Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«United In Spirit»: адзіныя ў праслаўленні
Інтэрв'ю
10.02.2015 17:17

«У адзін цудоўны дзень мы выцягнулі свае калонкі, паставілі на старыя стойкі і пачалі граць. І вось бачыце: паўнавартасны гурт цяпер». Catholic.by пагутарыў з салістамі хрысціянскага гурта «United In Spirit» з Баранавіч.

«United In Spirit» — малады хрысціянскі гурт з Баранавіч. На сёлетнім фестывалі хрысціянскай музыкі «Дастукацца да нябёсаў», які завяршыўся 7 лютага ў Баранавічах, менавіты гэты калектыў адкрываў канцэртную праграму.

У склад гурта ўваходзіць шэсць чалавек: Ян Пятліцкі (рытм-гітара, вакал), Франк Пятліцкі (скрыпка, бэк-вакал), Вікторыя Шляхціна (бэк-вакал), Лада Жытко (клавішы), Антон Бондар (бубны), Аляксандр Байтус (сола-гітара).



Пасля канцэрта мне ўдалося пагутарыць з Вікторыяй Шляхцінай і братамі Янам і Франкам Пятліцкімі.

— Гурт зарадзіўся дзякуючы ксяндзу Аляксандру Канановічу, які нас аб’яднаў і шмат зрабіў для таго, каб даць нашаму калектыву дарогу ў жыццё, — прыгадвае Вікторыя Шляхціна. — Да гэтага мы былі проста адзіночнымі музыкантамі, якія наведвалі касцёл.

Франк Пятліцкі:

— Дагэтуль чалавека, які б сказаў: «Хопіць сядзець па дамах і вучыць кожны свае класічныя творы, бярыце свае інструменты і збірайцеся разам, каб праслаўляць Бога» — такога чалавека не было. У адзін цудоўны дзень мы выцягнулі свае калонкі, паставілі на старыя стойкі і пачалі граць. Затым падключыліся іншыя ўдзельнікі. І вось бачыце: паўнавартасны гурт цяпер.

Ян Пятліцкі:

— А назву мы прыдумалі, пераклаўшы на англійскую мову словы «Едины в Духе». Калісьці ў Баранавічах была такая моладзевая малітоўная суполка. Потым яна паціху вычарпала сябе: хтосьці сышоў, хтосьці з’ехаў… А мы ў той перыяд якраз былі ў пошуку назвы для нашага калектыву. Вырашылі спыніцца на «United In Spirit». Англійскі варыянт нядрэнна гучыць.

— Памятаеце першае выступленне? Як удалося справіцца з эмоцыямі?

В. Ш.:

— На першым выступленні было шмат моладзі. Гэта, канешне, добра, калі яны нас падтрымліваюць. Тады мы адчуваем сябе на сцэне куды больш утульней. Хваляванне, вядома, нікуды не дзяецца. І мае ўспаміны ад першага выступлення звязаны якраз з вялікім хваляваннем.

Ф. П.:

— Памятаю, калі падключалі калонкі на першым выступленні, то гук быў зусім адрозным ад таго, які быў на рэпетыцыях. Першае выступленне не дазволіла на яго забыцца (усміхаецца — заўв. аўт.)



Я. П.:

— Канешне, было трохі страшнавата. Гэта ўжо пасля мы пачалі «адрывацца», праслаўляючы Бога (усміхаецца — заўв. аўт.).

— Не страшна было адкрываць сёлетні фестываль?

Я. П.:

— Любы музыкант хвалюецца, выходзячы на сцэну. Прысутнічае пэўны «мандраж». Але гэта нармальна. Калі чалавек не хвалююцца, вось гэта ўжо праблема. Але страху не было, бо гэта наша зала, наш горад і моладзь нас падтрымлівае. Мы адрэпетыравалі ўсё і проста зрабілі тое, што рыхтавалі — выступілі са спевамі на хвалу Божую хвалу.

— Як наладжаны творчы працэс у «United In Spirit»?


Ф. П.:

— Першую песню мы напісалі на вершы Рыгора Барадуліна. Далей былі аўтарскія тэксты майго брата Яна. Большасць спеваў з тых, якія мы выконваем, былі напісаны ім. Мы ж дапамагалі яму ў музычнай частцы — у песнях можна пачуць і скрыпку, і барабаны, і клавішы.

Я. П.:

— Аранжыроўкі ўвогуле робім самі. Напрыклад, я пачынаю, а астатнія падхопліваць, пачынаючы ад барабанаў і заканчваючы бэк-вакалам.

— Адкуль вы чэрпаеце натхненне?

Я. П.:

— З жыцця. Таксама з малітвы. Мне вельмі дапамагае адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Часам бывае, што не можаш уставіць радок у спеў, а прыйдзеш на адарацыю — і гэтае адзінства з Богам нібыта падштурхоўвае цябе і дае сілы.

Франк і Ян Пятліцкія дадаюць, што не хацелі б вешаць на свой гурт бірку таго ці іншага музычнага накірунку. Хлопцы, аднак, адзначаюць, што іх гурт — гурт праслаўлення.

— Галоўная мэта праекта — евангелізацыя?

Я. П.:

— Так, галоўная мэта нашага праекта — евангелізацыя менавіта моладзі. Калі ж і дарослым гэтая музыка таксама падабаецца, то гэта цудоўна.

Я.П.:

— Раней мы былі проста парафіяльным гуртом, які спяваў на Імшах. Але паколькі першы наш канцэрт адбыўся на сустрэчы моладзі, то і далей мы працягваем граць для гэтай аўдыторыі.

На пытанне аб рознай хрысціянскай прыналежнасці ўдзельнікаў гуртоў мае суразмоўцы адказваюць, што зусім не мае значэння, праваслаўны ты, католік ці пратэстант: «У нас адна мэта — праславіць Бога. А яшчэ для нас гэта — прыклад таго адзінства, да якога заклікае Святы Айцец».

Пра планы калектыва браты Пятліцкія гаварыць не хочуць. Усміхаюцца і дадаюць, што ў гэтай справе — як у прымаўцы пра «хочаш рассмяшыць Бога…». Тым не менш хлопцы адзначаюць, што задумкі ў гурта ёсць. Праца ідзе, і пакуль яны не хацелі б агучваць канкрэтныя рэчы.

«На ўсё Божая воля. Таму, калі Бог блаславіць, усё павінна атрымацца», — проста і шчыра адказваюць музыканты.

Гутарыла Кацярына Парыжаская, фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.