам». Праз колькі месяцаў мы зразумелі, што Бог нас пачуў. У Лос-Анджэлесе ў нас былі добрыя праекты — мы змаглі купіць дом, да нас зноў вярнулася жыццё ў камфорце, зноў пачалі хадзіць у касцёл. Раней, жывучы ў Францыі, мы ніколі не наведвалі святыню, бо гэтае багатае жыццё нас паглынула… — Але потым здарылася нешта горшае?..
— Так, пасля чатырох гадоў жыцця ў Лос-Анджэлесе мая жонка Хельга захварэла на рак. У тую хвіліну, калі я даведаўся пра гэтую навіну, я адчуў, што ўвесь мой свет рушыцца. Я вырашыў быць разам з Хельгай і прайсці з ёй гэты шлях пакуты. Кожны вечар перад сном мы пачалі маліцца. І Бог сапраўды даў нам шмат ласкі. Пазней Хельга даведалася, што ў Гановеры ёсць вельмі добры ўрач, які лечыць рак, і вырашыла ехаць да яго… Мы вярнуліся ў Еўропу з паглыбленай верай. У гэтым «падарожжы навяртання» я ўпэўнены, што нас вяла Маці Божая. Яна навучала нас наноў шанаваць веру і Касцёл. Разам з жонкай мы скончылі тэалагічную школу ў Вене. Многія вернікі і нават святары раілі нам заснаваць супольнасць. Тады з’явіліся і першыя члены супольнасці, пастулянты Марыя, Ральф і два духоўныя сыны — я і кс. Аляксандр Фікс з Казахстана. Супольнасць існуе ўжо амаль 20 гадоў. Неба палічыла неабходным тое, што амаль усе гэтыя гады Хельга несла крыж цяжкай ракавай хваробы. Яна перанесла 16 аперацый… Яна перажыла гэтую цяжкую пакуту па-хрысціянску і стала фактычна святой. Яна ніколі не скардзілася, і я ўпэўнены, што я павінен ісці за ёй як за святой. Шэсць гадоў таму яна адышла да Бога. Наш сын Дамінік застаўся ў Амерыцы, дзе скончыў універсітэт, стаў амерыканцам, ажаніўся, выхоўвае дваіх дзяцей… Але, на жаль, ён па-ранейшаму далёкі ад Бога і Касцёла... — Якое месца займае сёння Касцёл і вера на Вашай радзіме? — Каталіцкі Касцёл у Германіі пад уплывам пратэстантызму стаў сёння вельмі ліберальным. Нягледзячы на намаганні дзейнічаць супольна, біскупы, на жаль, недастаткова з'яднаныя паміж сабой. З іншага боку праз тое, што матэрыяльныя каштоўнасці пачалі шанавацца больш за духоўныя, з-за лішку «люксу» людзі ў Германіі, Бельгіі, Францыі, Галандыі страцілі Бога. Камфорт стаў для іх богам. І ён вабіць людзей больш, чым святасць. Чаму? Таму што людзі больш не пытаюцца, ў чым Божая воля, іх не цікавіць вера і слова Касцёла. Адначасова ў розных сферах жыцця людзі маюць шмат праблем. І, на жаль, большая частка католікаў не можа даць пераканаўчы адказ на пытанні людзей. Я здзіўляюся, чаму 20-30 гадоў таму мы не зразумелі, што перш за ўсё трэба даць людзям добрае рэлігійнае выхаванне і адукацыю. Можа, я памыляюся, але тое, чаго нам больш за ўсё не хапае, гэта глыбокае разуменне і перажыванне веры. Калі спытацца ў дзесяці католікаў, што адбываецца на алтары падчас святой Імшы, вы знойдзеце толькі дваіх-траіх, якія разумеюць. Калі спытаеце католікаў, чаму мы павінны ісці ў касцёл у нядзелю, яны вам не адкажуць, бо не ведаюць. Трэба разумець, што нядзельная св. Імша патрэбна не Богу, а нам. Бог запрашае нас прыняць удзел у Імшы, і гэта павінен быць гонар для нас. – Брат Хельмут, Вы былі ўзрадаваныя, што ў нашых касцёлах шмат вернікаў. Што б Вы хацелі сказаць нашым католікам? — Калі ў сем’ях будзе слабнуць вера і будзе мала дзяцей, вельмі хутка ў вас будзе такая ж сітуацыя, якая назіраецца сёння ў Еўропе — разводы, няшчасці і пакуты. Гэта шлях, па якім ідзе сучасная Германія. Трэба, не зважаючы на паліткарэктнасць, казаць: у вас павінна быць шмат дзяцей. Калі бацькі становяцца старэйшымі, яны бачаць у дзецях плады свайго жыцця. Калі няма дзяцей, людзі старэюць і застаюцца самотнымі і няшчаснымі. Размаўляў кс. Юрый Жэгарын |