Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Скажу „Belarus” — на мяне здзіўлена глядзяць, скажу „Belorussia” — думаюць, што я з Расіі» |
Інтэрв'ю |
20.08.2013 21:55 |
![]() З сястрой Паўлай мы сустрэліся ў працоўным бюро нашага партала ў Мінску — бліжэйшыя сем дзён сястра прабудзе ў Беларусі, дзе адведае сясцёр з Супольнасці, сустрэнецца з роднымі і блізкімі. Зараз у Аўстраліі кліматычная зіма, але па прызнанні самой назарэтанкі, днём тэмпература рэдка апускаецца ніжэй за +22, іншая справа ўначы — паветра тут можа астынуць да 0 градусаў. «Марозу няма, але ўначы +1, +2 можа быць, — удакладняе законніца. — Днём у шубах не ходзім, але некаторыя аўстралійцы апранаюць і іх, каб пафарсіць. Клімат тут адрозны ад беларускага, зімой ў Аўстраліі дастаткова цёпла. Маладыя дзяўчаты ў Сіднэі любяць хадзіць узімку ў ботах з высокімі халявамі. Часам смешна выглядае, калі дзяўчына ідзе ў кароткай спадніцы з кароткімі рукавамі і …ў асенніх ці зімовых ботах». З мясцовую фаўнай (для беларусаў дастаткова экзатычнай) сястра Паўла таксама паспела пазнаёміцца: «Карміла кенгуру, — усміхаецца назарэтанка. — Але больш даспадобы мне прыйшліся мішкі-каалы, іх і пагладзіць можна. Увогуле ў цэнтры Сіднэя, дзе знаходзіцца, напрыклад, знакаміты оперны тэатр, гэтых жывёл не сустрэнеш. Іншая рэч — за Сіднэем, у такіх (мы іх завём «вёскі») мікрараёнах, якія першапачаткова засяляліся эмігрантамі: адмысловы азіяцкі раён, рускі раён і г.д.». ![]() — Сястра Паўла, як праходзіць Ваша жыццё ў Сіднэі? — Я знаходжуся тут ужо дзевяць месяцаў і пакуль што галоўным маім заданнем з’яўляецца вывучэнне англійскай мовы. Веданне англійскай на высокім узроўні — адна з неабходных умоў для таго, каб атрымаць візу для пастаяннага месцажыхарства ў Аўстраліі. Аўстралія — вельмі адкрытая краіна. Тут не глядзяць на веравызнанне, на тое, хто ты, якая ў цябе адукацыя. Для іх важна, каб ты быў чалавекам з адкрытым сэрцам. — Ці шмат у горадзе іншаземцаў? — Вельмі шмат. Розныя культуры, розныя рэлігійныя перакананні. Гэта бачна нават па маёй групе англійскай мовы. — Як Вас там успрымаюць? — Я для людзей ўвогуле «дзіва», калі казаць пра маю сястрынскую вопратку (усміхаецца — Аўт.). У Аўстраліі мала хто ведае, што такое Беларусь і дзе яна ўвогуле знаходзіцца. Калі скажу Belarus (так як яно гучыць на сучаснай англійскай), то ўсе на мяне здзіўлена глядзяць. А скажу Belorussia (белараша), думаюць адразу пра Расію: Раша? Раша? Я адмоўна матаю галавой і пачынаю тлумачыць, дзе знаходзіцца гэта Belarussia (смяецца — Аўт.). Яшчэ ў мяне з’явіліся новыя сябры: мусульманка Сіндзі — вельмі адкрытая дзяўчына, сяброўка з Перу — пасля трохмесяцовых курсаў яна вярнулася назад дадому, а таксама дзяўчына з Карэі. Яны таксама не шмат ведалі пра Беларусь, пыталіся пра нашы звычкі, традыцыі, пра тое, як тут людзі жывуць. Дзяўчына з Карэі шмат цікавілася, увогуле яна добра ведала гісторыю нашых земляў... — А як чуецеся з англійскай: за дзевяць месяцаў яе ўзровень вырас? — Так! Без сумненняў: мой узровень валодання мовай значна вырас. Разумею амаль усё. ![]() Сястра Паўла Волчак (злева) з мамай і роднай сястрой, таксама назарэтанкай — У сваім мінулым допісе Вы расказвалі, што ў супольнасці жывяце з іншымі сёстрамі. Чым займаюцца яны? — У нашай аўстралійскай супольнасці я — адзіная беларуска, адзіная сястра з Усходняй Еўропы. Разам са мной працуюць яшчэ тры сястры: адна са Злучаных Штатаў і дзве з Польшчы. Стараемся быць адкрытымі адна да адной. Мне было вельмі прыемна, калі 3 ліпеня сёстры павіншавалі мяне з Днём незалежнасці Беларусі. Я нават спачатку забылася, што 3 ліпеня ў Беларусі свята. Вяртаюся са школы, а сёстры мне кажуць: сёння будзе ў нас святочная вячэра (а я ў той дзень якраз была дзяжурная па кухні). Дык сястра і кажа: ты нічога не гатуй — вячэру і без цябе прыгатуюць. Я была заінтрыгаваная (усміхаецца — Аўт.). Было вельмі прыемна пасля слухаць ад сясцёр віншаванні з Днём незалежнасці. — А паміж сабой вы кантактуеце збольшага па-англійску ці сястра з Амерыкі таксама валодае польскай? — Не (усміхаецца — Аўт.), з сястрой з Амерыкі мы размаўляем па-англійску, а калі побач са мной толькі сёстры з Польшчы, то карыстаемся польскай мовай. — Хачу запытацца пра ежу. Ці доўга вы прывыкалі да аўстралійскай кухні? — Ежа адрозніваецца ад той, якую людзі спажываюць у Беларусі. Але можна знайсці пры жаданні і еўрапейскія прадукты. З сёстрамі харчуемся разам, але звычайна толькі вечарам. У кожнай з нас свой працоўны графік. Усе тры сястры за выключэннем мяне (я яшчэ вучуся), стала працуюць на дзяржаўных працах у Сіднэі. Адна сястра (амерыканка) працуе ва ўніверсітэце як душпастыр моладзі. Сястра Аліцыя з Польшчы — медсястра ў шпіталі, а яе суайчынніца сястра Іаанна працуе ў цэнтры састарэлых, аб якім дбае наша супольнасць у Сіднэі і пра які я неяк распавядала. Дадому мы ўсе вяртаемся дастаткова позна, таму ў асноўным збіраемся разам на «абед-вячэру». У кожнай з нас ёсць сваё дзяжурства, дзе мы гатуем для ўсіх. Я гатую, вядома, беларускую кухню — блінчыкі бульбяныя ў нас там вельмі добра ідуць (усміхаецца — Аўт.). — То як, блінчыкі праз кожныя тры дні? — Не-не (смяецца — Аўт.). Мае дні на кухні — гэта серада і чацвер, таму мне нельга паўтарацца (усміхаецца — Аўт.). Таму эксперэментую. — Вяртаючыся да сясцёр. На працу яны таксама ходзяць у хабіце? — Так. Сястра Аліцыя, напрыклад, працуе ў шпіталі і носіць хабіт белага колеру. Я нашу звычайна цёмна-шэры або чорны. — Сястра Паўла, як бачыце сваю працу ў Сіднэі Вы? — Пасля заканчэння курсаў я хацела б працаваць пры касцёле. Дапамагаць у адной з якіх-небудзь парафій у Сіднэі. У аўстралійцаў няма настаўнікаў рэлігіі, але ёсць пасада чысьці падобная да катэхетаў. Там гэтыя паняцці тлумачаць трошкі па-іншаму. Катэхетаў у Аўстраліі называюць «каардынатарамі святых таямніцаў». Але я не загадваю наперад, бо ведаю, што на ўсё Божая воля. Размаўляў Ілья Лапато |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.