Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: Ян Павел ІІ адрадзіў Касцёл на Усходзе
Інтэрв'ю
16.10.2013 15:53

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў інтэрв’ю на polskieradio.pl з нагоды 35-годдзя з дня абрання кардынала Караля Вайтылы на Святы Пасад. Іерарх падзяліўся асабістымі ўспамінамі, звязанымі з асобаю будучага святога.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае, што Ян Павел II адрадзіў Касцёл на Усходзе. «Я сустракаўся з ім часта, ён заўсёды хацеў ведаць, што адбываецца ў Маскве, дзе я тады быў арцыбіскупам», - узгадвае Мітрапаліт, які кіраваў Каталіцкім Касцёлам у Расіі на працягу 16 гадоў. Арцыпастыр адзначае, што Папа вельмі любіў Усход і быў вельмі рады, што на Сусветны дзень моладзі ў Чэнстахове ў 1991 годзе прыехалі дзясяткі тысяч людзей з-за ўсходніх межаў. Мітрапаліт прыгадвае, што многія з іх вярнуліся ў свае краіны ўзмоцненымі, частка з іх дзельнічала ў дэманстрацыях супраць камуністычнага рэжыму ў 1991 годзе.

Арцыбіскуп спадзяецца, што на Сусветны дзень моладзі ў Кракаве ў 2016 годзе прыедзе таксама шмат моладзі з Беларусі, з Украіны, з Расіі. Іерарх прызнае, што вельмі важным у гэтым з’яўляецца падтрымка Касцёла і грамадства ў Польшчы.

«Людзі казалі: гэта хтосьці з нашых, ведае сістэму, не дасць сябе падмануць»

«З Янам Паўлам II я сустракаўся шмат разоў. Пачну, аднак, з гісторыі выбараў Папы. 1978 год — гэта год трох Папаў. Павел VI памірае, выбіраюць Яна Паўла. Пасля 33 дзён ён памірае і зноў адбываюцца выбары. Я тады быў у семінарыі ў Каўнасе. Там у савецкі час абсалютна былі забаронены тэлевізар і радыё. Адно маленькае радыё было ў дзяжурнага, таму што ён павінен быў мець правільна настаўлены гадзіннік, каб ведаць, калі тэлефанаваць...

Надыходзіць 16 кастрычніка. Мой калега прыходзіць ноччу ў пакой і гаворыць вельмі ціха, таму што ўжо быў час цішыні, silentium: «Вайтылу абралі». «А хто гэта сказаў? - Дзяжурны? - Дзяжурны, ну так,  бо ў яго ёсць радыё. Але ён не ведае замежных моў, то, магчыма, ён штосьці... не так пачуў? Гэта неяк цяжка прыняць, можа быць ...» Але лёс  зрабіў так, што на наступны дзень я сам быў дзяжурным. Я ўстаў на гадзіну раней, уключыў радыё. І, сапраўды, так і было. Увесь дзень людзі прыходзілі ў семінарыю, з раніцы да вечара, і пыталіся: «Ці праўда гэта, ці праўда гэта?.. Хто-небудзь з нашых, хтосьці свой, той, хто ведае гэтую сістэму, каго не падманеш, які, безумоўна, будзе доўга весці Касцёл», — казалі яны.

Потым былі словы Папы падчас інаўгурацыі: «Не бойцеся. Адкрыйце дзверы Хрысту, межы дзяржаў, межы эканамічных, палітычных і сацыяльных сістэм». Гэта была надзея. Калі была інаўгурацыя, то, можа, у гэта і цяжка паверыць, але людзі ў Польшчы стаялі на каленях перад тэлевізарамі.

«Taдэвуш, не бойся, усе будзе добра»

«У 1989 годзе я быў прызначаны біскупам, сакру ўдзяліў мне Ян Павел II. Гэта было 20 кастрычніка, праз некалькі дзён будзе 24 гады з той падзеі. Калі мы прыйшлі пасля Імшы да алтара, каля якога знаходзіцца вядомая П’ета... Я не ведаю, што ў мяне было напісана на твары, але Папа падышоў, узяў мяне за рукі... Як цяпер гэта памятаю. І вельмі цвёрдым голасам сказаў: «Тадэвуш, не бойся, усе будзе добра. Я за цябе малюся». Гэтыя словы ўсе яшчэ гучаць у маіх вушах, я пастаянна яго чую.

Я быў біскупам у Беларусі  паўтары гады, затым на працягу 16 гадоў у Расіі, у Маскве. З Папам Янам Паўлам II мы сустракаліся даволі часта. Ен хацеў ведаць аб праблемах. Вельмі часта скончваў размову напамінам: «Вы памятаеце пра словы Маці Божай з Фацімы. Мае Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе, Расія навернецца».

«У шпіталі Папа спытаў: што чутно ў Маскве?»

«Апошнюю сустрэчу з ім я меў 8 сакавіка 2005 года. Ён быў у шпіталі. Мне патэлефанавалі, што Папа хоча мяне бачыць. Я паехаў у шпіталь, бо тады я якраз знаходзіўся ў Рыме. Калі я прыйшоў, то Папа сядзеў на ложку. Ён сказаў цвёрдым голасам, нават вельмі гучным, хаця ўжо быў пасля аперацыі трахеатаміі: «Што чутно ў Маскве!?» На той момант я яшчэ быў арцыбіскупам у Маскве. Чалавек быў у такой сітуацыі, але ён памятаў пра сітуацыю ў Маскве... вядома, калі б я прыехаў сёння, ён бы запытаўся пра тое,  што адбываецца ў Мінску, ці калі я б прыехаў з Кіева, спытаўся, што і ў Кіеве.

Для мяне гэта вялікі чалавек, адкрыты на ўсе Цэрквы, мовы, культуры, вялікі пастыр, багаслоў. Чалавек вялікай культуры. Для справы адзінства хрысціянаў ён зрабіў вельмі многа, - заклікаў да адзінства, выдаваў энцыклікі. Адрадзіў культуру Каталіцкага Касцёла на Усходзе. Гэта вельмі, вельмі важна».

Ян Павел ІІ адрадзіў Касцёл на Усходзе

«Калі я першы раз быў у Фаціме, то хацеў спаткацца з сямтрою Люцыяй. Я атрымаў дазвол і паехаў у кляштар Каімбро, дзе яна знаходзілася. Я размаўляў праз перакладчыка, а калі я прадставіўся біскупам з Масквы, то яна не магла паверыць. «Гэта значыць, што фацімскае пасланне рэалізуецца».

Гэта сталася дзякуючы Яну Паўлу. Можа, усе і апусцілі рукі, але Ян Павел ІІ верыў, і яго моцная вера рэалізавалася ў тым, што Касцёл адрадзіўся на тэрыторыях, на якіх трываў пераслед».

Матэрыял падрыхтавала Агнешка Каміньска, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.