Інтэрв'ю з біскупам Ежы Мазурам: «Місіі — гэта школа даверу да Пана Бога» |
Інтэрв'ю |
20.10.2013 07:56 |
— Пасля заканчэння школы я паступіў у семінарыю кангрэгацыі Божага Слова (SVD) у Пененжна, бо я марыў працаваць на місіях, абвяшчаць Евангелле ў месцах, дзе не чулі пра Хрыста. У Пененжне я вывучаў філасофію і тэалогію і 22 красавіка 1979 года атрымаў святарскае пасвячэнне. Першапачаткова мае настаяцелі вырашылі пакінуць мяне служыць у Польшчы, а пасля года працы ў парафіі я быў накіраваны на місіянерскую вучобу ў Грыгарыянскі ўніверсітэт Рыма. Але ў мяне была вялікая патрэба ў непасрэдным місіянерскім служэнні. Пасля заканчэння вучобы ў Рыме, перад тым як пачаць чытаць лекцыі па місіялогіі ў семінарыі, якія падрыхтоўваюць семінарыстаў да працы на розных кантынентах, я папрасіў генерала вербістаў аб магчымасці назапасіць уласны місіянерскі вопыт. Пасля трох гадоў працы ў Гане, у 1986 годзе я вярнуўся ў Польшчу і стаў прэфектам і выкладчыкам місіялогіі ў Вышэйшай духоўнай семінарыі вербістаў у Пененжна. Такім чынам, я таксама спрыяў фармацыі семінарыстаў — будучых місіянераў. Вядома, гэта быў толькі пачатак доўгай дарогі, да якой заклікае Хрыстус. — На працягу некалькі гадоў Вы працавалі ў Гане (Афрыка). Якое аблічча Касцёла там? Што ў тым Касцёле найбольш уражвае, а што абуджае надзею?
— У 1983-1986 гадах я меў місіянерскую дзейнасць у Гане, краіне Заходняй Афрыкі Гвінейскага заліва. Палова жыхароў там вызнае хрысціянства, сярод іх каля 17 % складаюць католікі. У цэнтры краіны дастаткова вялікая колькасць вызнае анімізм, які з’яўляецца адной з першапачатковых формаў вераванняў людзей. Ён заснаваны на наданні душы кожнай з’яве прыроды, людзям, жывёлам і раслінам. Там я сутыкнуўся з зусім іншай культурай, умовамі жыцця і кліматам. Тады ў Гане панаваў голад. На працягу года не было хлеба. Місіянерам дапамагалі іншыя правінцыі, але яны падзялялі лёс мясцовых жыхароў і самі адчувалі вялікі крызіс і голад. Гэта была складаная, павучальная школа жыцця. Там я навучыўся цярплівасці, рашучасці і мастацтву дапамагчы сабе ў розных жыццёвых умовах. — З 1992 па 1998 год Вы працавалі ў Баранавічах. Чым найбольш уразіла праца ў Беларусі? — Пачатак маёй місіянерскай дзейнасці на Усходзе прыпаў на шэраг палітычных зменаў у СССР. Касцёл паўставаў у прасавецкіх краінах перад шэрагам цяжкасцей, у дачыненні да якіх павінен быў заняць пэўную пазіцыю, павінен быў выказаць сваё меркаванне, не маючы ў гэтым шмат вопыту, бо такая сітуацыя была шмат у чым новая. Яшчэ ў 1989 годзе ў Пененжне адбыўся сімпозіум, які быў прысвечаны ролі хрысціянства на тэрыторыях СССР. Ён зацікавіў таксама кола удзельнікаў з маёй законнай супольнасці. Вербісты арганізавалі спатканне Правінцыі, падчас якога спыніліся на многіх пытаннях, напр: ці будзе адпавядаць харызмату вербістаў евангелізацыйная справа на Усходзе, ці патрэбна там распачынаць працу? Канечне, рашэнне ўдзельнікаў было пазітыўным. Было пастаноўлена вярнуцца на тыя месцы, дзе да 1939 года праводзілася евангелізацыйна-пастаральная дзейнасць. Калі я паехаў служыць сярод жыхароў Беларусі, то мяне найбольш здзівіла моц іхняй веры, за якую неаднаразова маглі цярпець, аднак прымалі свой лёс вельмі проста і пакорна, давалі сабе справаздачу ў тым, што вера гартуецца ў пакутах, ачышчае. Знакам Божай прысутнасці на беларускай зямлі на самым пачатку стала для мяне Дарава, жыхары якога ўмелі змагацца за сваю годнасць і веру. Былі гатовыя ездзіць у Маскву, прасіць і дамагацца вяртання Касцёла, а калі гэта сталася – узяліся за рамонт святыні, нягледзячы на тое, што там не было святара. Захапіла мяне тое, што яны змаглі адкінуць, перамагчы страх, які знявольваў, і змаглі вызнаваць сваю веру. Несумненна, гэта быў плён дзейнасці Святога Духа. Іншай важнай рысай рэлігійнасці на тых землях, на мой погляд, з’яўляецца дух малітвы: не было касцёлаў, тыя, якія ўдалося вярнуць, часта былі знішчаныя, нават святароў было не вельмі многа, але тым людзям гэта не перашкаджала —яны збіраліся каля алтара, на якім ляжаў арнат — сімвал святара. Катэхізісам, евангелізацыйным элементам для тых людзей з’яўляўся Ружанец, які яны пераказвалі з пакалення ў пакаленне. Заўважаўся «голад Бога». Людзі прагнулі пазнаваць Бога, каб даверыць Яму сваё жыццё. Гэтыя рысы спрыялі добрай супольнай працы ў стварэнні новай парафіяльнай супольнасці ў Баранавічах і пабудове касцёла Маці Божай Фацімскай. Калі я распачаў у Баранавічах сістэматычную душпастырскую працу, то я стараўся надаць ёй місіянерскае значэнне, каб яна станавілася супольнасцю супольнасцяў. Я меў пры парафіі 7 прэзідыумаў Легіёнат Марыі, місіянерскую і экуменічную групы, Жывы Ружанец, хор і суполкі дзяцей і моладзі. Гаварылася пра тое, каб з вераю ісці ў свет. З гэтай мэтаю я выдаваў часопіс «Дыялог», які за кароткі час займеў тыраж 13 тысяч асобнікаў, што для беларускіх умоў было вельмі добра. Выходзіў ён на трох мовах. Таксама я рэалізаваў яшчэ адзін пункт вербісцкага харызмату — супрацоўніцтва са свецкімі. З гэтай мэтай з’явіўся катэхетычны каледж, каб дапамагчы падрыхтаваць свецкіх да катэхетычнай працы. Дапамог вопыт з Афрыкі, які падказваў, што там, дзе не хапае святароў, трэба рыхтаваць свецкіх. Я пераконваў святароў, што зараз яшчэ нельга вучыць рэлігіі ў школах, але прыйдзе час, калі свецкія будуць там патрэбнымі і перад гэтым іх трэба папярэдне падрыхтаваць. Я развіваў таксама біблійнае апостальства. — Чаму ўвогуле Вы навучыліся падчас місій? — Місіянерская дзейнасць становіцца павучальнай школай жыцця. Падчас яе я навучыўся рашучасці і майстэрству барацьбы ў розных жыццёвых умовах. Акрамя таго, місіі навучаюць цярплівасці, а таксама адкрытасці на іншыя культуры, на шырокае разумення працэсу пранікнення ў культуру, у якім удзельнічаюць два бакі і няма прывілеяваных. Гэта дазваляе зразумець узровень паўсюднасці Касцёла, які акрамя той розніцы — з'яўляецца супольнай дарогай да Бога. Місіі вучаць таксама супрацоўніцтву са свецкімі, без якіх у шматлікіх сітуацыях святар бы не даў рады. Перад усім, місіі — гэта школа даверу да Пана Бога, вучымся гэтаму даверу кожны дзень, гэты давер прысутны ў нашай штодзённасці, у рашэннях, якія, на першы погляд, патрабуюць вар'яцкай адвагі. — На дадзены момант Вы з’яўляецеся старшынёй Камісіі епіскапату Польшчы па справах місій. — Галоўная мэта гэтай Камісіі – абуджэнне і развіццё свядомасці, місіянерскі ўдзел сярод усіх польскіх католікаў, падтрымка розных ініцыятываў у дачыненні да місій і іх каардынацыі ў Паўсюдным і мясцовым Касцёле. Камісія не бярэ на сябе адказнасць і абавязкі, якія мае мясцовы Касцёл і кангрэгацыі, але дапамагае ў дзейнасці, якая з’яўляецца місіянерскай. — Што павінен зрабіць і якую падрыхтоўку павінен прайсці чалавек, які адкрыў у сабе місіянерскае пакліканне і хоча паехаць на місіі?
— Якое аблічча сучаснага місіянера? — Няма прадпісання, якім павінен быць місіянер. Кожны чалавек мае свой шлях, свой час, у якім дзейнічае. Гэта павінен быць чалавек веры, вялікай пакоры і адвагі, які давярае сябе і ўсё, што робіць, Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі. Гутарыў кс. Юрый Марціновіч, (AYU) Фота з архіва біскупа Ежы Мазура |