Евангелізацыя праз хакей? Так! |
Інтэрв'ю |
11.09.2015 13:33 |
Пра суадносіны веры і спорту, здаровы баявы дух на хакейнай пляцоўцы і ў касцёле распавядае Уладзіслаў Занкавец, былы хакеіст і трэнер па фізічнай падрыхтоўцы ХК «Дынама-Мінск». Усім, хто захапляецца хакеем, добра знаёмыя выразы: «Мы жывём хакеем!», «Жыццё без хакею — нішто!», «Сезон закончаны — жыццё закончанае» і г. д. Відавочная небяспека стварэння людзьмі з хакею гэткага куміра, бажка. І раптам мы бачым патомную хакейную сям’ю, якая ў нядзелю не прапускае ніводнай святой Імшы ў невялічкім касцёле ў цэнтры Мінска. Да яе належыць герой нашай размовы Уладзіслаў Занкавец, трэнер па фізічнай падрыхтоўцы ХК «Дынама-Мінск». — Уладзіслаў, ты паходзіш з прафесійнай хакейнай сям’і і адначасова з сям’і практыкуючых католікаў. Для Канады — гэта нармальная з’ява, але для Беларусі — вялікая рэдкасць. У нас і звычайныя людзі, якія лічаць сябе католікамі, не ўсе ўсведамляюць важнасць наведвання касцёла ў нядзелю і прыняцця святых сакрамэнтаў. Раскажы, калі ласка, хто паўплываў на такое духоўнае развіццё ў сям’і? — Нашым «рухавіком» заўсёды была бабуля, на якую ў сваю чаргу паўплывала яе бабуля. Праз гэта да веры прыйшла мая мама, потым я — з самага ранняга дзяцінства. Пазней да нас далучыўся бацька, а нядаўна яшчэ і сястрычка ў мяне з’явілася, яна таксама заўсёды з бацькамі ў касцёле. — Дзе і калі ты рыхтаваўся да першай споведзі і Камуніі? — У мінскім касцёле святога Роха на Залатой Горцы. Мне было шэсць ці сем год, рыхтаваў нас ксёндз Міхал Сапель. Дома ёсць памятка пра першую Камунію і фотаздымак. — Улічваючы асаблівасці працы твайго таты (былога хакейнага форварда, а цяпер трэнера Эдуарда Занкаўца), вам даводзілася жыць, працаваць і вучыцца ў розных гарадах і краінах. Ці складана было захоўваць каталіцкія традыцыі, ці заўсёды атрымлівалася наведваць касцёл у нядзелю? — Калі бацька гуляў у хакей, мы амаль увесь час жылі за мяжой, я быў маленькі — вось тады не ўдавалася быць на Імшы, на жаль. Але, вяртаючыся ў Мінск, мы нязменна хадзілі з мамай і бабуляй у касцёл. Стаўшы дарослым, распачаўшы сваю хакейную кар’еру і гуляючы ў розных месцах, я стараўся хадзіць на Імшу ў нядзелю, а калі ў гэты дзень не атрымлівалася, то ў іншыя дні. Так выпала, што я амаль увесь час гуляў у Беларусі, таму з гэтым асаблівых праблем у мяне ніколі не было. Таксама я меў магчымасць наведваць касцёл у Чэхіі і Санкт-Пецярбургу. — Няпростае жыццё маленькага хакеіста — школа, трэніроўкі, і з прыяцелямі хочацца ў двары пабавіцца. Ці не ўзнікала ў цябе канфліктаў з бацькамі, калі, акрамя ўсяго іншага, трэба было наведваць яшчэ заняткі па рэлігіі? Можа, не заўсёды хацелася ісці на Імшу, і бацькам, і бабулі даводзілася цябе заганяць туды сілком? — Так, зрэдку здаралася, што не хацелася ісці ў касцёл. Але што самае цікавае, бацька, які ў пару майго дзяцінства сам у касцёл не хадзіў, у тыя моманты знаходзіў для мяне патрэбныя словы. Памятаю, як аднойчы мне вельмі не хацелася ісці на Імшу, а тата, не прымушаючы мяне, проста сказаў: «Уяві, што Бог цябе там чакае, пастаў сябе на Яго месца». — І ты ў той момант адкрыў для сябе Бога, ці гэта адбылося пазней? Калі ў цябе ўзнікла ўсвядомленае самастойнае жаданне маліцца і хадзіць у касцёл? — Напэўна, калі я ўпершыню паехаў адзін за мяжу, у Санкт-Пецярбург, у хакейны клуб «СКА-2». Магчыма, сваю ролю сыграла і тое, што ў хакеі ў мяне многае не атрымлівалася, быў складаны перыяд у жыцці. — І тады з’явіліся думкі пра Бога? — Яны і да таго часу заўсёды былі. Але тады я, напэўна, сапраўды больш стаў пра Бога задумвацца. Нікога з маёй сям’і не было побач, ніхто з майго атачэння касцёл не наведваў. Тут ужо сам вырашаеш, усё зусім інакш, гэта не «прычэпам» за бацькамі хадзіць… — Ці не была твая цяга да касцёла звязаная з тугой па Радзіме? — Не, я б так не сказаў. Хакей займаў у той час значнае месца ў маім жыцці. А калі ты думаеш толькі пра хакей, а ў цябе ў ім нічога не атрымліваецца, гэта вельмі прыгнятае. — Ці не было нараканняў на Бога ў цяжкія хвіліны? — Не, такога ніколі не было. Я заўсёды працягваў верыць і спадзявацца на лепшае. — Ці ведалі сябры па хакейных дружынах і трэнеры пра тваю практыку веры альбо ты трымаў гэта пры сабе? Можа, сярод іх былі твае аднадумцы ці адзінаверцы? — Не магу сказаць, што я хадзіў і ўсім распавядаў, што я католік, але і не ўтойваў. Тыя людзі, якія кантактавалі са мной больш цесна «па-за лёдам», ведалі. Сяброў сваіх я заўсёды запрашаў у касцёл, але, на жаль, ніхто не загарэўся гэтым. — Але цябе разумелі, ніхто з тваёй веры не смяяўся? — Хтосьці смяяўся, хтосьці ставіўся з разуменнем — усе людзі розныя і рэакцыя ва ўсіх розная. — А ці ёсць у мінскім «Дынама» католікі, акрамя цябе і галоўнага трэнера Любаміра Покавіча, якога часта можна заўважыць у касцёлах Мінска разам з жонкай? — Ведаю, што яны ёсць — гродзенскія хлопцы, напрыклад. Але, наколькі я ведаю, яны не асабліва практыкуюць. — Якія твае найбольш яскравыя ўспаміны з каталіцкага юнацтва? — Юнаком я тры гады жыў у Салігорску, быў нападаючым у ХК «Шахтар» і належаў да душпастырства моладзі ў мясцовай парафіі. Канешне, у сувязі з частымі трэніроўкамі і выездамі я не мог удзельнічаць ва ўсіх мерапрыемствах, якія арганізоўваліся для моладзі, але аднойчы ўдзельнічаў у каляднай містэрыі. Святкаванне Божага Нараджэння, калядная стаенка ў Салігорску — гэта проста грандыёзна! Але найлепшыя ўспаміны ў мяне звязаныя з віцебскім дамініканскім касцёлам святой Барбары. Я гуляў у ХК «Віцебск» у сезоне 2012–2013 гадоў і, калі першы раз прыйшоў у той касцёл, вельмі глыбока адчуў Божую прысутнасць. Гэта складана растлумачыць, але калі ўпершыню спавядаўся ў віцебскім касцёле і зазірнуў у вочы святару, мне падалося, што я бачу там Бога. Такое я перажываў толькі аднойчы і не ўпэўнены, што гэта можа паўтарыцца. Яшчэ мне вельмі падабаюцца службы, якія цэлебруе айцец Тамаш Міка OP. Мне здаецца, у Віцебску я канчаткова знайшоў сваю веру. Сорамна прызнацца, але тут, у Мінску, здараецца, што думкі падчас Імшы дзесьці блукаюць, а калі бываю ў Віцебску, то заўсёды максімальна засяроджаны. Айцец Тамаш — вельмі сур’ёзны і глыбокі святар. Знаёмства з ім закранула струны маёй душы на такой глыбіні, якой не даводзілася дасягаць ніколі раней. — Вядома, што хакей — гульня кантактная, жарсная, сапраўды «мужчынская», часам даволі агрэсіўная. Хакеістам даводзіцца выкарыстоўваць сілавыя прыёмы, якія могуць закончыцца траўмаю. А бойкі на лядовай пляцоўцы — гэта частка своеасаблівага шоў, якое забаўляе многіх гледачоў. Некаторыя хлопцы нават займаюцца боксам у міжсезонне, каб потым мець поспех на «полі бітвы». Як гэта суадносіцца з хрысціянскай любоўю да бліжняга? — Насамрэч, трэба разумець, што, гуляючы ў хакей, мы не імкнёмся прычыніць камусьці шкоду. Сілавыя прыёмы — гэта частка гульні, тут існуюць свае правілы. Ніхто не хоча нікога забіць ці траўмаваць. У хакей гуляюць здаровыя, моцныя мужчыны. — Быць можа, ведаючы гэта, хрысціяніну варта трымацца далей ад удзелу ў такіх відах спорту, каб не траўмавацца самому і не стаць прычынай калецтва іншага чалавека? Усё ж мы маем пятую запаведзь: «Не забівай». — У жыцці бывае столькі розных нечаканых сітуацый, і каб нічога не здарылася, атрымліваецца, што ўвогуле нельга з дому выходзіць! Нядаўна ў касцёле святой Барбары святар распачаў Імшу словамі: «Дэвіз сённяшняй Імшы — We will fight! Мы будзем біцца!» Ён меў на ўвазе, што хрысціянін у наш час, як ніколі, павінен быць моцным, каб штодзённа змагацца са спакусамі і грахом. — Хакеісты часта кажуць, што заўзятар — гэта сёмы гулец на лядовай арэне. І сапраўды, добрыя заўзятары не проста так сядзяць, забаўляючыся відовішчам, але суперажываюць гульцам і моляцца, хто як умее. А гульцы адчуваюць іх падтрымку і вельмі часта выказваюць глыбокую ўдзячнасць у інтэрв’ю і сацсетках. Але хакейныя матчы плэй-офф (фінальная частка чэмпіянатаў), як правіла, супадаюць з перыядам Вялікага посту ў розных хрысціянскіх канфесіях. Аднойчы я гутарыла з адным святаром, які вельмі любіць і шануе спорт, і мы паспрачаліся, ці можа католік-заўзятар наведваць матчы плэй-офф у пост і падтрымліваць улюбёную дружыну або павінен ахвяраваць сваім удзелам у гучных забавах, як гэта прадпісвае Касцёл. Меркаванне святара было адназначным: не можа! Адна справа, сказаў ён, калі спартовец або трэнер з’яўляецца католікам і хадзіць на хакей — яго праца, і зусім іншая, калі гэта датычыць гледача. Але ж без заўзятараў хакей не мае сэнсу! І мы з паважаным святаром не прыйшлі тады да згоды. А што думаеш ты? — Я думаю, тут кожны павінен шукаць адказ у сваім сэрцы — калі ты лічыш, што гэта няправільна, лепей не хадзіць на матчы. Не бачыш нiчога дрэннага — падтрымлiвай! У Бібліі напісана, што кожны будзе ацэнены паводле ўчынкаў, паводле сумлення. Таму кожны павінен сам вырашаць. — Напэўна, вельмі цяжка або нават немагчыма займацца хакеем і не жыць ім напоўніцу. Як хакеісту або заўзятару ўсцерагчыся, каб не стварыць для сябе гэткага хакейнага бажка? — Так, для большасці гульцоў хакей — гэта ўсё. Ад адной толькі думкі аб завяршэнні кар’еры многіх кідае ў жах. Хакеісты нават баяцца думаць, чым яны будуць займацца, павесіўшы канькі на цвік. Я ўжо скончыў кар’еру гульца, і мне гэта бачыцца не такім істотным, як раней. — Калі хакеіст верыць у Бога, напэўна, ён не стане ўпадаць у дэпрэсію, калі вымушаны будзе развітацца з хакеем, не будзе думаць, што яго жыццё скончанае? — Не ведаю. Мне здаецца, большасць хакеістаў, нават калі яны вераць у Бога, у такі момант будуць дэпрэсаваць. Я, напрыклад, калі быў гульцом, вельмі цяжка перажываў асабістыя няўдачы. — Ты ў досыць маладым веку скончыў гуляць. Чаму? — Напрыканцы сезону 2013–2014 гадоў мяне запрасілі на працу трэнерам па фізічнай падрыхтоўцы. Тады я ўжо амаль не атрымліваў задавальнення ад самой гульні ў хакей, а новыя абавязкі мне вельмі спадабаліся, і, крыху падумаўшы, я выкарыстаў гэты шанец. — Канадзец Грэг Сатч, які скончыў кар’еру гульца ў 22 гады, заняўся журналістыкай і ў сваіх артыкулах узняў важныя пытанні жыцця і развіцця хакеіста: «Калі хтосьці адчувае, што гульня больш не прыносіць яму радасці, на яго могуць павесіць цэтлік “мяккацеласці”, бо добры хакеіст павінен перамагаць сябе. І ў такой атмасферы ўзрастае пакаленне за пакаленнем. Яны хаваюць свае страхі, пачуцці, эмоцыі глыбока ўнутры. Ты сціснеш зубы і будзеш гуляць за капейкі ў ніжэйшых лігах, бо шмат для каго хакей — гэта ўсё, што яны ведаюць». Сатч апавядае, як на адным з семінараў іх, хакеістаў, папрасілі напісаць пяць важных для іх рэчаў у жыцці з умоваю, што нельга ўпісваць хакей, сям’ю і сяброў. Пасля 20 хвілінаў роздумаў Грэг з жахам зразумеў, што нічога не можа напісаць! У той дзень ён сур’ёзна задумаўся пра тое, што мусіць развіваць сябе як асобу. Уладзіслаў, а мог бы ты назваць пяць важных для цябе рэчаў, апроч сям’і, сяброў і хакею? — Першае — гэта вера ў Бога. Другое, на сёння — навука. Я паспяхова скончыў магістратуру Універсітэта фізкультуры, пішу кандыдацкую дысертацыю, так што навуковая дзейнасць для мяне — немалаважная частка жыцця. Трэцяе — вандроўкі. Я люблю вандраваць і па Беларусі, і за мяжой. Нядаўна мы з сябрамі ездзілі па Гродзенскай вобласці, наведалі восем мястэчак, паглядзелі на велічныя касцёлы. Чацвёртае — гэта самаразвіццё, і ў навуковай сферы, і духоўнае асабістае ўзрастанне. А пятае — мне хацелася б бескарысліва чыніць дабро, можна назваць гэта дабрачыннасцю. Я не ўпэўнены, што ў мяне гэта цалкам атрымліваецца, але хачу над гэтым працаваць. — Ці чуў ты калі-небудзь пра The Flying Fathers (лётаючых айцоў)? Гэта канадскія каталіцкія святары, якія ездзяць па Паўночнай Амерыцы з паказальнымі хакейнымі матчамі з дабрачыннай мэтай. Яны атрымалі вялікую папулярнасць, правёўшы за час свайго існавання больш за 900 матчаў, за якія яны сабралі больш за 4 мільёны даляраў на дабрачыннасць. — Я чуў толькі пра выдатнага брамніка з Польшчы Паўла Лукашку, які гуляў за зборную сваёй краіны на Алімпійскіх гульнях у 1980 годзе, а пасля заканчэння кар’еры стаў святаром. Цiкава, што яго першая Імша была на хакейным стадыёне! Таксама ведаю пра аб’яднанне вернікаў-хакеістаў Hockey Ministries International (Міжнароднае хакейнае служэнне). Яно арганізоўвае дзіцячыя хакейныя летнікі з удзелам святароў, і дзеці атрымліваюць там і спартовае, і духоўнае развіццё. — Такія аб’яднанні нясуць ідэю евангелізацыі праз хакей. Як ты лічыш, ці магчыма штосьці падобнае ў нашай краіне? — У нашых умовах такое малаверагодна, хаця б па той прычыне, што ў нас ніколі не будзе дастаткова ксяндзоў з прафесійным хакейным мінулым, каб набраць з іх паўнавартасную дружыну. Але для мяне евангелізацыя праз хакей — гэта трохі іншае. Гэта значыць прафесійна і адказна ставіцца да сваёй працы, цалкам аддаваць свае сілы ў кожнай трэніроўцы і гульні; усім сэрцам гуляць у шчыры хакей, як кажуць самі гульцы — «грызці лёд»; быць мужным і самаадданым — не падаць духам, а працягваць гуляць нават тады, калі табе толькі што разбілі твар. Напрыклад, мяне вучылі, што ляжаць на лёдзе хакеіст можа толькі тады, калі сапраўды самастойна не можа падняцца. Яшчэ для мяне евангелізацыя ў хакеі — гэта з павагаю ставіцца да партнёраў, персаналу, супернікаў і заўзятараў; пазбягаць несумленных сродкаў для дасягнення перамогі — допінгу, грубых парушэнняў правілаў і ўсяго падобнага; быць прыкладам па-за лёдам — высокамаральным сем’янінам, які трымаецца здаровага ладу жыцця; імкнуцца быць адкрытым і добрым чалавекам, робячы ўсё, што ад цябе залежыць. Чаму я стаўлю гэтыя рэчы на першае месца? Бо калі евангелізуе святар — гэта звычайная справа, і гэта не так кідаецца ў вочы. А вось за ўлюбёнымі спартоўцамі мы можам назіраць кожны тыдзень, і калі яны сапраўды з’яўляюцца добрым узорам на лёдзе і па-за ім — гэта вялікая справа! У іх учынках мы можам убачыць сапраўднага Бога. — А як ты ўяўляеш паглыбленне веры? — Гэта малітва, чытанне духоўнай літаратуры, разважанне. Хто хоча, той заўсёды знойдзе час і магчымасць памаліцца. Увогуле, я лічу, што адгаворкі кшталту «няма часу» ці «няма магчымасці» — гэта несур’ёзна, хоць я і сам іншым разам так кажу. Але калі нечага моцна хочаш — абавязкова дасягнеш. Калі я задумаў напісаць кнігу пра хакей, то мусіў пісаць яе начамі, бо іншага часу не было. Калі пачытаць біяграфіі паспяховых людзей — амаль усе пачыналі з нуля і ўсяго дабіліся цяжкай працай. — Калі ў раннім узросце да чалавека прыходзіць папулярнасць, мне здаецца, у ім не можа не ўзнікнуць пыха. Ці было штосьці падобнае з табой і як ты перажываў гэта? Вядома, што пыха — гэта грэх, але, напэўна, у спорце цяжка з гэтым не сутыкнуцца. — Так, я нават не буду ўтойваць, мне заўсёды хацелася быць вядомым, знакамітым, і асабліва ў дзяцінстве — цяпер я ўжо паспакайнеў. Сёння я больш упэўнены ў сабе, але і не ўзвышаюся над іншымі. Я цешуся, калі нехта дасягае асаблівых вышыняў, галоўнае пры гэтым заставацца чалавекам. Многія знакамітыя спартоўцы ў асабістым жыцці вельмі простыя і цікавыя людзі, з якімі адчуваеш сябе ўтульна. — А ці былі ў цябе хакейныя куміры? — Не, ніколі не было, мне заўсёды хацелася праявіць індывідуальнасць. Да таго ж, сказана: «Не ствары сабе куміра». — Дык ці можна прыйсці праз хакей да Бога і праз Бога да хакею? — Да Бога можна прыйсці адусюль і праз Яго ў кожнае месца, куды Ён захоча. Прынамсі, мне так здаецца. Бог стварыў людзей і… даў сваю згоду на стварэнне хакею! Размаўляла Алена Снітка. Часопіс Ave Maria. (АлГ) |