Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: «Для мяне ксёндз Пётр Барташэвіч стаў духоўным настаўнікам і моцна паўплываў на маю чалавечую фармацыю»
Інтэрв'ю
28.08.2014 22:19

29 чэрвеня 2014 г. мінула 100-я гадавіна з дня нараджэння кс. прэлата Пятра Барташэвіча, стараннага душпастыра і вязня лагераў. У 1955 г. святар пасля вызвалення з лагераў вярнуўся ў Беларусь. Адным з першых месцаў, дзе ён распачынаў служэнне, пасля парафіі ў Порплішчах, быў Адэльск – радзіма арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Гэта быў час дзяцінства Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Іерарх падзяліўся з Catholic.by сваімі ўспамінамі пра кс. Пятра Барташэвіча.

- Кім кс. Пётр Барташэвіч быў для людзей, як яны яго ўспрымалі? Кім ён быў асабіста для Вас і Вашых сяброў?


- Найперш пастырам і любячым усіх людзей айцом. Таксама ўсе вельмі любілі яго за адкрытасць і гатоўнасць дапамагаць. Гэта быў чалавек малітвы і вельмі добры аратар. Яго казанні можно было слухаць гадзінамі. Асаблівую ўвагу ён звяртаў на моладзь. Адразу арганізаваў міністрантаў - а нас было каля 30. Вучыў служыць каля алтара. Але таксама клапаціўся і пра наша навучанне ў школе, кантраляваў адзнакі. Яму трэба было паказваць дзённік. Ксёндз Пётр Барташэвіч вучыў нас гісторыі збаўлення, малітве, традыцыям Касцёла і інш.

Нас, маладых, прыцягвала і тое, што ён займаўся спортам - асабліва любіў выціскаць гіру і добра гуляў у футбол. Ён першы ў Адэльску зрабіў футбольнае поле і першы вучыў нас гуляць у футбол. Можна сабе ўявіць, як 50 гадоў таму святар у сутане гуляе ў футбол з маладымі хлопцамі!

Асабіста для мяне ён быў узорам святара новага тыпу, пакінуў у мяне вобраз вельмі добра адукаванага, светлага святара, які яшчэ задоўга да Другога Ватыканскага Сабору звяртаў увагу на знакі часу і сваім прыкладам паказваў, што Касцёл не павінен стаяць у баку ад праблем свету. У тыя часы мяне моцна ўражвала яго адкрытасць на іншыя канфесіі, асабліва на Праваслаўную Царкву. Для мяне ксёндз Пётр стаў духоўным настаўнікам, які таксама моцна паўплываў на маю чалавечую фармацыю. Яго прыклад быў вельмі важным для мяне. Ён, як магніт, прыцягваў да сябе людзей. Менавіта ён дапамог мне і канцлеру Гродзенскай курыі кс. прэлату Антонію Ханько пачуць голас паклікання да святарства.

- Якім кс. Пётр Барташэвіч быў як чалавек і як святар? Якія яго рысы характару, прынцыпы хацелася пераняць і перанесці ў сваё жыццё асабіста Вам, на той час хлопчыку, потым юнаку, а пазней маладому святару?

- Будучы адкрытым і любячым усіх, ксёндз Пётр у той жа час быў вельмі станоўчым чалавекам, асабліва адносна захавання Божага закону і навучання дзяцей рэлігіі, для чаго выкарыстоўваў усе магчымасці. Асабіста мне імпанавала яго адкрытасць на іншых людзей, пошук новых способаў душпастырства і выкарыстання свецкіх людзей у дзейнасці Касцёла.

З усёй адказнасцю магу сказаць, што калі б не кс. Пётр Барташэвіч і падобныя да яго, я не змог бы стаць святаром. Яны заклалі падмурак для адраджэння Касцёла ў нашай краіне. Нізкі ім паклон, і няхай Бог увядзе кс. Пятра Барташэвіча і тых, хто ў цяжкія гады ганенняў бараніў веру і яе ўмацоўваў, у Божае Валадарства, падобна да таго, як яны вялі людзей туды падчас свайго зямнога жыцця.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.