Голас «Magnificat» дыктар Алег Вінярскі: «Свой голас у будзённым жыцці я наадварот стараюся прыхаваць» |
Інтэрв'ю |
12.11.2014 11:17 |
Дыктар Першага канала Беларускага радыё, акцёр і рэжысёр Алег Вінярскі вось ужо 28 гадоў як працуе на радыё. Яго голас пазнаюць не толькі слухачы радыё, ён вядомы і гледачам тэатральных спектакляў. А яшчэ Алег Вінярскі — голас каталіцкага кінафестываля «Magnificat». Пра сваю працу, стаўленне да прафесіі і агучванне фільмаў на «Магніфікаце» ён распавёў у інтэрв’ю для Catholic.by. — Алег Аляксандравіч, скажыце шчыра, ці пазнаюць Ваш голас па-за радыёстудыяй? — Самае парадаксальнае, што не (усміхаецца — заўв. аўт.). Ды я і не такі чалавек, якому варта толькі адкрыць рот — і ўсе вакол адразу будуць ламаць галаву: дзе мы яго чулі?! Часта ў будзённым жыцці я наадварот стараюся прыхаваць свой голас. Ды і навошта, каб яго пазнавалi? Пазнаваць павiнны кiназорак, а голас — гэта штосьці iнтымнае, хатняе, нягучнае. Мой голас пазнаюць, але толькі самыя адданыя слухачы, якім голас прыйшоўся па душы. Я адчуваю гэта па творчых сустрэчах, а таксама па лістах і тэлефонных званках, якія прыходзяць на адрас рэдакцыі. Калі я сустракаюся са слухачамі, мне часта кажуць, што якраз такім мяне і ўяўлялі (усміхаецца — заўв. аўт.). Але варыянты бывалі розныя: адны бачылі мяне строгім і кабінетным, іншыя — старцам. Як бачым, для кожнага голас — гэта нешта сваё. — Ці задумваліся Вы над тым, што Ваш вопыт, асабліва радыйны, прыйшоў час каму-небудзь перадаць? — Канешне, я веру, што знойдуцца людзі, для якіх радыё будзе такім жа дарагім, як і для мяне. Зараз сапраўды сярод вядучых цяжка знайсці чалавека, які прайшоў дыктарскую школу. Майстры радыйнага слова заўсёды казалі пра тое, што голас павінен быць радыёфанічным. Гэта як з тэлегенічнасцю на тэлебачанні. У радыёфанічнасці — увесь жыццёвы вопыт чалавека. Трапляючы ў чалавечую душу, як кропелька расы, такі голас выклікае станоучыя перажыванні і пачуцці. Голас павінен быць напоўнены. Гэтаму спрыяе ўсё — і твой унутраны змест, і твая грамадзянская пазіцыя, і жыццёвы вопыт, і прафесійныя якасці. Калі чалавек шкадуе аддаваць унутранае багацце — бедным становiцца і яго голас. Якім бы тэхнiчна ўзброеным ён ні быў — калі ў ім не адчуваецца душы, яго голас гучыць штучна. Некаторыя крыўдзяцца, даводзячы, што такое гучанне — тэндэнцыя часу. Насамрэч, гэта гаворыць пра адсутнасць у журналіста, карэспандэнта ці вядучага сцэнічнай падрыхтоўкі. Таму ў эфіры пануе штучнасць і манернасць у гучанні, не ўласцівая журналістам па-за эфірам. Каб вярнуць чалавека да яго сярэдняга галасавога рэгістру, якім ён размаўляе ў жыцці, я дзялюся тымі практыкаваннямі, якім нас вучылі ў Акадэміі мастацтваў: азы артыкуляцыі, дыкцыі, дыхання, голасу і г.д. Іншымі словамі, прыйшоўшы на радыё, варта вучыцца ў старэйшых калег, а не капіраваць штучнае чытанне, пачутае дзесьці. Частка ІІ. Пра працу на каталіцкім фестывалі «Магніфікат» — Як пачалося Ваша знаёмства з фестывалем? — У сярэдзіне 90-х гадоў я пачаў актыўна супрацоўнічаць з «Беларусьфільмам». У тыя гады я нейкім чынам далучыўся да людзей, якіх разглядалі ў якасці будучых дыктараў Беларусьфільма. Мне пашчасцiла сустрэцца са знакамітым беларускім дакументалістам Рычардам Ясінскім, чалавекам надзвычай прыгожым i светлым. Ён i заахвоцiў мяне да гэтай працы. Там жа пазнаёміўся і з Юрыем Гарулёвым, які працаваў над каталіцкімі відэачасопісамі. Я дапамагаў яму з начыткай тэкстаў пра святы, урачыстасці, нейкія падзеі з жыцця Касцёла. У 2005 годзе Юрый Мікалаевіч распавёў мне пра ідэю стварэння каталіцкага фестываля дакументальнага кіно, якога па сваім маштабе ў Беларусі яшчэ не было. Гэта і быў «Магніфікат». З самага першага фестываля я ўвайшоў у склад журы. Напачатку, праўда, я не адчуваў сябе годным для такой місіі, бо лічыў, што ёсць постаці больш магутныя для гэтай працы, чым я. А з 2007 года я пачаў агучваць усе замежныя фільмы, якія паказваюць на фестывалі. За гэты час набралася ўжо больш за сотню такіх стужак з Польшчы, Італіі, Сербіі, Францыі, Германii, Швейцарыi, Iспанii, Iндыi, ЗША, Мексікі і інш. — Як праходзіць праца па агучванні фільмаў? — Агучванне распачынаецца прыблізна за тры месяцы да пачатку фестываля. Шорт-ліст замежных фільмаў, якія патрабуюць перакладу, у гэты час ужо сфарміраваны. Звычайна такіх фільмаў каля 20. Спачатку рыхтуецца перакладная версія, а затым мы пачынаем агучванне. Доўжыцца гэты працэс два тыдні. За дзень мы агучваем пяць-шэсць фільмаў, розных па хранаметражу — гэта як кароткаметражныя стужкі, так і стужкі на 50 хвілін. Больш за шэсць фільмаў за адзін раз не агучваем, для голасу патрэбны перапынак. Калі ж праца скончана, пачынаецца мантаж фільма: гук далучаюць да карцінкі. — У чым, на Вашу думку, адметнасць фестываля? Гутарыў Ілья Лапато |