Біскуп Юрый Касабуцкі: «Гэты год стаў годам майго біскупскага станаўлення» |
Інтэрв'ю |
25.01.2015 09:57 |
«З атрыманнем біскупскай сакры змянілася маё жыццё і найперш спецыфіка святарскай працы. Спачатку цяжка было прызвычаіцца да новай вопраткі, да звароту «Эксцэленцыя»… Гэта быў год майго біскупскага станаўлення». У гадавіну біскупскага пасвячэння з дапаможным біскупам
Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім пагутарыў карэспандэнт
Catholic.by. — Ваша Экцэленцыя, віншуем Вас з першай гадавінай біскупскай сакры! Раскажыце, ці памятаеце Вы той дзень? — Пра яго немагчыма забыцца (усміхаецца — заўв. аўт.). На Імшы было вельмі шмат людзей — сябры, знаёмыя, вернікі і святары. Шмат з тых, з кім я калісьці працаваў або быў знаёмы. Я быў вельмі ўзрушаны і вельмі перажываў, бо, вядома, біскупская сакра — гэта вялікая адказнасць. Але калі Бог дае крыж, то і дапамагае яго несці. З вопыту святара адзін ці два разы я бачыў, як адбываюцца біскупскія пасвячэнні. Але ўсё зусім па-іншаму, калі гэтая пасвячэнне адбываецца з табой. У мяне быў унутраны эмацыйны ўздым. Хваляванне змянялася перажываннямі, якія ўрэшце рэшт прынеслі супакой і радасць. — Якім стаў для Вас гэты год? — Гэта быў год майго біскупскага станаўлення. Першыя крокі былі складанымі — усё па-іншаму, усё новае. Спачатку цяжка было прызвычаіцца да новай вопраткі, да звароту «Эксцэленцыя»… З атрыманнем біскупскай сакры змянілася маё жыццё і найперш спецыфіка святарскай працы — я стаў адчуваць яшчэ больш адказнасці. Але гэты час дапамог мне зразумець, чаго патрабуе і чаго чакае ад мяне Касцёл. Разгубленасць адышла, я стаў больш пэўным і спакойным. За гэты год я пабываў у столькіх месцах, як за палову жыцця дагэтуль. Напрыклад, першы раз я наведаў Рым і Ватыкан.
— Папу Рымскага таксама пабачылі ўпершыню? — Так. З намі — маладымі біскупамі, якія атрымалі біскупскую сакру цягам апошняга года — Папа Францішак сустракаўся падчас нашых рэкалекцый у Ватыкане. Нас было шмат. 132 біскупы. Памятаю, як усе мы сабраліся ў аўле св. Клеменса і камердынер аб’явіў: «Папа Францішак». І ўвайшоў Папа Рымскі. З заўсёднай усмешкай, мілы і дабрадушны, ён прывітаў усіх нас… Пасля, калі надышла чарга аўдыенцыі для біскупаў з асобных краін, мне выпала магчымасць па-італьянску падзякаваць Папу за біскупскія прызначэнні для Беларусі. Нас, праўда, папярэдзілі не забіраць шмат часу, бо біскупаў шмат і аўдыенцыя магла зацягнуцца. На мае словы Папа, памятаю, усміхнуўся і ўдзяліў сваё благаслаўленне. Раней Пантыфікаў я бачыў здалёк толькі падчас урачыстасцяў у Вільні, у Парыжы, у Польшчы... Але калі сустракаешся са Святым Айцом асабіста — гэта зусім іншае пачуццё. — Вы ўзгадалі, што змянілася спецыфіка Вашай працы. Што менавіта? — Раней я быў звычайным святаром, а зараз я біскуп, таму кожны мой прыезд у парафію становіцца падзеяй для вернікаў і я адчуваю сваю адказнасць перад імі. За мінулы год я шмат сустракаўся з людзьмі, удзяляў сакрамэнт канфірмацыі, прымаў удзел у адпустовых урачыстасцях і пастырскіх адведзінах. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прызначыў мяне біскупскім дэлегатам у Магілёўскую вобласць і адначасова Генеральным вікарыем Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. — Якой Вы пабачылі Магілёўшчыну і ў чым адметнасць гэтага рэгіёну? — 18 гадоў таму ў магілёўскай катэдры я выконваў функцыі вікарыя, сёння ж еду туды як біскуп. За гэты час рэгіён змяніўся. У Магілёве на сёння зарэгістраваны 4 парафіі, што не можа не радаваць. Гэта паўнавартасныя каталіцкія асяродкі, якія маюць сталых парафіянаў. У рэгіёнах сітуацыя, на жаль, не такая спрыяльная. Напрыклад, у Горках ёсць адна маленькая парафія. Аднак дзякуючы працы святара, які стабільна працуе і шмат робіць для таго, каб парафія развівалася, вакол парафіі згуртавалася ўжо немалое кола вернікаў. Ці тыя ж Княжыцы (Слабодка). У свой час гэта была найбольшая па колькасці вернікаў парафія. Калі я быў вікарыем у Магілёве, то яскрава пра гэта памятаю. Сёння ж у гэтай парафіі засталося толькі некалькі чалавек. Старэйшае пакаленне адышло, а маладзейшае перабралася ў гарады. Варта ўсведамляць, што Магілёўшчына, таксама як і Гомельшчына, перажыла ў свой час эру барацьбы з Касцёлам і рэлігіяй. Усход Беларусі з 1919 года належаў да савецкіх зямель, у той час як захад Беларусі — толькі з 1939 года. За гэтыя час змянілася цэлае пакаленне. І калі на захадзе вера перадавалася, то на ўсходзе яе планамерна знішчалі. Нават сёння на Магілёўшчыне засталося не так шмат сакральных будынкаў. — Якія задачы ставіць перад сабой біскуп пасля года біскупства? — Адна з асноўных мэтаў — гэта падтрымка душпастырства на Магілёўшчыне. Сёння існуе шмат пытанняў для вырашэння. Хацелася б і надалей дапамагаць у душпастырскіх справах Мітрапаліту, удзельнічаць у вырашэнні пэўных спраў праз удзел у беларускім епіскапаце. Галоўнае, каб мая воля не разміналася з Божай воляй. Гутарыў Ілья Лапато |