Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Як выконваецца заклік «Браты, чыніце дабро» ў Ордэне баніфратраў сёння. Інтэрв'ю
Інтэрв'ю
11.02.2014 08:33

11 лютага, у Сусветны дзень хворых, запрашаем да бліжэйшага знаёмства з Ордэнам баніфратраў, заснавальнік якога, святы Ян Божы, з ласкі Пана стварыў гэты ордэн у ХVI стагоддзі, каб дапамагаць якраз хворым і нямоглым людзям. Ягоны заклік «Браты, чыніце дабро» слухаюць і зараз, працягваючы справу «айца хворых і ўбогіх», многія маладыя людзі, якія ўступаюць у Ордэн баніфратраў.

Як сучасныя баніфратры працягваюць працу свайго заснавальніка? У якіх краінах свету працуюць і як дзейнічаюць бальніцы Шпітальнага ордэна ў сучасным свеце? Колькі прадстаўнікоў з Беларусі налічвае сёння ордэн? На гэтыя пытанні адказвае брат Эмануэль Юран.

– Як выглядае ордэн зараз? Як спраўляюцца з заклікам «Браты, чыніце дабро» сучасныя баніфратры?

– Безумоўна, аблічча нашага ордэна вельмі змянялася на працягу гісторыі. Былі і перыяды вялікага ўздыму, і заняпаду па розных прычынах. Цяпер убачыць супольнасць, што налічвае некалькі дзясяткаў братоў, можна хіба што на старых фотаздымках. 

Сучасная пляцоўка баніфратраў прадстаўляе сабою кляштар, у якім жыве 3-10 братоў, і вялікую медыцынскую або апякунскую ўстанову, у якой працуе ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх соцен свецкіх супрацоўнікаў, якія і выконваюць асноўную працу. Але спадзяемся, што засталося галоўнае – служэнне чалавеку хвораму, беднаму, адкінутаму на перыферыю грамадства. Верым, што дух міласэрнай любові да бліжняга надалей прабывае ў нашай супольнасці ад часоў святога Яна Божага. Калі гаварыць пра лічбы, то ў 52 краінах свету дзейнічае каля 300 цэнтраў нашага ордэна. Баніфратрам належаць шпіталі, дамы апекі, прытулкі. 

 

– Вы з’яўляецеся адзіным прадстаўніком з Беларусі ў Шпітальным ордэне св.Яна Божага? Раскажыце пра Вашае пакліканне (чаму менавіта баніфратры, як іх шукалі і што адметнае ў харызме ордэна).

– Не, я не адзін з Беларусі. У Кракаве ёсць яшчэ брат Юрый Барцэвіч з Гродна. Мы разам складалі першыя манаскія шлюбы. Пра сябе ж магу сказаць, што практыкуючым католікам стаў ва ўзросце 17-18 гадоў, а прагненне ўступіць у ордэн адчуў, калі ўжо быў студэнтам медыцынскага ўніверсітэта ў Мінску. І менавіта з-за ўвагі на шпітальны харызмат марыў стаць баніфратрам. Мне ўдалося наладзіць кантакт з братамі ў Польшчы, некалькі разоў я быў на рэкалекцыях, прысвечаных распазнанню паклікання. І вось, калі толькі ў 2007 годзе закончыў універсітэт, быў прыняты ў пастулат баніфратраў у польскім горадзе Лодзі. 

– Дзе Вы зараз працуеце і як выглядае Ваш звычайны дзень? 

– Цяпер працую ў нашым шпіталі ў Катавіцах (горад на поўдні Польшчы). Мне ўдалося пацвердзіць беларускі дыплом у Польшчы і працягваць сваю медыцынскую адукацыю, працуючы ўрачом у тэрапеўтычным аддзяленні. Як і ў кожным ордэне, наш дзень пачынаецца супольнай малітвай. Штодзённа мы адпраўляем Літургію Гадзінаў, удзельнічаем у святой Імшы, маем духоўнае разважанне. Другім абавязковым элементам нашага жыцця з'яўляецца канкрэтная праца на карысць патрабуючых. Найчасцей мы працаўладкоўваемся на агульных умовах у нашых асяродках і працуем, як і ўсе іншыя супрацоўнікі. Маем таксама сумесныя рэкрэацыйныя сустрэчы, разам выязджаем на адпачынак і духоўныя практыкаванні. 

– Ці абавязкова мець медыцынскую адукацыю таму, хто ўступае ў ордэн? Ці ёсць сярод братоў сусветна вядомыя навукоўцы-медыкі? 

– У ордэн можа прыйсці кожны, незалежна ад адукацыі. Але амаль усе браты падчас фармацыі заканчваюць якую-небудзь навучальную ўстанову, атрымліваючы прафесію, якая звязана з апекай над хворымі ці ўбогімі. Нехта становіцца медбратам, нехта апекуном, аптэкарам, масажыстам і г.д. Шчыра кажучы, навукоўцаў-медыкаў сярод баніфратраў я ўвогуле не ведаю, не кажучы ўжо пра знакамітых. Ёсць невялікая колькасць урачоў, але залатыя часы ордэна ў гэтых адносінах засталіся ў мінулым. Напрыклад, нядаўна выйшла кніга, прысвечаная нашаму субрату Людвіку Пэжыне – значнай постаці ў польскай медыцыне ХVІІІ ст. Ён напісаў некалькі медыцынскіх і рэлігійных прац. Яго лічаць пачынальнікам многіх сучасных метадаў дыягностыкі і тэрапіі, а таксама суаўтарам польскай медыцынскай тэрміналогіі. Брат Людвік быў руплівым распаўсюджвальнікам асноваў гігіены, прафілактыкі і лячэння, асабліва сярод найбяднейшай часткі насельніцтва. 

– У вашай дзейнасці шмат дапамагаюць свецкія асобы. Як праходзіць іх адбор? Ці дастаткова толькі мець медыцынскую адукацыю, каб працаваць ва ўстановах Шпітальнага ордэна св. Яна Божага? 

– Як я ўжо адзначыў, братоў вельмі мала (ва ўсім свеце каля 1100), а заданняў вельмі шмат, таму на ўсіх нашых пляцоўках працуюць дзясяткі тысяч свецкіх асобаў. Галоўны крытэрый для іх падбору – прафесійныя якасці. Безумоўна, кожны наш супрацоўнік павінен шанаваць каталіцкі характар баніфрацкіх устаноў і не дзейнічаць нязгодна з хрысціянскай этыкай. У апошнія гады, асабліва ў краінах Заходняй Еўропы, дзе ордэн апынуўся перад выклікам гвалтоўнага спаду пакліканняў, робіцца штораз больш захадаў у кірунку перадачы харызмату і духоўнасці св. Яна Божага свецкім супрацоўнікам. Фармуецца так званая «Сям’я святога Яна Божага», у межах якой свецкія асобы маглі б надалей працягваць справу баніфратраў (ёсць ужо шмат установаў нашага ордэна, якія працягваюць функцыянаваць, нягледзячы на тое, што там не засталося ніводнага брата). 

 

– Канешне, мець такія ўстановы для нашай краіны пакуль што толькі мара. Наколькі вядома, Шпітальным ордэнам Яна Божага ладзяцца адпаведныя дні кансультацый ва Украіне. А што ў Беларусі?  

– Ва Украіне мы маем свой кляштар. Там пастаянна працуюць 3 браты. Галоўным чынам яны займаюцца матэрыяльнай дапамогай самым патрабуючым. Наведваюць і дапамагаюць самотным састарэлым, нямоглым, інвалідам. Ад часу да часу арганізоўваюцца розныя акцыі, як напрыклад згаданыя дні медыцынскіх кансультацый. Узнікалі таксама думкі, каб адкрыць пляцоўку і ў Беларусі. Браты прыязджалі з гуманітарнымі грузамі, высвятлялі ўмовы для магчымай працы. Але, на жаль, гэтыя спробы не скончыліся паспяхова. Думаю, што ў будучыні, калі Бог дазволіць, цалкам магчыма распачацце сталай дзейнасці баніфратраў на Беларусі. І шчыра на гэта спадзяюся! 

Гутарыла Ганна Страшкевіч

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.