Хрысціянскі акцэнт творчасці беларускага гурта «Laudans». Інтэрв'ю з заснавальнікам Андрэем Лугіным |
Інтэрв'ю |
22.11.2013 12:41 |
На ўспамін св. Цэцыліі прапануем інтэрв’ю з людзьмі, для якіх музычная дзейнасць, творчасць складае вельмі важную частку жыцця. Музыка ў хрысціянскім напрамку, альбо хрысціянскі акцэнт творчасці беларускага гурта «Laudans».
На пытанні адказвае Андрэй Лугін. — Андрэй, распавядзі пра гісторыю стварэння гурта. Які яго склад? Калі ўзнікла ідэя? У каго яна з'явілася? — У мяне заўсёды было жаданне займацца музыкай, асабліва спяваць у гурце. «Laudans» узнік мінулай вясной, калі я вырашыў зрабіць невялікі канцэрт уласных кампазіцый на вершы кс. Яна Твардоўскага. Сталымі ўдзельнікамі гурта з'яўляюцца Аляксей Палачанскі (гітара, губная гармошка), Андрэй Немялоўскі (бас-гітара), Андрэй Лугін (вакал, гітара), Алёна Палачанская (клавішы). — Чаму «Laudans»? — Cваёй дзейнасцю мы праслаўляем Бога. Адсюль і назва Laudans — «той, хто славіць». — Ваш стыль — як можаце яго акрэсліць? — Зараз асновай нашага стылю з'яўляецца «спяваная паэзія». Мы ствараем уласны стыль з элементамі розных музычных жанраў. Гэта фанк, рок, блюз. — Якім чынам абіраеце тэксты спеваў? — Паколькі асноўную частку нашага рэпертуару складаюць песні на паэтычныя творы, выбіраем тое, што бліжэй да душы. — Чым ужо запоўненая скарбонка твораў? — Зараз у нашым рэпертуары, акрамя песень на вершы кс. Яна Твардоўскага, ёсць кампазіцыі на словы бл. Яна Паўла ІІ, беларускіх паэтаў, некалькі песень замежных выканаўцаў. — Чым плануеце дапоўніць? — У найбліжэйшых планах - пашыраць рэпертуар дзякуючы словам беларускіх аўтараў. — Распавядзі некалькі слоў пра вас усіх. — Мы ўсе католікі, з розных парафій. Пазнаёміліся на розных касцёльных мерапрыемствах, так і сабраліся.
Гутарыла Аксана Ючкавіч |