Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Антоні Дзям’янка пра катэхізацыю ў Беларусі: «Калі катэхеза ўвойдзе ў школы, гэта будзе гарантыя сацыяльнага забеспячэння для катэхетаў»
Інтэрв'ю
29.01.2015 16:04

29 студзеня ў Рыме завяршаецца двухдзённы міжнародны форум, на які сабраліся прадстаўнікі еўрапейскіх епіскапатаў, што займаюцца пытаннямі катэхізацыі. Беларусь на форуме прадставіў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Арганізатарам міжнароднай сустрэчы выступіла Папская рада па новай евангелізацыі.

У інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё іерарх падзяліўся сваім бачаннем стану катэхізацыі ў Беларусі, распавёў пра выклікі, якія стаяць сёння перад гэтай евангелізацыйнай сферай, і патлумачыў, навошта Беларусі патрэбна каталіцкая тэалагічная акадэмія.

— Эксцэленцыя, распавядзіце, калі ласка, пра кантэкст рымскага форуму і пра яго важнасць для беларускай рэчаіснасці?

— Сустрэча мае на мэце разважыць усе нашы асягненні і таксама недапрацоўкі ў гэтай галіне. Адначасова, я чакаю, што форум дасць нам творчы імпульс. У Беларусі, як вядома, ёсць катэхізацыя і, на маю думку, яна добра пастаўлена. Перш за ўсё, я маю на ўвазе падрыхтоўку дзяцей да першай святой Камуніі. У нас ёсць распрацаваныя падручнікі для двухгадовай падрыхтоўкі да яе.

Пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі дзейнічае камісія, якая адказвае за складанне катэхетычных праграм, ад 1 да 11 класаў. Выдадзены ўжо таксама іншыя падручнікі, зацверджаныя епіскапатам, на падставе якіх вядзецца катэхеза пры парафіях.

У Беларусі дзейнічае тры катэхетычных каледжы, у якіх навучаецца больш за 300 студэнтаў. Каталіцкі Касцёл сёння мае патрэбу, каб тыя, хто навучае катэхезе, мелі адпаведную адукацыю. І мы дзякуем Богу, што на працягу апошніх 20-ці гадоў удалося столькі зрабіць.

— Такія форумы — гэта магчымасць паглядзець на асягненні, але і задаць пытанні пра праблемы, якія існуюць. Калі казаць пра апошнія, то ёсць каледжы, але наколькі запатрабаваныя Касцёлам іх выпускнікі і колькі з іх знаходзіць працу ў касцёльных структурах?

— Калі казаць пра тое, што мы маем на сёння, дзякуй Богу за існаванне катэхетычных інстытутаў. Узровень адукацыі там вельмі высокі.

Выкладчыкі маюць адпаведныя ступені. Думаю, калі дзяржаўныя ўлады захочуць зрабіць атэстацыю выкладчыкаў, вялікіх праблем не будзе з наданнем ім адпаведнага статусу і допуску.

Калі катэхеза ўвойдзе ў школы, гэта будзе гарантыя сацыяльнага забеспячэння для катэхетаў. Бо, усё ж такі, яны таксама носьбіты культуры, а ў Беларусі культура заснавана на хрысціянскім фундаменце.

Спадзяюся, што дзяржава будзе зацікаўлена так, як і ў суседніх краінах, фінансава падтрымаць катэхетаў і прыраўняць іх статус да статусу настаўнікаў.

Што тычыцца катэхетычных праграм, ёсць спецыяльная камісія, якая займаецца іх распрацоўкай. У яе склад уваходзяць не толькі святар і манахіня, але таксама і асоба з Міністэрства адукацыі. Там ёсць католікі, спецыяльна запрошаныя да ўдзелу ў распрацоўцы праграмы, якая б улічвала асаблівасці Беларусі.

— Вельмі рэзанансна прагучала ідэя стварэння ў Беларусі каталіцкай тэалагічнай акадэміі. Па-рознаму гэта ідэя ацэньваецца. Адкуль яна з’явілася, наколькі гэта важна для нас сёння?

— Каталіцкі Касцёл і беларускае грамадства знаходзіцца на такім узроўні, калі запатрабаваныя тэолагі з вышэйшай адукацыяй. У нас ёсць шмат універсітэтаў і гуманітарнага, і тэхнічнага напрамкаў, а каталіцкай ВНУ няма. Каб атрымаць навуковую ступень, студэнту трэба на канчатковым этапе з’язджаць за мяжу і там абараняцца.

Тое, што з’явілася такая ідэя, і ў гэтым накірунку вядуцца працы, гэта радуе нас. Тым больш, мы не першыя. Іншыя канфесіі ўжо гэта маюць. Таму, у пэўным сэнсе, гэты шлях нам ужо паказаны, і трэба зрабіць на канчатковым этапе пэўныя дапрацоўкі.

Размаўляў кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.