Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Юзаф Станеўскі: «Біскуп не павінен кіравацца псіхалогіяй "валадара", ён павінен быць айцом і братам»
Інтэрв'ю
01.02.2015 09:01

Дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў гадавіну біскупскай сакры — пра біскупскае служэнне, прыклад веры і пакліканне святароў.

— Ваша Эксцэленцыя, віншуем Вас з гадавінай біскупскай сакры! Як змянілася Ваша жыццё за гэты год?

— Як і дагэтуль, я застаюся сынам, братам і суседам, а яшчэ грамадзянінам нашай любай Беларусі. Ад моманту біскупскай кансэкрацыі я стаў пастырам Касцёла, а кожны пастыр павінен ведаць свой статак.

Дагэтуль, будучы рэктарам семінарыі, «бэспасрэдны статак» пад маёй апекай складаўся прыблізна са 100 асобаў, цяпер жа я маю абавязак дапамагаць біскупу Аляксандру Кашкевічу весці статак Пана, які налічвае амаль 400 тысяч вернікаў. Ці змянілася маё жыццё? Так, і значна.

За першы год біскупскай паслугі я наведаў больш за 70 парафій, дзе сустракаўся з рознымі ўзроставымі групамі вернікаў. Гэта былі і катэхезы, і сустрэчы з моладзевым душпастырствам «OPEN», і ўдзяленне сакрамэнту канфірмацыі. Гэтыя ў нейкай ступені афіцыйныя сустрэчы прыносілі задавальненне і радасць, за якія я ўдзячны Богу.

Магчымасць сустрэцца з вернікамі нашай дыяцэзіі я меў і падчас першай біскупскай «каляды». Для мяне гэта быў зусім іншы досвед. Чалавек, які знаходзіцца ў сваім доме, адчувае сябе больш упэўнена, не саромеецца, а гэта ў сваю чаргу дапамагае мне лепш спазнаць духоўны стан таго чалавека, яго погляды і ўзровень веры, каб, агледзеўшыся, узяць яго за руку і паказаць на шлях радасці Евангелля.

— Якія якасці, на Вашу думку, трэба развіваць ў сабе для больш якаснага біскупскага служэння?

— Аб тэарэтычных якасцях асобы пакліканага да біскупскай паслугі Каталіцкі Касцёл гаворыць у Кодэксе Кананічнага Права з 1983 года.
Практычныя ж патрабаванні да біскупа як пастыра найлепш акрэсліў Папа Францішак: біскуп — гэта чалавек малітвы, сведчання і абвяшчэння Евангелля. Святы Айцец называе біскупа «пастырам з пахам авечак, што значыць, блізкага да людзей».

Біскуп не павінен кіравацца псіхалогіяй «валадара», ён павінен быць айцом і братам, міласэрным і міралюбівым. Ведаць, як быць наперадзе статка, як паказаць статку патрэбны шлях, як трымаць статак разам і ведае, калі трэба ісці ў канцы статку, каб ніхто не застаўся ззаду.

 

Біскуп павінен дапамагчы людзям убачыць прысутнасць Бога ў канкрэтных абставінах іх жыцця і не паддавацца пры гэтым свецкаму. Адным словам, каму многа дадзена, ад таго і многа вымагаецца.


Я прашу Пана аб Ягонай ласцы, каб мець сілы выканаць місію, якую на мяне ўсклаў Касцёл. А таксама прашу ўсіх вернікаў маліцца за сваіх пастыраў, а таксама за пакліканні, каб мы былі пастырамі паводле Сэрца Езуса.

 

«З пакліканнем крызісу няма, крызіс існуе ў саміх пакліканых, да якіх звяртаецца Пан»

— Ці ёсць сярод біскупаў асоба, да якой у сваёй працы Вы хацелі б быць падобнымі?

— Будучы прэфектам у сeмінарыі, а потым рэктарам, я заўсёды раіў маладым клерыкам, якія стараліся «ўпадобіцца» да старэйшых братоў, каб заўсёды бралі сабе за ўзор Езуса Хрыста, а затым святых. Таму цяпер, як малады біскуп, часта прыгадваю гэту параду.

— Да біскупскага пасвячэння Вы былі рэктарам Духоўнай семінарыі ў Гродне. Ці не сумуеце па былых абавязках?

— На працягу 15 гадоў выхаваўчай паслугі ў семінарыі я сапраўды, як кажуць, зжыўся з семінарыйнай сям’ёй. Аднак і пасля атрымання біскупскай сакры я пакуль працягваю жыць у будынку семінарыі — у тым самым пакоі. Штодня сустракаю клерыкаў і выкладчыкаў. Усё гэтак жа выкладаю там кананічнае права. На змену адным абавязкам прыйшлі другія, таму сумаваць няма калі.

 

— Вы прапрацавалі ў семінарыі 15 гадоў. Якой Вы бачыце сітуацыю з пакліканнямі да святарства: ці з’яўляецца сённяшняя сітуацыя крызісам?

— Пакліканне — гэта дар ад Пана Бога. Езус Хрыстус заклікае нас: «Прасіце Пана жніва, каб выправіў работнікаў на сваё жніво». У свой час Папа Бэнэдыкт XVI заклікаў да малітвы аб пакліканнях, бо малітва — найбольш выпрабаваны спосаб узрастання ў маладым сэрцы імкнення пайсці за Панам.

Святы Ян Павел II называў менавіта сям’ю першай семінарыяй. Тое, ці будуць сярод сённяшняй моладзі тыя, хто пачуе заклік Пана і адгукнецца на яго, залежыць ад ўсяго статка Касцёла — ад мяне, ад кожнага з нас, нашай малітвы і прыкладу веры.

У семінарыі Гродзенскай дыяцэзіі (а таксама і іншых дыяцэзіях) чатыры разы на год адбываюцца рэкалекцыі аб разпазнанні паклікання, праводзяцца сустрэчы для міністрантаў, пілігрымкі, малітоўныя чуванні і іншыя ініцыятывы — усё для таго, каб паспрыяць той атмасферы, у якой малады чалавек пачуе голас Пана «пайдзі за Мной».

З пакліканнем крызісу няма, аднак крызіс існуе ў саміх пакліканых, да якіх звяртаецца Пан. Езус не спыняецца са зваротам да чалавека, і, паклікаўшы адзін раз, кліча заўсёды.


У 2014-2015 навучальным годзе ў Гродзенскую семінарыю паступіла 6 чалавек. Гэта сведчыць аб тым, што заклік Хрыста — ідзі за Мной — ў наш час нікуды не дзеўся.

Заахвочваю і заклікаю ўсіх да малітвы аб пакліканнях і за пакліканых. Свет патрабуе не колькаці святароў, але іх якасці, бо праз святара чалавек хоча дакрануцца Бога.

— Якія выклікі стаяць сёння перад біскупамі ў Беларусі і якія заданні Вы бачыце для сябе ў біскупскім служэнні ў наступныя гады?

— Найперш трэба быць паслухмяным закліку Езуса Хрыста: «Ідзіце і абвяшчайце Евангелле ўсяму свету». Беручы пад увагу дынамізм грамадства і яго прагу да спажывецкасці, трэба быць, як вучыць Папа Францішак, правадніком — ісці наперадзе статка Пана. Мы павінны евангелізаваць — абвяшчаць Евангелле ў час і не ў час, выкарыстоўваючы сучасныя сродкі — тэлебачанне, радыё, інтэрнэт, газеты і вуліцы нашых гарадоў і вёсак.

У сучасным свеце ўсё яшчэ не хапае колераў Евангелля і радасці жыцця, евангельскіх парад. Таму не толькі ў Касцёле і не толькі духоўныя асобы маюць заданне абвяшчаць Евангелле — гэта абавязак усіх вернікаў. Сёння трэба быць святым Андрэем, які, сустрэўшы Хрыста, вяртаецца па свайго брата, каб і ён знайшоў дарогу да збаўлення.


Сустракаючыся з вернікамі, я заўважыў, што чалавек яшчэ не да канца пазнаў радасць Евангелля: яму больш вядомы рэлігійныя забароны і рэкамендацыі, чым радасць быць Божым дзіцём.

Таму заняткі рэлігіі трэба зрабіць даступнымі не толькі для дзяцей і моладзі, але таксама і для дарослых. Як кажуць, цяжка з навукай, але лёгка ў жыцці.

Напрыканцы я хацеў бы звярнуцца да ўсіх з «дамашнім заданнем».

У 1968 годзе Луі Армстранг спяваў: «What a Wonderful World» — «які цудоўны свет». Ён меў на ўвазе свет, створаны Богам. Жадаю ўсім чытачам партала catholic.by і ўсяму рэдакцыйнаму калектыву на чале з кс. Юрыем Марціновічам, каб усе разам мы стваралі гэты цудоўны Божы свет.

Падрыхтаваў Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.