Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Невідушчая спявачка Патрыцыя Курганава: «Бог адарыў мяне талентам, я павінна выкарыстаць яго на сто працэнтаў»
Інтэрв'ю
26.02.2015 09:55

Патрыцыя нарадзілася на сёмым месяцы цяжарнасці. Усё, што яна бачыць сёння, гэта крыху святла на адным воку. Амаль нішто, але з ім дзяўчына можа заўважаць цені і адрозніваць колеры. У інтэрв’ю Сatholic.by Патрыцыя расказала пра сваю любоў да музыкі, жыццё ў чорных сонечных акулярах і веру ў Бога.


Патрыцыя носіць цёмныя акуляры і час ад часу карыстаецца кійком. Яна ў адзіночку ходзіць па горадзе, адна ездзіць у грамадскім транспарце і нават купляе прадукты ў магазінах.

«Яшчэ ў дзяцінстве мама рыхтавала мяне да самастойнасці, — прызнаецца дзяўчына. — Памятаю, як яна казала мне: “А зараз, дачушка, ты адна пойдзеш дадому”. Цяпер для мяне гэта нармальна і проста. І ў магазін я хаджу з радасцю. Але прыстасоўвацца было не проста. Я баялася звяртацца да незнаёмых людзей і часта плакала».

Імя Патрыцыі Курганавай прагучала на ўсю СНД пасля яе ўдзелу ў расійскім песенным шоу «Голас». Дзяўчына не стала пераможцай, але гледачы яе запомнілі.

Жыццё з камп’ютарам, які чытае за цябе

На інтэрв’ю мы дамаўляліся па тэлефоне.

«Так, з радасцю сустрэнуся з Вамі. Можаце знайсці мяне ў Фэйсбуку ці Укантакце, дэталі можам абмеркаваць там».

Анкеты ў сацыяльных сетках дзяўчына вядзе сама. Сама адказвае на асабістыя паведамленні, прытым — без памылак і нават са смайлікамі.

«Мае тэлефон і камп’ютар — з функцыяй голасу. Камп’ютарная праграма чытае ўсё, што ёсць на экране, — адкрывае свой сакрэт Патрыцыя. — Таму дастаткова націснуць на атрыманае паведамленне, і праграма прачытае яго ўслых. А яшчэ і функцыя дыктавання ёсць: нагаварыў — і паведамленне гатовае».

Актыўна карыстаецца Патрыцыя і пошукавымі сістэмамі ў сеціве. Выпускі першага сезону перадачы «Голас» яна знайшла якраз там.

«Камп’ютар размаўляе са мной жаночым голасам. Мілена ці Алёна — дакладна не скажу, як яго завуць. Я яшчэ часам жартую і стаўлю сабе польскую ці англійскую мову», — усміхаецца Патрыцыя.

Шоу «Голас»: як прачнуцца знакамітай

Прыгадваючы свой удзел у песенным шоу «Голас», Патрыцыя называе яго вялікім штуршком у творчым плане. Конкурс надаў упэўненасці і зрабіў рэкламу: сёння Патрыцыя — часты госць на канцэртах у Беларусі і Расіі.

З пераможцам другога сезону «Голаса», земляком Сяргеем Валчковым дзяўчына трымае кантакт. Яны перапісваюцца і тэлефануюць адно аднаму.

«Я была рада, што Сярожа перамог. З ім у мяне адразу склаліся цёплыя ўзаемаадносіны. Ён заўсёды быў уважлівым да мяне, дапамагаў парадай, падтрымліваў. Ды й голас у яго выдатны! Некалькі разоў пасля праекта мы нават выступалі разам», — прыгадвае Патрыцыя.


Падтрымлівае маладая спявачка сувязь і са сваім настаўнікам з «Голаса» Аляксандрам Градскім.

«Аляксандр Барысавіч — добры і спагадлівы, — гаворыць пра Градскага дзяўчына. — Мне пашанцавала, што ён выбраў мяне на праслухоўванні. Мы і зараз стэлефаноўваемся, я магу папрасіць у яго парады».


Расказваючы пра сваё жыццё пасля праекта, Патрыцыя сарамліва прыгадвае, што яе сталі пазнаваць на вуліцах, а нядаўна нават у аптэцы пазналі:

«Мне прыемна, калі падыходзяць і кажуць цёплыя словы. Гэта натхняе на далейшую працу. Але я не лічу гэта нейкім подзвігам, — адказвае дзяўчына. — І журналістам пра гэта заўсёды кажу. Конкурс быў для мяне мэтай, і я доўга да яе ішла. Але павышанай увагі я не люблю».

***

Мы гутарым у фае Палаца культуры ветэранаў. Якраз тут сёння зранку ў Патрыцыі быў конкурс — з сабою ў сумцы ў яе канцэртная сукенка і абцасы спецыяльна для сцэны. У жаданні паказаць сябе дзяўчына працягвае хадзіць на кастынгі…

«Я не магу сказаць, што ў невідушчых абвостраны слых, але яны больш уважлівыя, — дадае Патрыцыя. — Мы пастаянна сканцэнтраваныя. Шукаць дарогу, калі ведаеш адрас, не так складана. Я езджу на ўсіх відах транспарту акрамя трамваяў і маршрутак. Карыстаюся гугл-картамі і GPS-навігатарам».

У пошуках патрэбнага дома Патрыцыя можа звярнуцца да мінакоў.

«Я магу ўбачыць цень чалавека, або калі ён ідзе побач — адчуць гэта. Таму спытацца — не праблема. Праблемы здараюцца, калі мінакоў побач няма.

Нядаўна я ехала ў гасцініцу «Пекін» каля КЗ «Мінск». І доўга шукала патрэбны будынак, бо людзей зранку там амаль не было. Па-сапраўднаму ж бывае страшна, калі ляціш у незнаёмы горад на выступленне, а цябе забыліся сустрэць і ты 9 гадзін сядзіш у аэрапорце…»

Тут Патрыцыя прыпыняе размову і ўслухваецца. Аднекуль з незачыненых дзвярэй Палаца культуры ветэранаў даносіцца песня Уітні Х’юстан.

«Гэтую песню я таксама сёння выконвала, — гаворыць суцішана дзяўчына. — Увогуле, я люблю і фолк, і соул, і джаз. Толькі, відаць, класіку не спяваю. Слухаю, але не спяваю. Яшчэ люблю творы Мэрайі Кэры, Уітні Х’юстан, Эмі Уайнхаус і інш.»

Асаблівы чалавек для Патрыцыі — Дзіяна Гурцкая. Яна стала для дзяўчыны не проста сябрам, а сапраўдным анёлам-ахоўнікам. Гэта дзякуючы Дзіяне, якая асабіста пісала ў свoй час рэктару Інстытута культуры, Патрыцыя паступіла ва ўніверсітэт.

Да гэтага ёй адмаўлялі, кажучы, што яшчэ ніводная невідушчая ў іх не вучылася…

 «У музычную школу я пайшла адразу ў трэці клас»

Перад тым, як стаць студэнткай, Патрыцыя скончыла школу для дзяцей з парушэннямі зроку і паралельна наведвала музычную школу.

«Мне было 10 гадоў, калі я пайшла ў музычную школу. Мяне залічылі адразу ў трэці клас. Там я займалася вакалам і іграла на фартэпіяна, — згадвае дзяўчына. — Я нават думала паступаць на фартэпіянны факультэт, бо ў свеце шмат невідушчых піяністаў. Але любоў да музыкі перамагла, і я пайшла на факультэт музычнага мастацтва на эстрадны вакал».

Сёння Патрыцыя не проста спявае, але і сама сабе акампануе. Іграць яна вучылася па алфавіце Брайля, дапамагаючы сабе ігрой на слых.

 

Жыццё без магчымасці ўбачыць твар матулі

З Палаца культуры ветэранаў мы выходзім на марозную вуліцу, каб у спакойнай і немітуслівай атмасферы працягнуць размову. Пераходзім дарогу і спускаемся ў гарадскі парк, у дрэвах якога гуляе вецер, а на зямлі гарэзліва скачуць рудыя вавёркі.

«У дзяцінстве я задавала дзіўнаватыя для дзіцяці пытанні: як лётае птушка? Што такое аблокі і як яны выглядаюць? — прыгадвае Патрыцыя. — Я не ўяўляла гэтага. Як не ўяўляла і твары людзей, колер іх валасоў…»

Патрыцыя ніколі не бачыла твару сваёй мамы. Не магла паглядзець ёй у вочы, ніколі не бачыла матулінай усмешкі… Ёй дапамагаў толькі тактыльны дотык.

«Ты дакранаешся і спрабуеш уявіць тое, чаго ніколі не бачыў, — прыгадвае Патрыцыя. — Можа, і дадумваеш сабе што, дамалёўваеш. Магчыма, у тваім уяўленні ўсё больш прыгожае. А яшчэ з дзяцінства я любіла ўяўляць неба і заўсёды задумвалася над тым, як выглядаюць аблокі, як выглядаюць анёлы і як выглядае Бог. Гэта няпроста зразумець, а яшчэ цяжэй — патлумачыць…».

Дарогу нам перабягае вяртлявая вавёрка. У парку ціха і спакойна. Толькі вецер з кожным новым рыўком робіцца ўсё мацнейшы.

Патрыцыі было 17, калі загінуў яе брат. Ныраў у ваду і так і не вынырнуў. Дзяўчына тады якраз скончыла школу. А праз чатыры гады пасля гэтага не стала яе мамы — не дачакалася аперацыі па перасадцы сэрца і лёгкага.

«Было цяжка. Я шмат задумвалася над тым, чаму Бог дапускае гэта, — гаворыць Патрыцыя. — Сёння я разумею, што гэта было выпрабаваннем…»

 «Для мяне вера — жамчужына ў сэрцы»

Патрыцыя наведвае пратэстанцкую царкву і лічыць сябе веруючай хрысціянкай:

«Я веру ў Бога і абавязкова наведваю царкву. І не толькі па нядзелях. Мае бацькі выраслі ў праваслаўі, але да веры я прыйшла сама ў 15 гадоў. Ведаеце, часам бывае так, што мы прыходзім да Бога, калі ў жыцці адбываюцца цяжкасці…

У мяне прыблізна так і было. Я зайшла ў царкву і зразумела, што Бог павінен быць у маім жыцці. Сёння Царква і Бог — гэта частка майго жыцця. У касцёл я хаджу таксама, часам выступаю на розных дабрачынных канцэртах».

Патрыцыя дадае, што ёй важна быць карыснай Богу і людзям, несці служэнне:

«Няма розніцы ў тым, бачыш ты ці не, сядзіш у інвалідным вазку ці ходзіш — Бог любіць кожнага з нас. Што да розніцы ў канфесіях, то я параўноўваю гэта з мабільнай сувяззю: «мтс», «вэлком» ці «лайф» — кожны абірае свой спосаб сувязі з Богам, як каму прасцей», — упэўнена дзяўчына.

«Для мяне вера — гэта жамчужына ў маім сэрцы. Гэта як вецер, які не бачна, але які можна адчуць. Гэта ўпэўненасць у нябачным. Поўнае разуменне таго, дзе ты будзеш заўтра. Вера займае ў маім жыцці важнае месца», — кажа Патрыцыя.

***

Нібы цікуючы за намі, з дрэва скокнула яшчэ адна вавёрка. Мы праходзім паўз Камсамольскае возера, якое напалову замерзла і ў адкрытай частцы якога плаваюць качкі. У ледзяной частцы возера за рыбай заселі двое мужчын. Вецер амаль сціх.

«Я хачу сям’ю і ведаю, што свайго мужчыну абавязкова сустрэну»

Патрыцыя прызнаецца, што вельмі радуецца, калі яе праца камусьці патрэбная. Дзяўчына жыве разам з бабуляй, час ад часу праведвае тату, а два разы на тыдзень — па панядзелках і суботах — ездзіць на любімую працу.

Дзяўчына выкладае вакал у музычнай школе. «Я люблю працаваць з дзецьмі, — гаворыць дзяўчына. — Маленькія — заўжды непасрэдныя і адкрытыя. З імі лягчэй. А вось да падлеткаў трэба шукаць падыход».


Кім бачыць сябе Патрыцыя ў будучыні?

«У мяне ёсць нейкія мары, якія ператвараюцца ў мэты, і я да іх іду. Я малюся, канешне, за ўсё, што яшчэ будзе ў маім жыцці, — кажа дзяўчына. — Я бачу сябе і ў працы з дзецьмі. Бачу сябе і на выступленнях. Думаю, калі Бог даў мне талент спяваць, то я павінна выкарыстаць яго на ўсе 100 працэнтаў».

А яшчэ дзяўчына прызнаецца, што вельмі хоча стварыць сям’ю:

«Я вельмі хачу сваю сям’ю. Веру, што гэта ў мяне будзе. Малюся ў гэтай інтэнцыі. Хацелася б, каб побач быў чалавек, які будзе мяне разумець. І я веру, што знайду такога мужа».

***

Жвавая вавёрка ўскочыла на дрэва і далучылася да такой жа як і сама. Вецер тым часам цалкам суцішыўся — парк дыхаў вясной.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.