Старшыня беларускага епіскапату Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які
ўзначальвае Нацыянальную пілігрымку ў Ізраіль, адказаў на пытанні
Catholic.by пра значэнне гэтай пілігрымкі, а таксама ўзгадаў іншыя
малітоўныя падарожжы ў сваім жыцці.
«Як пасланцы Беларусі, мы павінны даваць сваё малітоўнае сведчанне»
— Ваша Эксцэленцыя, на Святой Зямлі Вы не ўпершыню. А якім быў Ваш самы першы раз?
— Упершыню Святую Зямлю я наведаў у 1991 годзе. У Рыме тады праходзіў першы Сінод Біскупаў Еўропы. Па завяршэнні Сінода нам паведамілі, што Ватыкан арганізоўвае пілігрымку для біскупаў на Святую Зямлю — можна было запісацца. Нас паехала тады шэсць чалавек, прычым амаль усе з былога СССР. Вядома, мы ехалі з вялікай ахвотай: усё было для нас новым.
Памятаю, сэрца пераймала, калі нам дазволілі цэлебраваць Імшу ў гроце базылікі Звеставання, дзе ўласна і адбылася падзея, якая стала пачаткам практычнай рэалізацыі Божага плану збаўлення. Гэта было незабыўна!
Вельмі яскрава памятаю і візіт у базыліку Пустога гробу — месца пахавання і ўваскрасення Езуса, крыніца хрысціянскай веры.
— Наколькі адрозніваюцца адчуванні ад наведвання Святой Зямлі з кожным новым разам?
— Новы візіт — гэта кожны раз новая падзея. Калі мне давялося быць на Святой Зямлі другі раз, то гэта былі ўжо іншыя месцы. Кожны свой прыезд на Святую Зямлю я стараюся перажываць па-новаму, а для гэтага стараюся прынесці ў пілігрымку нешта новае.
Напрыклад, мы цэлебруем святую Імшу на Полі пастухоў, што робяць не ва ўсіх пілігрымках. У 2010-м цэлебравалі Імшу ў Вячэрніку. Звычайна гэта не дазваляецца, але мы загадзя захапілі з сабою ўсе неабходнае для літургіі, таму ніхто не пярэчыў. Пры гэтым выкарыстоўвалі камп'ютар. Тое ж і з Крыжовым шляхам: бяром сапраўдны крыж і нясём яго. Заўсёды прашу святароў, каб адмыслова рыхтавалі разважанні для Крыжовага шляху на Святой Зямлі. Варта згадаць і раку Ярдан, дзе пілігрымы аднаўляюць сакрамэнт хросту, а таксама Кану Галілейскую, дзе сужэнскія пары з ліку пілігрымаў аднаўляюць абяцанні, дадзеныя падчас шлюбу.
У 1960-х благаслаўлёны Павел VІ падчас сваёй пілігрымкі ў Святую Зямлю зачэрпнуў з ракі Ярдан ваду і гэтай вадой перахрысціўся. Цяпер кожны раз я таксама так раблю (усміхаецца — заўв. аўт.) і заахвочваю да гэтага пілігрымаў.
Да асаблівых момантаў адношу і 2000 год, калі на Святой Зямлі праводзіліся Сусветныя рэкалекцыі святароў, на якія мяне запрасілі выступіць з дакладам. Я расказаў пра сваё пакліканне і святарскае служэнне. Святароў было паўтары тысячы — мы плылі па Галілейскім возеры на двух вялікіх караблях і на іх цэлебравалі Эўхарыстыю.
— У чым асаблівасць сёлетняй Нацыянальнай пілігрымкі на Святую Зямлю?
— Нашы Нацыянальныя пілігрымкі на Святую Зямлю і асвячэнне памятных дошак з тэкстамі на беларускай мове — падзеі, якіх раней не было. Гэта сляды сталай прысутнасці беларускага Касцёла і беларускай культуры на Святой Зямлі.
Сам факт удзелу ў Нацыянальнай пілігрымцы павінен быць гонарам для кожнага хрысціяніна і кожнага католіка, бо наведванне месцаў, дзе жыў Хрыстус — гэта магчымасць дакрануцца да каранёў і вытокаў хрысціянскай веры. І, як расліна ажывае, калі яе караням даць ваду, так і наша вера ўзмацняецца, калі мы наведваем Святую Зямлю — калыску хрысціянства.
Прадстаўляючы Беларусь у гэтай пілігрымцы, мы, як пасланцы Беларусі, павінны даваць сваё малітоўнае сведчанне.
— Ці памятаеце Вы сваю першую пілігрымку? Куды яна адбылася і калі?
— Першая пілігрымка ў маім жыцці адбылася, калі мне было 12-13 гадоў. Тады я быў міністрантам у родным Адэльску. Наш пробашч кс. Пётр Барташэвіч арганізоўваў пілігрымку ў Вільнюс да Вострай Брамы. Туды мы ехалі на звычайнай машыне. Пра тое месца я, вядома, чуў — абраз Маці Божай Вастрабрамскай вісеў у нашай хаце.
І я быў такі шчаслівы, што ўбачу Вострую Браму! А калі давялося і служыць міністрантам у санктуарыі — радасці і хвалявання не было межаў! Праз 20 гадоў я вярнуўся ў Вострую Браму ўжо вікарыем…
Тады і шмат разоў пасля, наведваючы Кальварыю, бачыў, як людзі вялі Крыжовы шлях па памяці — многія капліцы былі ўзарваныя…
— Калі падлічыць Вашы пілігрымкі, колькі атрымаецца ўсяго? І якія месцы Вы хацелі б яшчэ наведаць?
— Калі казаць пра замежжа, то я шмат дзе быў у Польшчы, Італіі, Святой Зямлі, Партугаліі, Францыі, ЗША і Германіі. У цэлым здзейсніў каля 25-30 пілігрымак. А не быў яшчэ ў Гвадэлупе. Таксама хацеў бы наведаць Ля Салет.
— А якая пілігрымка стала самай незвычайнай для Вас?
— Відаць, тая, якую мы зладзілі падчас сустрэчы моладзі ў амерыканскім Дэнверы ў 1993 годзе.
Як біскуп я адказваў за катэхезу для рускамоўнай групы. Нашы заняткі праходзілі ў прыгарадзе, а наступны пункт праграмы павінен быў пачынацца ў самім Дэнверы — а гэта каля 20 км ад нас. Я прапанаваў ісці ў Дэнвер пешшу, і… моладзь згадзілася. Было горача, але мы пайшлі.
Ужо на месцы сустрэчы з Янам Паўлам ІІ, убачыўшы мяне, служба аховы дзівілася: «Біскуп? Адкуль узяўся?» Я і кажу: прыйшоў пешшу. Яны не паверылі, бо біскупы зазвычай прыязджалі ў горад на асобным аўтобусе, абсталяваным кандыцыянерамі.
Людзі са службы аховы не маглі паверыць, што я — біскуп — прыйшоў пешшу. Яны выклікалі хуткую, паклалі мяне на каталку і пачалі мерыць ціск. Пасля ледзьве адпусцілі (смяецца — заўв. аўт.).
На зваротным шляху ў тым самым аўтобусе для біскупаў мяне ўжо афіцыйна папрасілі правесці яшчэ адну пешую пілігрымку — маўляў, вопыт ужо маю (усміхаецца — заўв. аўт.).
І пілігрымка тая адбылася. Чатырохдзённы шлях пралягаў з дыяцэзіі Нуарк да санктуарыя Маці Божай Чэнстахоўскай (у ЗША таксама ёсць такі санктуарый). Памятаю, вельмі ўразіла арганізацыя пілігрымкі: тэхнічна ўсё было зроблена на вышэйшым узроўні.
— У наступным годзе Паўсюдны Касцёл адзначае 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай. Распавядзіце пра свой вопыт пілігрымавання ў Фаціму.
— Фацімскую пілігрымку магу назваць асаблівай для сябе. У 1991 годзе, калі мы прыбылі ў Фаціму, то да мяне, як біскупа з Расіі, падышлі аператары з тэлебачання. Яны якраз ладзілі тэлемост «Фаціма-Чырвоная плошча». Памятаеце фацімскія аб’яўленні і словы пра Расію «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе»?
Гэта была нечаканая, але вельмі кранальная падзея для мяне: быць на месцы аб’яўленняў Маці Божай і ў рэжыме рэальнага часу бачыць Чырвоную плошчу ў Маскве. Дарэчы, праз некалькі месяцаў СССР спыніў сваё існаванне...
Падчас той пілігрымкі мне ўдалося пабачыцца і паразмаўляць з сястрой Люцыяй, якая была адной з трох дзяцей, якім у Фаціме аб’явілася Маці Божая. На сустрэчу з с. Люцыяй патрабаваўся дазвол ад Кангрэгацыі Веравучэння, якую тады ўзначальваў будучы Папа Бэнэдыкт XVI — кардынал Ёзэф Ратцынгер. Дазвол я атрымаў.
Памятаю, некалькі разоў с. Люцыя перапытала мяне, ці сапраўды я арцыбіскуп з Масквы. Яна была вельмі ўсцешаная і перадала мне фігурку Маці Божай Фацімскай у падарунак Патрыярху Маскоўскаму Алексію ІІ — каб «разам бараніць хрысціянскія каштоўнасці». Яе просьбу я выканаў. — Папа Рымскі — адзін з тых пілігрымаў, якога хацеў бы, напэўна, бачыць у сваёй краіне кожны католік. А якім Вы бачыце яго пілігрымку ў Беларусь?
— Такая пілігрымка была б ушанаваннем беларускай зямлі, католікаў і праваслаўных, а таксама беларусаў іншых канфесій, якія не страцілі веру ў савецкія часы пераследу і цяпер яе адраджаюць.
Гэта быў бы знак удзячнасці і прызнання тых людзей, якія баранілі веру ў Хрыста на гэтых землях, а таксама прызнанне заслуг Касцёла ў Беларусі і ўмацаванне веры людзей.
Гэта быў бы знак пацвярджэння міжхрысціянскіх і міжрэлігійных адносін. Прыезд Папы ў Беларусь быў бы знакам вялікай павагі для ўсёй краіны, а таксама развіццём адносін паміж грамадствам і дзяржавай, мэта якіх — у выхаванні добрасумленных хрысціян і грамадзян. Для моладзі, якая сёння стаіць на раздарожжы, гэта быў бы знак, які ўказваў бы на шлях да Хрыста.
Я вельмі спадзяюся, што такая пілігрымка Пантыфіка ўсё ж адбудзецца. Але на ўсё воля Бога, мы можам толькі маліцца ў гэтай інтэнцыі. Гутарыў Ілья Лапато
|