Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Наша місія - малітва за ўвесь свет, якая ёсць любоўю»: інтэрв’ю з сёстрамі рэдэмптарысткамі
Інтэрв'ю
04.02.2014 12:29

17 гадоў таму Папа Ян Павел ІІ устанавіў у Касцёле Дзень кансэкраванага жыцця, які адзначаецца  ў свята Ахвяравання Пана, 2 лютага. Пра жыццё сваёй супольнасці апавядаюць сёстры рэдэмптарысткі (Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля) з Польшчы.

Сёстры рэдэмптарысткі з’яўляюцца кантэмпляцыйнай клаўзуровай супольнасцю, вядуць жыццё на адным месцы, у кляштары, молячыся за ўвесь свет. Малітвы яны прысвячаюць таксама за айцоў рэдэмптарыстаў – мужчынскую галіну кангрэгацыі, каб іх жыццё было падобным да Хрыстовага, а абвяшчэнне Евангелля мела Яго моц. Сутнасць жыцця рэдэмптарыстак – малітва, праца, гасцiннасць, узаемнае служэнне ў прастаце жыцця падобна да той, якая панавала ў Назарэце.

Кантэмпляцыйная супольнасць – форма кансэкраванага жыцця, заснаваная на поўным адыходзе ад знешняга свету і прабыванні ў адасабленні або ў невялікай па колькасці замкнутай групе з прысвячэннем сябе выключна малітве і сузіранню Бога. У Беларусі такіх супольнасцяў пакуль няма.

— У чым асаблівасць супольнасці рэдэмптарыстак? Які яе харызмат?

— Кангрэгацыя Найсвяцейшага Адкупіцеля (мы называемся таксама сёстрамі рэдэмптарысткамі) – клаўзуровая супольнасць. Яна ўзнікла 13 мая 1731 г., ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, у мясцовасці Скала недалёка ад Неапаля (Італія).

Сам Пан прадыктаваў нашай заснавальніцы Марыі Челесце Кростарозе (1696-1755) нашу рэгулу і ўліў у яе сэрца дух нашай законнай сям’і – напамін свету пра вялікую любоў Айца да кожнага чалавека, якая найпаўней аб’явілася ў Езусе. Таму мы хочам быць Яго жывым напамінам і ўсім сваім жыццём казаць пра любоў Бога.

— Чаму сёстры рэдэмптарысткі носяць чырвоны хабіт?


— Чырвоны або бардовы хабіт мы носім невыпадкова. Гэта колер любові. Кожную раніцу, надзяваючы яго, мы прамаўляем такія словы: “Апрані мяне, Пане, у шаты любові...”

— Супольнасць сясцёр Найсвяцейшага Адкупіцеля  - клаўзуровая. Што гэта азначае?


— Наша супольнасць – кантэмпляцыйная, клаўзуровая, бо мы жывём у кляштары, молімся ў кляштарная капліцы (разам з іншымі вернікамі), працуем тут, прымаем людзей, якія прыязджаюць на рэкалекцыі. Але за тэрыторыю кляштара мы не выходзім. Кажучы жартам – мы заўсёды ў доме, каб супольна сведчыць аб тым, што Бог ёсць Любоў. Клаўзура дапамагае нам захаваць адпаведную атмасферу, сустракаць Езуса на малітве.

— Што робяць сёстры ў клаўзуры?


— У кляштары, калі гаварыць аб працы, мы шыем хабіты для рэдэмптарыстаў, праводзім індывідуальныя рэкалекцыі або дні духоўных сустрэч для жадаючых. Адна з сясцёр піша прыгожыя абразы, летам мы падоўгу працуем у садзе... Акрамя таго, мы прымаем розных людзей, напрыклад, бедных.



— Як выглядае дзень у сясцёр? Як яны адпачываюць?


— Пра план дня ў нас пытаюцца найчасцей. Вядома, што кантэмпляцыйнае жыццё ў клаўзуры вельмі адрозніваецца ад звычайнага свецкага жыцця. Малітва, праца, іншыя заняткі вызначаюць наш спосаб жыцця і надаюць яму своеасаблівы характар. Клаўзура, як напісана ў нашых правілах, становіцца “адкрытай брамай” для кожнага, хто жадае перажыць вопыт сустрэчы з Богам.

Як выглядае наш план дня? Ён узгадняе наш стыль жыцця, гарманічна суадносіцца з гадзінамі малітвы і бярэ пад увагу розныя этапы законнай фармацыі.

Званок на ранішняе абуджэнне гучыць у 5.50. Канечне, большасць сясцёр устае раней, некаторыя займаюцца гіснастыкай у спецыяльна падрыхтаваным для гэтага памяшканні, іншыя выходзяць на прагулку або праводзяць час на асабістай малітве. У 6.20 пачынаецца супольная малітва ў капліцы. З панядзелка па пятніцу па закліку Духа Святога адна з сясцёр чытае Евангелле, у наступны дзень яна мае магчымасць медытацыі над прачытаным і магчымасць падзяліцца ўласнымі разважаннямі ўголас. Разважанне завяршаецца малітвай “Анёл Панскі”. Затым мы молімся ранішнімі малітвамі і ў 7.30 адбываецца Эўхарыстыя.



Пасля мы маем час на прыгатаванне пасілку, сняданак, паўдзённую малітву Літургіі Гадзін. Затым сёстры распачынаюць працу. Наймалодшыя – пастулаткі і навіцыяткі – сустракаюцца са сваімі настаўніцамі, пазней прыступаюць да сваіх заняткаў. Апрача хатніх абавязкаў і працы на кухні, большасць сясцёр працуе ў швальні. Мы шыем хабіты, альбы, арнаты для нашых братоў рэдэмптарыстаў, часам выконваем іншую працу: перакладаем артыкулы, кнігі. Вясной, улетку і ўвосень займаемся садам. Працы вельмі шмат. Таксама да нас прыязджаюць людзі на рэкалекцыі, і мы дапамагаем ім перажываць гэты час.

Каля 12.30 званок кліча нас у капліцу на паўдзённую малітву або Гадзіну чытанняў у залежнасці ад дня, таму што два разы на тыдзень Імша цэлебруецца вечарам, у сераду злучаецца з Навэннай да Маці Божай Нястомнай Дапамогі, і ў сувязі з гэтым план дня ў сераду і ў чацвер крыху іншы. Пасля паўдзённай малітвы мы разам абедаем. За выключэннем пятніцы і серады, калі мы абавязаны да маўчання, абед для нас з’яўляецца часам размоваў. Мы гутарым, чытаем карэспандэнцыю, дзелімся адна з адной інтэнцыямі да малітвы, якія нам узгадаліся. Пасля абеду ёсць час на прагулку, на размовы, а ў 14.15 ідзём у капліцу на чарговую малітву брэвіярыя, часам прамаўляем разам Ружанец. Пасля праводзім час у індывідуальнай малітве, духоўным чытанні, вучэнні. Бывае, у гэты час нас наведваюць асобныя людзі ці групы, з імі мы сустракаемся ў памяшканнях для размовы. У 17.30 сустракаемся разам у капліцы на адарацыі і нешпарах. Пазней ёсць час на ўласныя заняткі і прыгатаванне ежы. Пасля супольнай вячэры маем магчымасць паглядзець навіны, бо ўсё, што адбываецца ў свеце і ў краіне, становіцца прадметам нашай малітвы. У 19.50 пачынаем супольную вячэру. Каля 20.30 зноў сустракаемся ў капліцы на апошняй за дзень супольнай малітве – камплеце. Антыфона да Панны Марыі, якая спяваецца на заканчэнне, уводзіць нас у атмасферу маўчання, якое трывае да самай раніцы наступнага дня. У нядзелю план дня падобны да штодзённага, толькі ўстаем мы пазней, супольную малітву пачынаем у 7.20, больш часу прысвячаем на прагулку ці сустрэчы. Летам можам гуляць у футбол у нашым прыгожым садзе, вечарам – спяваць ля вогнішча.



— Сёстры рэдэмптарысткі шмат часу прысвячаюць малітве. Чым малітва з’яўляецца для свецкіх людзей і для вас?

— Сапраўды, некалькі гадзін штодзень мы прысвячаем малітве асабістай і супольнай. Мы хочам, каб такая наша малітва станавілася любоўю і сардэчнай памяццю аб патрабуючых, згубленых, прыгнечаных.

Малітва – гэта сустрэча з любячым Богам. Маладым мы можам сказаць, што гэта сустрэча з самым цудоўным Сябрам, які ніколі не падвядзе, а для нас, рэдэмптарыстак, малітва – гэта ўсё: гэта адпачынак, угляданне і прыманне любячага позірку Хрыста, які нас абраў, каб мы малітвай і ахвярай, а найперш любоўю, “лавілі” людзей для Яго, бо Бог прагне шчасця кожнага чалавека. Найбольшае ж шчасце – быць як мага бліжэй да Адкупіцеля.



— У кляштары разам з сёстрамі, якія належаць да Рыма-Каталіцкага Касцёла, ёсць і сёстры Грэка-Каталіцкай Царквы. Як жа злучаюцца два абрады?


— Сёстры-грэкакаталічкі ўжо ў хуткім часе будуць мець сваю капліцу ў нашым кляштары. Калі прыязджаюць святары ўсходняга абраду, мы стараемся разам удзельнічаць у літургіі і спяваем на ўкраінскай мове. Супольнасць, дзе жывуць сёстры двух абрадаў, дае магчымасць вялікага ўзбагачэння, адкрыцця прыгажосці Касцёла і пашырэння гарызонтаў. Касцёл мае два “лёгкія”: усходняе і заходняе.

— Сёстры рэдэмптарысткі вельмі шануюць абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі і маюць асаблівае набажэнства. Чаму менавіта гэты абраз?


— Маці Божая Нястомнай Дапамогі з намі ў Польшчы менавіта ў гэтым абразе. У нашай капліцы адбываюцца Навэнны да Яе. Навэнна была створана айцом рэдэмптарыстам. Айцы пашыраюць Яе культ, бо атрымалі такую місію яшчэ ў ХІХ ст. ад Папы. Мы з радасцю гэта прымаем, бо мы – у адной сям’і.

— У супольнасці ёсць сёстры з рознай працягласцю фармацыі. Што такое пакліканне? І ці можна адкрыць яго нанова падчас законнай фармацыі?


— У нашай супольнасці сапраўды ёсць сёстры, якія знаходзяцца на розных ступенях фармацыі: пасля вечных шлюбаў, першых шлюбаў, якія рыхтуюцца да навіцыяту, кандыдаткі да пастулату. Пакліканне – гэта вялікі дар, вялікая таямніца, але і місія, у нашым выпадку – місія малітвы за ўвесь свет, малітвы, якая ёсць любоўю.

У фармацыі пакліканне паглыбляецца, адкрываецца яго бясцэнная каштоўнасць, і папросту пакліканы цешыцца гэтым дарам. Пакліканы да святарства ці кансэкраванага жыцця – чалавек радасны, бо яго спаткала вялікае шчасце.

— Як можна скантактавацца з сёстрамі рэдэмптарысткамі?


— Нам можна патэлефанаваць, выслаць ліст па электроннай пошце. Можна таксама напісаць звычайны ліст і прыехаць на рэкалекцыі, калі іх тэма датычыць паклікання. Запрашаем!



Адрас: кляштар манахінь рэдэмптарыстак
Вул. Партова, 52
Бельска-Бяла, Польшча
тэл. + 48 33/815 06 22
e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
www.redemptorystki.pl

Алена Малышка, AG

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.