Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Чвэрць гадзіны шчырасці з дырэктарам «Pro Christo» Алінай Новікавай
Інтэрв'ю
11.02.2014 11:00

Вялікі вопыт за спіной, першыя крокі ля вытокаў каталіцкага друку ў Беларусі, справа заснавання выдавецтва «Pro Christo» належаць і ёй – Аліне Сяргееўне Новікавай. На чарговай Міжнароднай кніжнай выставе, якая праходзіла з 5 па 9 лютага ў Мінску, мы пагутарылі са спадарыняй Алінай аб асаблівасцях кнігавыдання рэлігійнай літаратуры і перспектывах яго развіцця.


— Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш з’яўляецца, так бы мовіць, свецкім культурным мерапрыемствам. Што дае ўдзел у ім рэлігійным выдавецтвам?

— Сёння мы жывем у час актыўнай рэкламы, а падобныя выставы – гэта найбольш распаўсюджаная форма папулярызацыі кнігі. Таму вось ужо дзясяты раз мы ахвотна прымалі ўдзел у гэтай міжнароднай выставе. Сваім удзелам мы хочам зацікавіць сучаснікаў хрысціянскімі кнігамі, магчымасць выдаваць якія ўзнікла крыху больш за дзесяць гадоў. Да таго ж, падчас выставы заўсёды існуе магчымасць сустрэцца з калегамі-кнігавыдаўцамі Беларусі і іншых краінаў. Мяркуйце самі: у выставе прымалі ўдзел выдавецтвы з 23 замежных краінаў. На выставе можна было ўбачыць і прааналізаваць магчымасці нашых айчынных друкарняў, высветліць нейкія пытанні ў прадстаўнікоў Кніжнай палаты, якая была таксама прадстаўлена, знайсці адпаведных партнёраў. І ўсё гэта практычна за кароткі час, – згадзіцеся, грэх не выкарыстаць такую магчымасць у нашай дзейнасці… Але, безумоўна, самае галоўнае для нас – гэта нагода сустрэцца і пагутарыць са шматлікімі наведвальнікамі выставы – нашымі патэнцыяльнымі чытачамі, прадставіць ім свае новыя выданні.

— Якія існуюць асаблівасці кнігавыдання рэлігійнай літаратуры, моманты, на якія даводзіцца звяртаць асаблівую ўвагу, магчыма, праблемы, з якімі сутыкаецеся?

— Узровень і багацце кніжных пазіцый залежыць ад таго, колькі гадоў і ў якіх умовах развівалася кнігавыданне рэлігійнай літаратуры. Калі глядзець на вопыт нашых суседзяў, дзе Касцёл не быў знішчаны, як у нас, – я маю на ўвазе Польшчу, – то там, напрыклад, маецца больш за 120 каталіцкіх выдавецтваў. Большасць з іх існуе пры дыяцэзіях ці пры манаскіх супольнасцях, але ёсць шмат і прыватных каталіцкіх выдавецтваў. Ды і шэраг дзяржаўных выдавецтваў таксама часта выдаюць рэлігійную літаратуру. І можна толькі па-добраму пазайздросціць таму ўзроўню выданняў, мноству аўтарскіх пазіцый на любы густ і на любы ўзрост, якія выдаюцца ў польскіх выдавецтвах. І хоць усе выдаўцы сцвярджаюць, што сёння нескладана выдаць любую кнігу, але вельмі цяжка прадаць яе – нягледзячы на адпаведны маркецінг і рэкламу, кнігі хрысціянскай тэматыкі ў суседняй Польшчы ўсё ж такі карыстаюцца попытам. Нягледзячы на крызіс чытальніцтва, пра які апошнім часам так шмат гаворыцца ў польскай прэсе. Тое ж можна сказаць і пра каталіцкія выдавецтвы Славакіі, хоць іх куды менш, чым у Польшчы, але цікавасць да хрысціянскіх кніг не слабне.

Што датычыць выдання рэлігійнай кнігі, то тут у кожнай краіне, хіба, свае праблемы. Але ёсць і агульныя, асабліва ў так званых постсавецкіх краінах.

Калі паглядзець, якія кнігі друкуюцца ў нашых партнёраў – у каталіцкіх і ўвогуле ў хрысціянскіх выдавецтвах Расіі і Украіны, то і ў іх, як і ў нашым выдавецтве, большасць выданняў – пераклады замежных аўтараў.

Гэта ўвогуле адметнасць выдавецтваў у тых постсавецкіх краінах, дзе Касцёл пачаў адраджацца ўсяго толькі два дзесяцігоддзі назад. На жаль, мясцовых аўтараў і ў іх і ў нас яшчэ мала, яны яшчэ вучацца, набіраюцца вопыту, дасканаляцца. І гэта датычыць практычна ўсіх накірункаў рэлігійнай літаратуры на беларускай мове – ад навуковых пазіцый да літаратурна-мастацкіх твораў і падручнікаў па розных дысцыплінах для духоўных семінарый і каледжаў. Не хапае таксама кніг па сямейнай тэматыцы, асабліва па хрысціянскім выхаванні дзяцей і падлеткаў, каталіцкіх кніг для дзетак. Ну няма яшчэ, на жаль, у нас такіх аўтараў, як ксёндз Ян Твардоўскі ці Ленэ Маер Скуманц, якія так цікава і займальна пішуць для дзетак, расказваючы ім пра Бога і пра святых.  

Нашаму выдавецтву ўсяго толькі 14 гадоў, яно створана, каб праз выданне кніг і каталіцкай прэсы дапамагчы Касцёлу ў Беларусі ажыццяўляць евангелізацыю. І мы сутыкаемся з такімі ж праблемамі, што і нашы калегі ў Расіі і Украіне.  У нашым выдавецтве таксама не хапае вопытных перакладчыкаў і літаратурных рэдактараў з належнай падрыхтоўкай да працы з тэалагічнымі і духоўнымі тэкстамі.

Яшчэ адна праблема, якая найбольш уласцівая нашай краіне: адсутнасць адпаведных слоўнікаў беларускай мовы, якія служылі б дапамогай пры перакладзе адмысловай тэалагічнай, філасофскай і іншай рэлігійнай лексікі і літургічных тэкстаў.

— Існуе такое меркаванне, што людзі цяпер увогуле мала чытаюць, асабліва моладзь, якая часцей выбірае візуальныя сродкі. Ці Вы гэта адчуваеце ў сваёй дзейнасці?

— Так, мне таксама часам здаецца, што для многіх людзей найлепшы адпачынак – сесці перад тэлевізарам і некалькі гадзін запар глядзець тэлевізар ці “сядзець” у інтэрнэце, забываючы пра свае абавязкі. І шмат маладых людзей трапляе ў залежнасць ад візуальных сродкаў. Часта гэта пачынаецца з дзяцінства, калі дзеці зашмат глядзяць тэлевізар ці прывыкаюць гуляць у розныя гульні на экране камп’ютара ці тэлефона. Бацькі павінны памятаць, што гульні не могуць замяніць дзіцяці чытанне кніг, якое фармуе і развівае вобразнасць і творчасць.

А наконт таго, што сучасная моладзь мала чытае, то па маіх назіраннях маладыя людзі шмат чытаюць і шмат пішуць. Хіба нават больш пішуць, чым чытаюць – пра гэта сведчыць іх удзел у розных форумах і сацыяльных сетках… Толькі не ведаю, ці ёсць карысць ад таго чытання і пісання.

Тая моладзь, якая практыкуе духоўнае жыццё, па-сапраўднаму шукае і імкнецца да духоўнага развіцця, чытае шмат літаратуры і ў электронным выглядзе, і ў друкаваным. Але, на жаль, у электронным выглядзе, як на беларускай мове, так і на рускай, каталіцкай літаратуры, усё ж такі мала. І таму, мяркуючы па наведвальніках нашай кнігарні «Духоўная кніга», я не скажу, што наша моладзь пачала менш чытаць: калі выходзіць цікавая кніга, то яна мае папулярнасць сярод моладзі.

Іншая справа, што маладыя людзі хочуць чытаць менавіта на сваіх электронных носьбітах, бо гэта больш зручна для маладога чалавека.

Дарэчы, нядаўнія даследванні ў Англіі паказалі, што больш як палова з 35 тысяч апытаных падлеткаў і  моладзі (8-16 гадоў) чытаюць кнігі, розныя інфармацыйныя весткі менавіта на экранах камп’ютэраў, смартфонаў ці іншых лічбавых носьбітаў.  Хоць, на думку даследчыкаў, чытанне ў інтэрнэце адрозніваецца большай павярхоўнасцю ад традыцыйнага.  Дарэчы, на думку эканамістаў, тыя краіны, у якіх назіраецца высокі ўзровень чытання, маюць самы высокі ўзровень крэатыўнасці і інавацый.

— Ці не плануеце выданні ў электронным ці ў камбінаваным выглядзе?

— Настаў час, калі ва ўсіх прагрэсіўных краінах перавагу пачынаюць браць электронныя выданні, што прымушае нас таксама прымаць новыя захады, каб паспяваць за светам. Бо, як часта паўтарае наш мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, “хто не развіваецца – той коціцца назад”. Лічбавая эпоха прымушае нас мяняць стэрэатыпы мыслення і шукаць новыя шляхі і спосабы, каб данесці сучасным людзям вечныя духоўныя каштоўнасці. Час прымушае нас быць гіпердынамічнымі, каб працаваць больш эфектыўна і плённа дзеля справы евангелізацыі.

У першую чаргу мы плануем выпускаць аўдыё-кнігі – для тых, хто дрэнна бачыць, і для тых, хто шмат часу праводзіць у дарозе.

На сайце выдавецтва ёсць некаторыя выданні ў электронным выглядзе, іх можна спампаваць бясплатна. Плануем таксама выдаваць некаторыя кнігі ў камбінаваным выглядзе.

Першай нашай спробай выдання такога кшталту будуць кнігі айца-езуіта Юзафа Аўгустына з дыскам, на якім будуць змешчаны духоўныя разважанні.

Але трэба таксама ўлічваць і тое, што жыхары малых вёсак і мястэчак, значная частка пажылых людзей маюць абмежаваную магчымасць  карыстацца новымі тэхналогіямі. Таму, хіба,  ў першую чаргу яны ацэняць нашыя намаганні ў выданні каталіцкай прэсы і духоўнай літаратуры на паперы.

Але надрукаваная на паперы кніга – сама па сабе дае такія перажыванні і эмоцыі, якія немагчыма перанесці ці перавесці ні на адзін з іншых носьбітаў. Думаю, кожны з нас з дзяцінства памятае тую радасць і цікавасць, з якою мы гарталі кожную новую кнігу, разглядаючы малюнкі, зачараваныя гэтым цудам, які трымалі ў руках. Кніга – каштоўнасць вечная, яна заўсёды пры нас. І добрая кніга, а тым больш духоўная, не зняважыць і не абразіць нас, як часта гэта бывае ў інтэрнэце.

— Сёння мы паўсюдна кажам пра развіццё і адраджэнне, але па маіх суб'ектыўных назіраннях, што дачыцца каталіцкага друку, дык ён хутчэй выжывае. Ці Вы згодны з гэтым сцвярджэннем?

З аднаго боку здаецца, што цікавасць да друкаванага слова змяншаецца. Але з іншага – ўзнікаюць новыя выданні, ствараюцца новыя інтэрнэт-старонкі, якія знаходзяць свайго чытача. Так, за апошнія некалькі гадоў, з’явіўся «Каталіцкі веснік», паўсталі новыя парафіяльныя газеты, інтэрнэт-старонкі. Гэта сведчыць, што патрэба ў такіх выданнях існуе. Кожная парафія імкнецца мець свае выданні, свой парафіяльны сайт, дзякуючы чаму мясцовыя навіны становяцца даступнымі для ўсяго Касцёла. І, напрыклад, дзе б і ў якой краіне не быў бы выхадзец з парафіі, ён можа пацікавіцца, што там адбываецца. Хочацца, каб як друкаваныя выданні, так і электронныя, былі эфектыўнымі, каб неслі дапамогу людзям. Напрыклад, хацелася б, каб было больш святароў, якія маюць на гэта час і пакліканне, каб дапамагалі моладзі вырашаць іх праблемы. Бо сучаснай моладзі патрэбны не святары-журналісты ці святары-знаўцы Інтэрнэту, якія ўмеюць стварыць цікавы сайт, ёй вельмі патрэбны духоўныя апекуны, якія змогуць дапамагчы ёй вырашаць  духоўныя і душэўныя праблемы, змогуць запаліць іх агнём веры.

Але сапраўды, Касцёл не мае столькі фінансавых і кадравых рэсурсаў, колькі маюць некаторыя дзяржаўныя ці свецкія медыя, таму падтрымліваць належны ўзровень каталіцкіх выданняў няпроста. Мне здаецца, што трэба ўжо сёння ўсім нам – каталіцкім медыя і выдавецтву – выпрацаваць адпаведную стратэгію, якая дазваляла б максімальна эфектыўна выкарыстаць тыя магчымасці, якія прапаноўвае сёння тэхнічны прагрэс, а таксама паклапаціцца пра дзве асноўныя праблемы: кадры і сродкі.

Бо ўсё, што дасягнута ў сферы мас-медыя, – дасягнута дзякуючы намаганням і ахвярнай працы святароў і вернікаў. І зусім не за належную плату, але дзякуючы іх энтузіязму, ахвярнасці і высокай самасвядомасці.


— Якімі навінкамі выдавецтва парадавала наведвальнікаў сёлетняй Міжнароднай выставы ў Мінску?

— Мінулы год быў у Касцёле Годам веры і быў вельмі багаты на шматлікія падзеі. Напрыклад, да 75-годдзя кананізацыі Св. Андрэя Баболі па ініцыятыве біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі былі выдадзены — «Маёвыя разважанні. Год веры і 75-гадавіна кананізацыі св. Андрэя Баболі», а таксама. У сувязі з гадавінай смерці Вітальда Івіцкага, была выдадзена брашура, прысвечаная мучаніцкай смерці святара, якую ён прыняў у 1943 годзе разам з закладнікамі ў Пінску.

Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ падрыхтаваны і пераклад першай Энцыклікі Святога Айца Францішка «Lumen fidei», якая была выдадзена таксама ў мінулым годзе.

Наведвальнікаў выставы зацікавіла кніга дамініканіна Тэадора Пінкерса «Католическое нравоучение», якая нядаўна выйшла. Гэтая кніга будзе добрым дапаможнікам не толькі навучэнцам духоўных семінарый, катэхетычнага каледжа, але таксама і свецкім вернікам і ўсім, хто цікавіцца пытаннямі этыкі. У кнізе даследуецца маральная тэалогія і яе асноўныя плыні на працягу ўсёй гісторыі хрысціянства, разглядаецца адрозненне паміж мараллю шчасця і мараллю абавязку, а таксама іншыя вострыя для сучаснага чалавека пытанні.

Думаю, зацікавіць і вернікаў, і святароў – кніга а. Юзэфа Аўгустына «Чвэрць гадзіны шчырасці», якая прысвечана правядзенню штодзённага рахунку сумлення.

Дзеткам будзе цікава прачытаць кнігу Ксяндза Яна Твардоўскага “Першая Камунія з белым бантам”, кнігу аўстрыйскай пісьменніцы Ленэ Майер-Скуманц “І няхай сабе вераб’і чырыкаюць…” – Гісторыі пра Дона Боско.

На выставе таксама адбылася прэзентацыя кнігі с. Нунэ Цітаян “Крест і Пасха” – кніга разважанняў пра сэнс пра сэнс чалавечага цярпення і сэнс крыжовай мукі Езуса, пра спакусу і грэх, пра нашую міласэрнасць да бліжняга і Божую міласэрнасць да нас.

— А якія кнігі рыхтуюцца да выдання?

— У першую чаргу, гэта “Дзённік” святой Фаўстыны Кавальскай ў перакладзе на беларускую мову пісьменніцы і перакладчыцы Крыстыны Лялько, і кніга святога Хосэмарыі Эскрывы на беларускай мове “Гэта Хрыстус праходзіць” (перакладчыца – Юля Шэдзько).  Да 100-годдзя з дня нараджэння першага кардынала Беларусі Казіміра Свёнтка, якое сёлета адзначаецца, рыхтуецца кніга ўспамінаў пра знакамітага Сведку веры, а таксама выданне ўнікальнага альбому фотаздымкаў прыроды Палесся, якія зрабіў некалі ён сам, і кніга ягоных сцэнараў з фільмамі пра прыроду, якія ён сам здымаў.

Да 25-годдзя біскупскага служэння мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча рыхтуецца зборнік яго дакладаў, гамілій, прамоваў за апошнія  гады служэння нашага іерарха. Плануецца таксама серыя кніг а. Юзафа Аўгустына, дзіцячы малітоўнік, каляровы дапаможнік па рэлігіі для 6 класа, кнігі ў дапамогу сям’і, кніга кс. Яна Твардоўскага “(Усмешка) Ад вуха да вуха”.

Вельмі хочацца, каб літаратура, якая спрыяе духоўнаму развіццю чалавека і адраджэнню сапраўдных, вечных, каштоўнасцяў, набывала ў нашым грамадстве ўсё большую зацікаўленасць – на любых носьбітах.

А ўсім нам хочацца пажадаць, каб дзякуючы чытанню духоўнай літаратуры, мы маглі стаць своеасаблівай Божай бібліятэкай, якая дапаможа нам ісці па шляху веры да канчатковай нашай мэты – да святасці.

Гутарыў Віталій Палінеўскі

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.